Што новага на Валожыншчыне? Чытайце ў нашай пастаяннай рубрыцы

Региональные новости


З 24 па 27 верасня ў Смаленску адбыўся Усенародны міжрэгіянальны героіка-патрыятычны фестываль творчасці сярод інвалідаў “Памяць сэрца”, прысвечаны Дню вызвалення Смаленска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У дэлегацыі ад нашай краіны было шэсць чалавек, у тым ліку старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Віктар Альгердавіч Субач.

Фішкай нашай дэлегацыі былі дзяўчаты, якія выконвалі танцы на інвалідных калясках. Форум праходзіў непасрэдна ў санаторыі “Чырвоны Бор” пад Смаленскам. Былі прадстаўлены ўсе расійскія гарады-героі, а таксама Беларусь. Сярод танцоўшчыц былі і дзве колішнія выхаванкі Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната, сваім выступленнем яны пакарылі гледачоў. У рэпертуары творчага калектыву мноства разнастайных танцаў. Удзельнікі атрымалі ад арганізатараў Дыпломы першай ступені і каштоўныя падарункі. Адзін з дзён цалкам прысвячаўся знаёмству са Смаленскам, яго славутасцямі, музеямі.

 

Больш за 3 тоны мёду сабралі сёлета гаспадаркі і фермеры Валожынскага раёна. Асабліва шмат яго адпампавалі ў вясенне-летні перыяд. Потым настала неспрыяльнае для працаўніц-пчол надвор’е. І асенняга мёду пчаляры практычна не дачакаліся.

Рэкардсменам па здабычы духмянага каштоўнага прадукту стала фермерская гаспадарка з адпаведнай назвай “Мядовая каралева”. На рахунку гаспадароў Хаўрук трэцяя частка ўсяго здабытага сёлета мёду – 1000 кілаграмаў ад 50-і пчаласем’яў. Пчальнікі ёсць у сямі сельгаспрадпрыемствах раёна. Ад 35 сем’яў сабралі 338 кілаграмаў прадукту ў ААТ “Агра-Дубінское”, у КСУП “Пяршаі-2014” – 400 кілаграмаў ад 75 сем’яў, па 250 кілаграмаў ад 25 сем’яў нарыхтавалі ў ААТ “Суднікаўскі” і КУП “Сівіца”. 150 кілаграмаў прадукту прынеслі 15 пчаліных сем’яў у КСУП “Сакаўшчына-Агра”, 220 – 45 сем’яў у ДП “Падбярэззе” і 100 кілаграмаў нарыхтавалі ў КСУП “Валожынскае”, дзе налічваецца 31 сям’я. 300 і 260 кілаграмаў мёду на рахунку фермерскіх гаспадарак “Свет пчол” і “Мядовае багацце”, дзе ўтрымліваюць 15 і 25 сем’яў. Цяпер асноўная задача – рэалізаваць прадукцыю падчас восеньскіх сельгаскірмашоў.

 

На мінулым тыдні 27 і 28 верасня Валожыншчына стала месцам правядзення Рэспубліканскага форуму сельскай моладзі, а ў рамках яго і фіналу рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”.

У першы дзень форуму вялікая група яго ўдзельнікаў, больш за 20 прадстаўнікоў, у пераважнай большасці работнікі культуры, наведалі старажытны Івянец, дзе для іх была падрыхтавана разнастайная праграма. Па-першае, людзі з розных куткоў Беларусі пазнаёміліся з гісторыяй і цікавымі мясцінамі пасёлка. Затым іх гасцінна запрасілі ў Івянецкі музей традыцыйнай культуры, дзе яны мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з яго пастаяннай экспазіцыяй, але і пабывалі на майстар-класах. Работу на ганчарным крузе прадэманстраваў вядучы метадыст музея, ганчар Уладзімір Сасноўскі. Дырэктар Валянціна Адамовіч вучыла гасцей ляпіць свістулькі, а супрацоўніца Таццяна Задрэйка – вырабляць традыцыйную ляльку-зернавушку. Пабывалі яны ў адным з найпрыгажэйшых храмаў краіны – у касцёле Святога Міхала, у мясцовым Доме культуры. Завяршылася экскурсія па Івянцы ў сядзібным комплексе з наведваннем музея местачковага побыту. Фіналам стаў удзел у старадаўняй гульні “Ката пячы”, якую аднавілі ў музеі. Разам з работнікамі культуры Івянец наведаў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Яўген Міхайлавіч Асташоў.

 

З 4 па 6 кастрычніка ў Брэсце праходзіць музейны форум “Музей. Навука. Навацыі. Камунікацыі”. У складзе абласнога краязнаўчага музея, што ў Маладзечне, прысутнічаюць дырэктары раённага краязнаўчага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая і Івянецкага музея традыцыйнай культуры Валянціна Тадэвушаўна Адамовіч.

Абласны музей вынес на суд калег праект “Музейны альбом. Гісторыя і памяць малой радзімы”. А прадстаўнікі Валожыншчыны ўнеслі свой уклад у агульную скарбонку, падрыхтаваўшы грунтоўнае паведамленне “Бенядзікт Тышкевіч: фотамастак з Налібоцкай пушчы”. Гэта і мультымедыйная прэзентацыя, і рэдкія фотаздымкі на банерах. Дарэчы, такія прэзентацыі ў праграме прадстаўлены толькі валожынскімі і жодзінскімі музейшчыкамі. Граф Тышкевіч лічыцца самым першым фатографам на беларускай зямлі, хаця сваім яго лічаць і французы, і літоўцы. А яго першыя работы, адшуканыя на блышыным рынку ў Парыжы, датаваны 1883 годам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *