Герой Сацыялістычнай працы Валожыншчыны прагаласавала датэрмінова!

Важное Выборы-2019 Главное Официально


Герой Сацыялістычнай працы Валожыншчыны Зоя Макараўна ЗАДОРА 14 лістапада 2019 года прыехала ў Падбярэззе, каб выканаць грамадзянскі абавязак і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі № 73.

Аб сваім намеры прыняць удзел у датэрміновым галасаванні Зоя Макараўна выказалася заранёў. Раённая ўлада пайшла насустрач заслужанаму чалавеку і накіравала ў Ракаў, дзе цяпер пражывае З. М. Задора, транспарт, які прывёз яе на Падбярэзскі ўчастак для галасавання № 9, што размешчаны ў мясцовым сельскім цэнтры культуры. У паездцы ў родныя мясціны суправаджаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч.

За каго аддаць свой голас, Зоя Макараўна ведала дакладна – чытала прадвыбарныя праграмы некаторых кандыдатаў у дэпутаты. Выбар зрабіла на карысць далейшага росквіту Беларусі і сацыяльна-эканамічнай стабільнасці ў рэспубліцы. Бо, як зазначыла З. М. Задора падчас галасавання: “Лепшага жыцця, чым зараз, і быць не можа”.

На выбарчым участку Зоя Макараўна адразу ж пацікавілася, як праходзіць галасаванне і адзначыла, што падбярэзцы павінны раўняцца на яе і заўсёды быць у першых радах.

Старшыня Падбярэзскага выбарчага ўчастка Жанна Пякарская паведаміла, што іх ўчастак невялікі – 445 выбаршчыкаў. Па стане на 11 гадзін 14 лістапада ў датэрміновым галасаванні прынялі ўдзел 13,5 працэнта выбаршчыкаў.

Як самаму ганароваму і паважанаму госцю падбярэзскай зямлі Зоі Макараўне Зодары падарылі прыгожы вазон з ружамі. Увесь шлях дадому яна была ў прыемных успамінах і падзякавала за цёплы прыём, увагу і дапамогу.


Тэкст і фота Алены ЗАЛЕСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *