За што я люблю раённую газету?

Общество

Слова чытачу.

За што я люблю раённую газету?

Галіна Андрэеўна БЯНКЕВІЧ,

лагапед Ракаўскай сярэдняй школы:

– Маё цеснае сяброўства з “Працоўнай славай” пачалося гадоў з 20 таму. Да гэтага часу як для мяне, так і для майго бацькі раённая газета – першая ў падпісным спісе, з нецярпеннем чакаем кожнага яе нумара. Па волі лёсу я працяглы час жыла ў Лідзе, а калі ў 1997 годзе вярнулася на радзіму, была прыемна здзіўлена істотным уздымам роднага выдання. Магу адзначыць, што рост у бок якасці не спыняецца і сёння. У “Працоўнай славе” няма нецікавых тэм. З задавальненнем сачу за актуальнымі навінамі раёна, цікаўлюся экскурсамі ў гісторыю, кожны раз усё бліжэй знаёмлюся са спрадвечнымі беларускімі звычаямі і абрадамі. Не пакідаю па-за ўвагай карысныя парады, люблю пачытаць віншаванні: няважна, каму яны адрасаваны – галоўнае, што шчырыя, цёплыя і ад душы. Такія ж адносіны ў мяне і да выдання.

 

Слова чытачу

Генадзь Напалеонавіч ГАПТАР,

галоўны інжынер СКУП “Івянецкая птушкафабрыка”:

–        Першае знаёмства з мясцовым выданнем адбылося два гады таму, калі прыехаў сюды працаваць з суседняй Стаўбцоўшчыны. Сёння стаў пастаянным падпісчыкам. Трэба сказаць, “Працоўная слава” нагадала мне родны “Прамень”, да якога прывык на радзіме. Шмат актуальнай і карыснай інфармацыі, цікавыя рубрыкі, жыццёвыя гісторыі не пакідаюць раўнадушнымі. Парадавала разгорнутая праграма тэлебачання. Прачытаць нумар ад першага да апошняга ліста за работай не заўсёды стае часу. Але на “Дзень за днём”, “Тэлефон міліцыі – 102”, “Дошку танных аб’яў”, навіны спартыўнага жыцця вольная хвіліна знойдзецца.

 



Добавить комментарий