У новы год — з цудоўным настроем!

Культура Молодежный курьер Общество

Шмат цікавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да святкавання Новага года, было праведзена работнікамі ўстаноў клубнага тыпу раёна.

    У Бабровіцкім культурна-спартыўным цэнтры традыцыйна працавала “Рэзідэнцыя Дзеда Мароза”. Тут адбыліся тры камерцыйныя ранішнікі, у якіх прынялі ўдзел больш за 350 дзяцей з Гародзькаўскага, Яршэвіцкага, Пяршайскага, Дорскага, Вішнеўскага НПК, Ракаўскай, Суднікаўскай сярэдніх школ і іншых навучальных устаноў раёна. Традыцыйна свята для больш як 100 дзяцей сваіх работнікаў тут арганізаваў Валожынскі лясгас. Комплекснае мерапрыемства, у якім былі задзейнічаны работнікі розных устаноў культуры раёна, складалася з некалькіх частак.

Тэатралізаваная гульнявая праграма адбывалася прама на вуліцы. Пасля яе рабятам прапанавалі падсілкавацца духмяным чаем з пернікамі. Усе накіраваліся ў будынак культурна-спартыўнага цэнтра, дзе на сцэне разгарнулася прадстаўленне “Навагодні перапалох”, рэжысёрам якога стала загадчык дзіцячага аддзела раённага Цэнтра культуры Алена Санюковіч. Рабяты былі ў захапленні ад пачутага і ўбачанага. Цудоўны настрой панаваў на працягу мерапрыемства. Прыемным сюрпрызам стала ўручэнне падарункаў напрыканцы свята.

    Дзіцячыя ранішнікі з гульнявымі праграмамі і казачнымі персанажамі прайшлі ў кожнай установе клубнага тыпу. Усюды былі аформлены фотазоны, дзе малыя і дарослыя з задавальненнем рабілі здымкі на памяць.

    Найбольш жа мерапрыемстваў прайшло ў раённым Цэнтры культуры.  Тут адбылася галоўная раённая ёлка для школьнікаў-пераможцаў прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый, творчых конкурсаў і фестываляў, а таксама для дзяцей з прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзяцей-інвалідаў, дзяцей, чые сем’і знаходзяцца на ўліку з прычыны сацыяльнага недабрабыту, выхаванцаў сацыяльнага прытулку. Амаль для сарака дзяцей работнікаў сферы культуры і ідэалогіі тут было дадзена тэатралізаванае прадстаўленне “Навагодні перапалох”. Работнікі і ўдзельнікі фарміраванняў устаноў культуры клубнага тыпу і раённага Цэнтра культуры арганізавалі для жыхароў і гасцей Валожына  вялікі святочны “Навагодні чароўны агеньчык”.

    Больш як 900 рабят рознага ўзросту пабывалі на вышэйпералічаных навагодніх ранішніках.

    Дэлегацыя з трыццаці чалавек, у якую ўвайшлі работнікі раённага Цэнтра культуры, цэнтральнай раённай і Івянецкай гарпасялковай бібліятэк, Валожынскай і Івянецкай дзіцячых школ мастацтваў, прынялі ўдзел у абласным дабрачынным Навагоднім свяце ў Барысаве. Сюды сабраліся 850 юных жыхароў Міншчыны – выхаванцы шматдзетных, малазабяспечаных і прыёмных сем’яў, дзеці, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, тыя, што маюць патрэбу ў асаблівай увазе дзяржавы і грамадства. З усіх куткоў цэнтральнага рэгіёну таксама з’ехаліся актывісты дзіцячага і маладзёжнага руху, выдатнікі вучобы, адораныя і таленавітыя вучні вобласці. Для іх дарослыя і стваралі свята. Прадстаўнікі Валожыншчыны былі задзейнічаны ў шэсці Дзядоў Маразоў і Снягурак. Першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Уладзімір Ціханоўскі арганізаваў і правёў для рабят цікавую гульнявую праграму.



Добавить комментарий