Заставацца здаровым дапаможа ВАКЦЫНАЦЫЯ

Безопасность и здоровье

Грып – найбольш масавая вірусная інфекцыя, распаўсюджаная ва ўсім свеце. Пра гэту хваробу людзі ведаюць шмат. Аднак перад надыходам сезоннага пад’ёму захворвання не лішнім будзе нагадаць пра меры перасцярогі яшчэ раз.

Грып надзвычай заразны. Вірус выдзяляецца хворым нават тады, калі адсутнічаюць сімптомы хваробы. Таму ў класе, дзетсадаўскай групе грып распаўсюджваецца вельмі хутка. Лячэнне ўскладняецца і тым, што вірус пастаянна мяняецца. І арганізм чалавека не паспявае набыць імунітэт да ўсіх генетычна розных варыянтаў, а паддаюцца гэтай хваробе абсалютна ўсе.

Самым небяспечным застаецца тое, што грып прыводзіць да шматлікіх ускладненняў, нягледзячы на адэкватнае лячэнне. І праяўляюцца негатыўныя наступствы ўжо на 2-3 дзень хваробы. Гэта могуць быць пнеўманіі, востры рэспіратарны дыстрэс-сіндром (лятальнасць 40 працэнетаў), атыты, сінусіты, энцэфаліты, неўрыты, інфекцыйна-таксічны шок, збоі ў рабоце сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Усё часцей падчас эпідэміі грыпу фіксуюцца выпадкі смерці дзяцей і моладзі. У групе асаблівай рызыкі – дзеці ва ўзросце да 5-і гадоў. Хвароба ў малых пачынаецца востра. Дзіця становіцца вялым, рэзка павышаецца тэмпература цела, праяўляюцца сімптомы інтаксікацыі. Ліхаманка працягваецца звычайна 3-4 дні. Лекі збіваюць тэмпературу толькі на кароткі тэрмін, парацэтамол ці ібупрафен патрабуецца прымаць некалькі разоў. Хворы малыш скардзіцца на моцны галаўны боль, мышачныя і сустаўныя болі, моцна пацее. Нярэдка прысутнічаюць такія сімптомы, як боль у вачах, боязь святла.    

У першыя дні хваробы практычна адсутнічаюць запаленчыя змяненні з боку верхніх дыхальных шляхоў. Сухі кашаль, боль за грудзінай, закладзенасць носа, пяршэнне ў горле звычайна далучаюцца пазней.

Пры спрыяльным лячэнні хвароба адступае за тыдзень. Але на працягу 2-3 тыдняў могуць праяўляцца слабасць, хуткае стамленне, раздражняльнасць, галаўны боль.

Поспех лячэння залежыць ад многіх прычын. У першую чаргу – ад своечасовай і правільнай дыягностыкі з прымяненнем разнастайных аналізаў. Усе працэдуры і медыкаменты павінен падабраць урач. А бацькі павінны паклапаціцца, каб дзіця прытрымлівалася парад. Сачыце, каб хворы часта і многа піў вады ці несалодкіх напіткаў пакаёвай тэмпературы. Чым больш дзіця п’е, тым лягчэй яго арганізму змагацца з  інтаксікацыяй і жарам. Пры грыпе нельга карміць насільна! Прапаноўвайце лёгкія, нятлустыя стравы невялікімі порцыямі. Абавязкова выконвайце пасцельны рэжым і абмяжоўвайце фізічныя нагрузкі. Падтрымлівайце ў памяшканні чысціню: своечасова праветрывайце, двойчы на дзень рабіце вільготную ўборку.

Вельмі важна не дапусціць распаўсюджванне хваробы. Пастарайцеся максімальна ізаліраваць хворага хаця б на 7 дзён. Безумоўна, наведваць школу, дзіцячы сад і масавыя мерапрыемствы пры грыпе недапушчальна. 

Якім бы страшным ні быў вірус грыпу, яго можна пазбегнуць. І найлепшы спосаб – вакцынацыя. Яе можна праходзіць дзецям, пачынаючы з 6-месячнага ўзросту. Дзейснымі прафілактычнымі мерамі застаюцца здаровы лад жыцця, збалансаванае харчаванне, прагулкі на свежым паветры.

Матэрыял па Інтэрнет-звестках падрыхтаваны ДУ “Валожынскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *