Ірына ЛУЖЫНСКАЯ: “Я жыла і працавала ў залаты час…”

Люди и судьбы Общество

На першай справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённага аб’яднання прафсаюзаў, якая прайшла некалькі тыдняў таму, юбілейным медалём “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” была ўзнагароджана былы прафсаюзны лідар ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” І. І. Лужынская. Гэтаму прадпрыемству яна аддала 40 гадоў, 15 з іх – узначальвала прафсаюзную арганізацыю. Ды якую: больш за 800 членаў прафсаюза – увесь працоўны калектыў без выключэння! Колькі добрых спраў на рахунку пярвічкі – не злічыць. А ўсё таму, што прафкам і адміністрацыя заўсёды дзейнічалі ў адной звязцы, дзе на першым месцы быў чалавек, яго дабрабыт, інтарэсы. “Я жыла і працавала ў залаты час, – падкрэслівае Ірына Іванаўна. – Хоць і цяжкі, але вясёлы, напоўнены непадробнай радасцю, дабрадушнасцю, энтузіязмам, запалам, імкненнем да лепшага…”

    І. І. Лужынская нарадзілася на хутары Калагрывец былога Сугваздаўскага сельсавета ў сялянскай сям’і. Бацька працаваў мельнікам у калгасе, маці хадзіла ў брыгаду, але нядоўга з-за хваробы сэрца. Ірына – позняе дзіця: бацькам было пад сорак, калі яна нарадзілася, старэйшаму брату – 18 гадоў. Што памятаецца з дзяцінства? Мноства скаціны, ніякіх выгод і цывілізацыі: жылі без вады і электрычнасці. Яшчэ малой (у 3-4 класе) Ірына брала два вядры на каромысел і ішла за кіламетр у Лучынскія за вадой, а, вяртаючыся, наломіць галінак і пакладзе на вёдры, каб не расплюхвалася. Крыху падросшы, ставіла на веласіпед спераду і ззаду два бітоны па 40 літраў: туды лёгка ехалася, а вось назад даводзілася папацець. Дарог не было, у школу хадзіла за 3 кіламетры ў адзін бок. Сем класаў скончыла ў Сугваздах, а калі перайшла ў восьмы, забраў да сябе брат, які жыў у Маладзечне і працаваў у геолагаразведцы.

    Вучылася добра і вырашыла паступаць у Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум на спецыяльнасць “бухгалтарскі ўлік”. Атрымаўшы на экзаменах дзве чацвёркі і пяцёрку, прайшла па-за конкурсам. Калі была на апошнім курсе, не стала бацькі: на размеркаванні папрасіліся, каб накіравалі бліжэй дадому. Патрапіла ў Валожынскі райспажыўсаюз, дзе адрабіла паўтара года: кожны дзень раніцай і вечарам ездзіла на работу на аўтобусе Валожын-Сугвазды, а пасля тры кіламетры ішла да роднага хутара. Па-ранейшаму з матуляй трымалі вялікую гаспадарку – каровы, цяляты, свінні, авечкі, таму давялося ўзяцца за плуг і касу. “Дзе горай, дзе лепей, – успамінае Ірына Іванаўна, – але ўсяму навучылася. І настолькі прывыкла да працы, што мне ніякая работа не была ў цяжар. Так і спраўлялася, пакуль замуж не выйшла”.

    1972 год стаў для яе лёсаносным: выйшла замуж, перайшла працаваць у сельгастэхніку, а следам за ёй сюды ж уладкаваўся і муж. Спачатку была бухгалтарам, затым – інжынерам па тэхабслугоўванні даільных і халадзільных установак жывёлагадоўчых ферм і па сумяшчальніцтве нявызваленым старшынёй прафкама. Калі ў райвыканкаме з’явіўся аддзел па інфармацыйнай рабоце, яе прызначылі спецыялістам па гэтым кірунку дзейнасці на прадпрыемстве, а з цягам часу – намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кім і працавала да выхаду на заслужаны адпачынак і яшчэ пяць гадоў, ужо знаходзячыся на пенсіі.

    Больш за два дзесяцгоддзі І. І. Лужынскай пашчасціла рабіць поплеч з Уладзімірам Іванавічам Глябовічам. “Гэта быў кіраўнік ад Бога, разумеў і падтрымліваў ва ўсім. Я ішла на работу з натхненнем, – расказвае мая гераіня. – Вельмі ганарылася сваім прадпрыемствам, якое займала першае месца не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Уладзімір Іванавіч збіраў яго па крупінках. Спачатку тут рамантавалі гусенічныя трактары “ДТ-75”, а калі на змену ім з’явіліся калёсныя, побач з рамонтнай майстэрняй пабудавалі памяшканне, каб абслугоўваць новую тэхніку. Наладзілі зносіны з Мінскім трактарным заводам, адкуль нам паставілі 7 індыйскіх ліццявых машын. Так пачалі выпускаць для іх запасныя часткі. Пасля адкрылі цэх пластмасавых вырабаў і выйшлі на завод халадзільнікаў “Атлант”, які таксама прывёз абсталяванне для выпуску камплектуючых дэталяў з пластмасы да халадзільнікаў. Дзякуючы гэтаму, стварылі каля 300 новых рабочых месцаў, і калектыў павялічыўся да 900 чалавек. Працавалі ў тры змены. У сярэдзіне 90-х да нас далучылі райсельгасхімію.

    Прадпрыемства знаходзілася на самым піку славы. Людзі добра зараблялі і ўладкавацца сюды на работу жадалі многія. Да кіраўніка на прыём, які праводзіўся па панядзелках, запісваліся па 50 чалавек. Абавязкова прысутнічалі я і начальнік пластмасавага цэха. Розныя прыходзілі людзі, але мы разумелі, што рабочае месца ў нас – выратавальны круг для іх.

    З якімі толькі пытаннямі не звярталіся ў прафкам работнікі – яны адчувалі і бачылі значнасць прафсаюза, таму членамі былі ўсе без выключэння. Дапамагалі мне ў рабоце 7 прафгрупоргаў з ліку ініцыятыўных, нераўнадушных членаў калектыву. Так, прафкам сачыў за чаргой на кватэру, а будавалі тады шмат: спачатку ведамаснае жыллё, а калі пачаліся кааператывы, аказвалі дапамогу на першы ўзнос. Пры аплаце бальнічных абавязкова ўлічвалася членства ў прафсаюзе, выдаткоўваліся грошы і на наведванне хворага ў бальніцы. Кожны меў магчымасць атрымаць пуцёўку ў санаторый ці Дом адпачынку, прычым суму, якую павінен быў заплаціць чалавек, аплачваў прафкам. На кантролі быў і адпачынак для дзяцей: і гэта не толькі летнія лагеры, але і аздараўленне ў “Налібоцкай пушчы”. Таксама дзеці ездзілі падчас летніх канікулаў за мяжу: два гады сама вазіла групу па 40 чалавек на цэлы месяц у Польшчу. Жылі яны ў сем’ях, а я да іх наведвалася і сачыла за пражываннем.

    Шмат аб’ездзілі гарадоў з экскурсіямі: былі ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Калінінградзе, на Рыжскім узмор’і, у турах па Залатым кальцы Расіі, у Грузіі, Арменіі і інш. Сама паездка – за кошт прафсаюза, а транспартныя расходы брала на сябе адміністрацыя.

    З прыемнай настальгіяй успамінаюцца першамайскія і лістападаўскія дэманстрацыі: мы выходзілі з транспарантамі ў калоне да 500 чалавек. А колькі хвалюючых і ўзнёслых эмоцый прынёс раённы агляд мастацкай самадзейнасці “Красуй радзіма, квітней жыццё”, дзе занялі пачэснае 1-е месца сярод прамысловых прадпрыемстваў – таленты шукалі толькі сярод сваіх! Наша вакальная група яшчэ доўгі час выступала на розных святах… Усё гэта аб’ядноўвала калектыў, людзі трымаліся за сваё рабочае месца, чалавек быў упэўнены ў заўтрашнім дні”.

    …Дабро ніколі не забываецца, і ніхто не ведае дакладна, калі і з якога боку яго чакаць. Вось і падчас уручэння юбілейнага медаля Ірына Іванаўна расчулілася да слёз і дрыготкім ад хвалявання голасам зазначыла: “Калі ты працуеш і цябе ўшаноўваюць – гэта ўспрымаецца як заслуга. А калі ўжо 10 гадоў, як на пенсіі, і цябе ўспомнілі – адчуваеш вялікую радасць і асалоду на душы. І разумееш, што ты пакінуў нейкі след на зямлі…”

   3 студзеня І. І. Лужынская адзначыла дзень нараджэння. Шчыра віншуем шаноўную гераіню аповеду з асабістым святам і жадаем моцнага здароўя, душэўнай цеплыні і асалоды, шчасця і доўгіх гадоў жыцця.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *