У прафліцэі галасавалі і святкавалі «з душой»

Выборы-2019 Официально

Весела, прыгожа, як кажуць, з душой наладзілі святочныя мерапрыемствы на Кастрычніцкім выбарчым участку, што на базе сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

Як адзначыла старшыня камісіі Таццяна Шумская, супрацоўнікі ўстановы адукацыі і члены камісіі – людзі, якія ставяцца да работы толькі так: калі робіш – рабі з душой. Таму дзень 17 лістапада тут стаў па-сапраўднаму святочным.

А пачыналася ўсё яшчэ ад уваходных дзвярэй. Хлопцы-ліцэісты ветліва сустракалі кожнага, адчынялі і зачынялі дзверы, людзям пажылога ўзросту дапамагалі падняцца і спусціцца з высокіх прыступак.

Фае ператварылі ў музычны салон з шыкоўным буфетам. Пакуль выбаршчыкі, выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, атрымлівалі асалоду ад спеваў і танцаў самадзейных артыстаў, нашай творчай групе і тым, хто толькі прыйшоў на галасаванне, давалі неабходную інфармацыю пра месцазнаходжанне камісіі, што можна пабачыць на шыкоўных выставах, чаму навучыцца на майстар-класах.

У памяшканні, дзе аддавалі галасы за дэпутатаў, цёпла, утульна і прыгожа. Працэс выбараў – у звычайным рэжыме. Усе даступна, усё зразумела. Пазнаёміўшыся з членамі камісіі, выбаршчыкамі Ірынай і Казімірам Сухоцкімі, палюбаваўшыся вырабамі з ільну, пад кіраўніцтвам Ірыны Жытарук і яе выхаванкі Вікторыі вучыліся рамантаваць рэчы.

Не забылі зазірнуць у імправізаваны медпункт, дзе замяралі артэрыяльны ціск. А затым  трапілі ў рукі майстра вытворчага навучання Святланы Жабко і яе памочніцы Ілоны. Аказваецца, тут  такая “фішка”: без прычоскі не адпусцяць.

Сапраўды, на першым паверсе быў абсталяваны сапраўдны цырульны пакой. А побач – працягваўся канцэрт. Асалода, ды і толькі! Так і хочацца заклікаць: “Хутчэй на выбачы! Не пашкадуеце!”. Дарэчы, назіральнікі ад АБСЕ (прадстаўнікі Велікабрытаніі і Арменіі) таксама адзначылі выдатную арганізацыю адказнага дня ў ліцэі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *