Імя лепшага «Уладара вёскі» краіны аб’явілі ў Ракаве

Аграрный сектор и промышленность Важное Главное Культура Общество

За права звацца лепшымі «Уладарамі вёскі» ва ўсёй краіне сёлета змагаліся сем’і Аляксандра і Марыі Навіцкіх (аграгарадок Вулька-2 Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці), Аляксандра і Алены Цяцера (аграгарадок Кушлікі Полацкага раёна Віцебскай вобласці), Барыса і Юліі Яраш (аграгарадок Крынічны Мазырскага раёна Гомельскай вобласці), Віктара і Наталлі Янковічаў (гарпасёлак Астрына Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці), Пятра і Вольгі Мячкоўскіх (аграгарадок Лебедзева Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці), Васіля і Кацярыны Фядотавых (аграгарадок Барчыцы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці). Усе фіналісты на гэтым здымку. У цэнтры адзін з прадстаўнікоў арганізатараў конкурсу – намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір ГРАКУН.

28 верасня ў аграгарадку Ракаў на Валожыншчыне прайшлі фінальныя спаборніцтвы аднайменнага штогадовага рэспубліканскага сельскагаспадарчага сямейнага праекта. Расказваем, як праходзіла мерапрыемства.

Урачыстае адкрыццё фіналу рэспубліканскага конкурсу прайшло пры ўдзеле першага сакратара ЦК БРСМ Дзмітрыя Варанюка, намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Уладзіміра Гракуна, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Наталлі Якубіцкай, старшыні раённага выканаўчага камітэта Яўгена Круковіча, многіх іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, вядомых і папулярных у краіне медыйных асоб. Кожны палічыў за абявязак павіншаваць канкурсантаў і пажадаць ім выразнай, яркай перамогі.

Пасля ўрачыстага адкрыцця свята адбылася патрыятычная акцыя «Беларусь памятае». Удзельнікі конкурсу і госці мерапрыемства ўсклалі кветкі да мемарыялу «У памяць загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны». Таксама дзякуючы фіналістам конкурсу ў Ракаве з’явілася новая алея сямейных дрэў. Маладзенькія туі будуць добрым напамінам пра ўладароў вёскі 2019 года.


На фота – суседзі-маладзечанцы Мячкоўскія ў час самапрэзентацыі моцнай і дружнай сям’і.

Пажаданні арганізатараў конкурсу, як кажуць, знайшлі водгук у душах фіналістаў. Моцны зацяжны дождж не здолеў «астудзіць пыл» нашых уладароў вёскі: страсці з кожным новым этапам спаборніцтваў толькі разгараліся… Але пра тое трошкі пазней.

Неабходна адзначыць, што фіналам рэспубліканскага сямейнага праекта завяршыўся Рэспубліканскі форум сельскай моладзі, які некалькімі днямі раней адкрыўся ў сталіцы. Цэнтральнымі ж героямі традыцыйнага папулярнага конкурсу сталі 6 сем’яў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта маладыя людзі абсалютна розных прафесій. У ліку фіналістаў апынуліся трактарысты-машыністы, жывёлаводы, паляводы, педагогі, эканамісты і нават анестэзіёлаг-рэаніматолаг (дарэчы, гэта прадстаўнік нашай вобласці, Пётр Мячкоўскі з Маладзечанскага раёна). Кожны з гэтых умелых, працавітых, таленавітых беларусаў аднойчы вырашыў для сябе жыць у вёсцы, весці гаспадарку, захоўваць да сваіх палавінак вернасць і павагу, гадаваць дзетак у любові і згодзе і на ўласным прыкладзе прывучаць іх шанаваць вясковы быт, любіць вёску.

Вось такая экспазіцыя вітала ўдзельнікаў фэсту

Па ўмовах конкурсу, кожная сям’я павінна была ў тэатралізаванай форме прадставіць сябе, традыцыі, якія пануюць у доме, а таксама прэзентаваць выставу ўласных дасягненняў. Гармонікі, бубны, спевы, вершы і жарты, дамашнія стравы – у ход ішло ўсё.

Як жа сярод роўных выявіць лепшых? Ды элементарна! Сем’ям прапанавалі распілаваць за адведзены час бярвёны ручной пілой, насекчы з атрыманых калодак дровы і складзіраваць іх у паленніцу.

А затым – прыгатаваць вясковыя прысмакі: распаліць спецыяльна падрыхтаваную калоду і на тым агні спячы нашы любімыя спрадвечнабеларускія дранікі.


Распаліць пад дажджом калоду і насмажыць дранікі было няпроста! Але канкурсанты справіліся!

А перад усім гэтым сем’і «паспрачаліся», хто з гаспадароў хутчэй і лепш за астатніх зробіць са звычайнай дошкі днушку, і якая з гаспадынь найпрыгажэй яе размалюе…


Адным са складальнікаў фінальных спаборніцтваў быў конкурс на хуткасны выраб днушкі з дапамогай сякеры і яе мастацкае ўпрыгожванне. Атрымалася займальнае відовішча.

Хто ж перамог?.. Ды ўсіх фіналістаў можна з поўным правах назваць пераможцамі. Арганізатары конкурсу – Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі, Міністэрствы сельскай гаспадаркі і харчавання, адукацыі, Мінскі аблвыканкам, Валожынскі райвыканкам, а таксама партнёры праекта «Уладар вёскі» Белаграпрамбанк і Беларускі саюз жанчын пры пры падтрымцы ААТ «Слодыч» і СП «Беліта» ТАА ў падарунак для ўсіх сем’яў-удзельніц заключнага этапу спаборніцтваў падрыхтавалі грашовыя сертыфікаты ў памеры 80 базавых велічынь кожны, горныя веласіпеды, а дзеткам – цацкі. За другое і трэцяе месцы сем’ям дадаткова ўручылі бытавую тэхніку.

А вось галоўных прызёраў называць не спяшаліся: цудоўныя вядучыя свята вялікія прафесіяналы і да апошняга ўмела падтрымлівалі інтрыгу.

Балельшчыкі на плошчы гучна скандзіравалі імёны сваіх куміраў і ўсяляк стараліся, каб менавіта іх пратэжэ назвалі лепшымі. Але кампетэнтнае журы, падсумаваўшы балы па выніках усіх конкурсаў, ужо мела свой погляд на гэты конт – і нарэшце яго агучыла.

Права ў наступным годзе прымаць чарговы конкурс на свай зямлі, ганаровае званне «Уладар вёскі-2019», а таксама галоўны прыз сёлетняга фэсту – культыватар – атрымала сям’я Васіля і Кацярыны ФЯДОТАВЫХ з Магілёўшчыны! Далучаемся да ўсіх віншаванняў і спадзяёмся, што цудоўная перамога яшчэ больш згуртуе гэтых дружных, спрытных і ўмелых людзей, гледзячы на якіх, верыцца: ВЁСЦЫ – ЖЫЦЬ!

Святочныя моманты:

Жадаючых паглядзець на спаборніцтвы і балельшчыкаў прыехала ў Ракаў багата.

Настрой і пазітыў дарылі ўсім, хто завітаў на рэспубліканскі конкурс, творчыя калектывы Мінскай вобласці.

Гаспадары аграсядзібы «Налібоцкія васількі» Васіль і Марыя ШАКУНЫ частавалі гасцей адмысловай «фірменнай» шурпой.

Райспажыўтаварыства для ўдзельнікаў свята падрыхтавала багаты асартымент апетытных пачастункаў, якія карысталіся павышаным попытам і разыходзіліся ўвачавідкі.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *