Прамяняў горад на вёску… і не шкадуе пра гэта!

Год малой Родины Кругозор Люди и судьбы Общество

Калі слухала гісторыю свайго сённяшняга субяседніка, так і хацелася перайначыць словы вядомай песні і сказаць, што ў нешматлікіх жыхароў вёскі Кашчэлічы Гародзькаўскага сельсавета з’явіўся выдатны сусед у асобе Сяргея ДЗЕРБУНА. Так, тры гады таму гэты малады чалавек, жывучы ў Мінску, набыў тут дом. Першапачаткова пабудова меркавалася быць проста дачай, як аддушына ад гарадскога тлуму і мітусні. А сталася, што цяпер Сяргей Яўгеньевіч ездзіць з вёскі на работу ў Маладзечна. Усяго 30 кіламетраў у адзін бок кожны працоўны дзень…

     Але не толькі пра вясковае жыццё гаварылі з такім, я б сказала, неардынарным вяскоўцам. Гэта для сваіх суседак-бабулек ён сынок ці Сяргей, хаця для большасці па ўзросце ўнук. На рабоце ж імпазантны чалавек у росквіце гадоў – начальнік. Дакладней – выконваючы абавязкі дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна. Пра работу і жыццё на ўлонні прыроды наша размова.

    – Сяргей Яўгеньевіч, я так разумею, што сельскае жыццё для Вас не ў навіну, і гарадскім жыхаром Вы сталі са студэнцкіх гадоў, не памыляюся?

    – Сапраўды, нарадзіўся і вырас я ў вёсцы Дзераўное Стаўбцоўскага раёна. Пасля мясцовай адзінаццацігодкі паступіў у Маладзечанскае музвучылішча (на той момант яно было яшчэ менавіта вучылішчам), якое і скончыў па класе вакала.

    – Што было пасля?

    – Акадэмія маладых оперных спевакоў Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, пасля яе – Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.

    – Пытанне напрошваецца само сабой: Ваша першае рабочае месца з такой акадэмічнай адукацыяй?

    – Пачынаў як саліст арт-групы “Беларусы”. Потым працаваў дырэктарам музычнага цэнтра “Беларусы”. Затым літаральна ў адзін дзень звольніўся. Трэба сказаць, я ўсё раблю імгненна, доўга не вагаюся, бо ўпэўнены, што першыя рашэнні мудрыя і правільныя. І пайшоў у самастойнае, так бы мовіць, плаванне: аформіўся індывідуальным прадпрымальнікам па канцэртнай дзейнасці. Напеўся ўволю і захацелася іншага, праверыць свае арганізатарскія здольнасці. А напрацовак за час непасрэдна гастроляў і ў якасці ўжо дырэктара было многа. Не прагадаў, гэта было маё.

    – Якія самыя яркія ўспаміны ад былой работы?

    – Канцэртная дзейнасць – туры па ўсёй Беларусі, па абласных цэнтрах і невялікіх гарадках. Дарэчы, выступалі мы і ў Валожыне. Такім чынам я яшчэ больш пазнаў сваю краіну. Пабывалі ў Літве, ва Украіне, іншых краінах. Потым запрашалі ў журы розных конкурсаў як ганаровага госця…

    – На новым месцы работы ў Маладзечне Вы працуеце параўнальна нядаўна, усяго дзесьці паўгода. Можаце нешта ўжо запісаць сабе ў актыў?

    – Так, магу. Раённае свята “Дажынкі”, якое правялі ў Радашковічах. Не пабаюся сказаць, што свята атрымалася шыкоўнае. Для гэтага, праўда, запрасіў знаёмага рэжысёра з Мінска, артысты таксама былі сталічныя. Хацелася паказаць нешта новае, але я ніколькі не прымяншаю значнасць мясцовых самадзейных артыстаў. Людзям, дзеля якіх усё арганізавалі, спадабалася. Было прыемна чуць удзячныя водзывы.

    А не так даўно правялі першы міжнародны фестываль мастацтваў “OpenMolofantasy”, у якім прынялі ўдзел больш за 400 чалавек. Фестываль доўжыўся на працягу тыдня. Было мноства намінацый: вакал, харэаграфічная творчасць, інструментальная музыка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фота і іншыя. Прыемна, што першы блін не атрымаўся камяком. Прыехалі госці са Славеніі, Польшчы, Украіны, Расіі. Беларусь прадстаўлялі творчыя людзі практычна з усіх рэгіёнаў. У раёны Міншчыны высылалі запрашэнні. Крыху здзівіла, што не было нікога з вашага раёна.

    – Сяргей Яўгеньевіч, ведаю, што Ваша шматгадовае партнёрскае супрацоўніцтва з Украінай прынесла сёлета вялікую ўзнагароду. Раскажыце больш падрабязна, дзеля чаго ездзілі ў Кіеў.

    – Мне прысвоілі званне “Заслужаны дзеяч эстраднага мастацтва Украіны”. 30 лістапада на Крэшчаціку ў калектыве тэлерадыёкампаніі ўручылі медаль і пасведчанне да яго. Сама ўрачыстасць праходзіла 12 снежня, але я ведаў, што ў гэтыя дні буду вельмі заняты. Так што мяне ўзнагароджвалі ў больш камернай абстаноўцы.

    – Дарэчы, як сустрэлі ў новым калектыве?

    – Па-рознаму. Я прыйшоў з вялікім жаданнем прынесці туды нешта новае, з грандыёзнымі планамі. Не ўсе змаглі вытрымаць мае патрабаванні, не ўсе захацелі працаваць па-новаму. Нікога не звальняў, але некаторыя работнікі пасля некалькіх месяцаў зрабілі свой выбар і прынеслі заявы на звальненне. Магу сказаць, што справы зрушыліся з месца. У будынку, дзе месціцца наша ўстанова, нарэшце загучалі жывыя галасы, дзіцячыя таксама. Сталі стварацца новыя гурткі, праводзіцца мерапрыемствы, завіравала жыццё…

    – А кожны дзень пасля работы Вы вяртаецеся ў вёску. Як там наладжаны быт?

    – Там сёння мой дом, мне там добра і ўтульна. Што хацеў, тое і атрымаў: паўглухі невялікі населены пункт, без машын, са старымі дрэвамі. Не ва ўсіх дамах ёсць тэлефоны, не ўсе жыхары маюць мабільнікі. Я пасябраваў з суседкамі. У нас з’явіліся свае традыцыі. Віншую іх з днямі нараджэння. Перад Новым годам і Калядамі сталі ўпрыгожваць двары і дамы. Я першы паказаў прыклад. Люблю, каб было многа агеньчыкаў. І старыя, як могуць, прыбіраюць падворкі. Хто на што здатны. Некаторыя падключылі дзяцей і ўнукаў. Здымаю сюжэты з бабулькамі і выстаўляю ў Інстаграме. Дарэчы, у нас – нямала прыхільнікаў. А мае бабкі не могуць не ўражваць сваёй літаральна дзіцячай непасрэднасцю, крыху наіўнасцю. Яны такія натуральныя, мудрыя. Мне з імі цікава, стараюся, чым магу, дапамагаць. Прывожу з горада лекі, прадукты, выконваю іншыя просьбы.

    – Які Ваш дом?

    – Набываў літаральна хібару. Цяпер гэта – дом, многа чаго зрабіў сваімі рукамі, ад дарожак да агароджы. Вадой карыстаюся са студні, яна агульная, знаходзіцца за маёй агароджай. Дастаўся вялікі сад, многія старыя дрэвы ўжо замяніў. Пасадзіў абрыкосы, чарэшню, вішні, новыя яблыні, грушы… Ёсць невялікая градка, толькі дзеля зяленіва.

    – Баюся спытацца, можа, і жыўнасць трымаеце?

    – Трымаю. І не толькі катоў-сабачак. Каты ў мяне былі ўсё жыццё. А сабачку завёў роўна год таму. Зрабіў сабе 30 снежня падарунак, захацелася цуда. І яно ў мяне з’явілася ў асобе насельніка прытулку на Гурскага. Трымаю таксама курэй, гусей і качак. Для мяне гусь – прыгожая птушка, а вось індыкоў не люблю. Суседка дапамагае даглядаць, калі затрымліваюся на рабоце. Тэлефаную ёй і спакойны, ведаю, што ўсё і ўсе будуць у парадку.

    – Вас нейкім чынам цікавіць жыццё раёна, у якім зараз пражываеце?

    – Магу сказаць, што амаль адразу стаў выпісваць раённую газету. Мне здаецца, што яе выпісваюць усе аднавяскоўцы. Вось адтуль і ведаю, чым жыве Валожыншчына. Газету дастаўляюць дзень у дзень, а вось Маладзечанскую чамусьці на наступны з дня выхаду. Дарэчы, хачу звярнуцца да сваіх калег. За тры гады не бачыў у вёсцы работнікаў культуры. А маглі б зладзіць якое свята для жыхароў. Летам іх становіцца больш, бо многіх на зіму забіраюць дзеці. Засталіся толькі зусім адзінокія і самыя стойкія. Ёсць у Кашчэлічах і дачнікі.

ЭКСПРЭС-АПЫТАННЕ:

    – Чай ці кава?

    – Кава.

    – Любімая кніга?

    – “Людзі на балоце”.

    – Любімы фільм?

    – Вось з фільмам горш. Хай будзе “Любоў і галубы”.

    – Любімы спявак?

    – Дзмітрый Хварастоўскі.

    – Любімы кампазітар?

    – Станіслаў Манюшка.

    – Любімая краіна?

    – Беларусь.

    – Сяргей Яўгеньевіч, вялікі дзякуй Вам, што знайшлі час сустрэцца, за шчырую размову. Поспехаў у рабоце, творчых знаходак, не згубіць прагу да жыцця. Хай Вам і далей будзе проста цікава жыць…

Гутарыла Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий