Свята аб’яднала дзяцей і іх бацькоў

Молодежный курьер Общество

Дэлегацыя вучняў устаноў адукацыі раёна і іх бацькоў адправілася на абласную акцыю “Бацькі-пераможцы, прызёры і іх дзеці” ў Цэнтр экатурызму “Станькава” Дзяржынскага раёна.

     Маляўнічае мерапрыемства адбылося на Міншчыне ўпершыню. Праходзіла яно ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. На свята завіталі 400 чалавек з усіх куткоў сталічнага рэгіёну. У “Станькава” сабраліся школьнікі, якія паспяхова праявілі сябе ў вучэбнай, творчай, грамадскай дзейнасці і спорце, і іх бацькі, што дасягнулі асаблівых перамог на працоўнай ніве: паказалі высокія вынікі ў эканоміцы, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы і інш.

    Павіншавалі прысутных са святамі, адзначылі дасягненні ўдзельнікаў акцыі і падзякавалі ім за сумленную працу ганаровыя госці – намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Апраніч, старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч і інш. Пасля яны разам з бацькамі-пераможцамі і іх дзецьмі вадзілі карагоды вакол галоўнай ёлкі Цэнтра экатурызму, выбралі лепшых Дзеда Мароза і Снягурку, што прыехалі ў “Станькава” разам з дэлегацыямі.

    На працягу мерапрыемства панаваў святочны настрой, адчуваліся цеплыня зносін і добразычлівасць. Кожны раён падрыхтаваў для прысутных памятныя сувеніры. Дарослыя і дзеці актыўна прымалі ўдзел у гульнях, забавах, танцах каля навагодняй ёлкі-прыгажуні. Не змаўкалі песні, жарты і смех. Нікога не пакінула раўнадушным казачнае прадстаўленне “Навагодняя размарозка”, масу эмоцый выклікала сапраўднае цыркавое шоу. Свята атрымалася яркім і насычаным, падарыла радасць рабятам і іх бацькам.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *