«Гапон» на сельскай вечарынцы

Культура

Абяднелі зараз вёскі на людзей. А няма людзей – няма і падзей. Не тое, што «раньш было»: люднасці – мора, смехаты – па рознаму поваду, прыгод – на цэлы год. Сялянская беднасць не ставала перашкодай для вяселляў, хрэсьбін, а па суботах у чыёй-небудзь вялікай хаце ладзіліся вечарынкі. Раздолле было і нам, дзецям.
На вясковы баль, як правіла, ішлі сям’ёй. Дзятва размяшчалася на вялікай печцы, куды падаваліся розныя пачастункі. Адтуль, з вышыні, добра праглядвалася ўся хата, дзеці пільна сачылі за гасцямі і іх забавамі. Весялосці і гоману не было канца. Стараліся адзін перад адным. Кожны дэманстраваў, што ўмеў: хто каня і вершніка, хто «цыганоў». Жанчыны больш спявалі пра загубленае каханне і цяжкую долю. Іграў гармонік, бухаў бубен, пішчала скрыпка. Пад гукі музыкі пускаліся ў скокі падпіўшыя пары.
На фоне ўсіх імправізаваных дзействаў была адна заканамернасць: кожны раз пажылая кабета Ксенія чытала на памяць урывак з паэмы В. І. Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Жанчына выцягвалася ў струнку, трохі пагойдвалася і гучным голасам апавядала пра каханне Гапона да Кацярыны. Цікавасць да выканаўцы была вялікая, усе імгненна заціхалі і паварочвалі галовы да Ксеніі. А яна, усё больш распаляючыся, нават штосьці дабаўляла ад сябе, размахвала рукамі і шоргала нагамі па падлозе так, як бы гэта рабіў Гапон на сваім вяселлі. Аднойчы «артыстка» так захапілася прадстаўленнем, што ўпала старому дзядзьку на калені. А той падхапіў яе на рукі і выгукнуў: «Трымайце Гапона!» З таго часу жанчыну і сталі называць мужчынскім імем, але мясцовыя адразу ведалі, пра каго ідзе гаворка.
Тады ніхто з вяскоўцаў не здагадваўся, што аўтар паэмы «Гапон» іх зямляк В. І. Дунін-Марцінкевіч. У польскай школе Дуніна-Марцінкевіча не вывучалі, у савецкай – толькі з 5 класа. Адкуль жа вясковая кабета ведала яго твор? Чалавек перадавы, з дэмакратычнымі адносінамі да сялян, ён стварыў у сваёй сядзібе школку для вясковых дзетак. З радасцю беглі хлопчыкі і дзяўчынкі з навакольных вёсак і хутароў да пана Вінцэнта. Адной з іх была маці Ксеніі. Яна пераймала кожнае слова любімага настаўніка. Відаць, першымі слухачамі і «крытыкамі» слыннага творцы былі яго вучні. А яны ўжо данеслі роднае беларускае слова сваім нашчадкам…
Маім жа аднагодкам творчасць паэта адкрыў Генадзь Антонавіч Равінскі. Гэта ён чытаў нам паэму «Пінская шляхта» ля магілы В. І. Дуніна-Марцінкевіча ў Тупальшчыне. Чытаў амаль на памяць, з натхненнем. У больш свядомыя гады многае пра жыццё і дзейнасці беларускага Дудара з Малой Люцінкі я даведалася з літаратуры, з расказаў відавочцаў.

Наталля КАПУСТА,
настаўніца-пенсіянерка,жыхарка вёскі Урублеўшчына.



Добавить комментарий