Высакароднае прызванне

Важное Общество

101-ы раз адзначылі прафесійнае свята людзі, у чые абавязкі ўваходзіць рэалізацыя дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, – спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі развіцця, Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Усяго на тэрыторыі раёна ў гэтай сферы працуюць каля 400 чалавек. У цэлым жа па краіне каманду тых, хто гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу кожнаму з нас, уваходзяць 7 тысяч спецыялістаў. Іх штодзённыя клопаты скіраваны на тое, каб палегчыць жыццё пажылых людзей, інвалідаў, шматдзетных сем’яў, іншых катэгорый насельніцтва, якім па самых розных прычынах неабходны псіхалагічная і фінансава-эканамічная падтрымкі.

За імкненне як мага лепш выконваць свае абавязкі многія супрацоўнікі сацыяльных устаноў адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Ганаровыя граматы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама атрымалі сацыяльны работнік ТЦСАН Алена Гержатовіч, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Ірына Кавяза, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Алена Лабаза, слесар-сантэхнік гэтай жа ўстановы Леанід Пякарскі, вядучыя спецыялісты ўпраўлення Зоя Круглік, Жанна Забара і Мікалай Адамовіч, выхавальнік Валянціна Солтан і санітарка Святлана Раманчык з Івянецкага дома-інтэрната.

Ганаровыя граматы райвыканкама ўручаны загадчыку аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Аксане Жук і сацыяльнаму работніку цэнтра Іосіфу Пупко. Падзяку старшыні райвыканкама атрымалі, сацыяльныя работнікі ТЦСАН Таццяна Чышэвіч і Тамара Чараповіч, бухгалтар Ракаўскага псіханеўралагічнага інтэрната Ірына Лабінская і старшая медыцынская сястра Івянецкага дома-інтэрната Алена Малютка. Былі ўручаны таксама граматы ТЦСАН сацыяльным работнікам Таццяне Бярнацкай, Алене Ган, Галіне Жыжыч, Ганне Каранеўскай, кіраўніку гуртка Наталлі Буклыс і сядзелцы Лідзіі Сікорскай, а бухгалтару Анастасіі Ваўчок, сацыяльным работнікам Ірыне Касцюк, Людміле Тачко, Ларысе Фарыно, сядзелцы Алене Раманчык, вадзіцелям Віктару Макею, Віктару Радыну, інспектару Святлане Садоўскай – падзякі. Заслужаныя ўзнагароды героі ўрачыстасці атрымалі з рук шаноўных гасцей.

Павіншаваць прадстаўнікоў сферы, якой аддаў больш за дзясятак гадоў, прыехаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алег Семянчук (да нядаўняга часу – начальнік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама). Алег Аляксеевіч звярнуўся да прысутных са словамі шчырай удзячнасці за плённую сумесную працу і за падтрымку падчас выбарчай кампаніі. Ён пажадаў калегам удачы і поспеху, радасці ад любімай работы і сямейнага дабрабыту.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун таксама адзначыў важнасць дзейнасці службаў, за якіх нясе адказнасць. Зыходзячы з таго, што больш за год з’яўляецца непасрэдным куратарам сацыяльнай сферы раёна, ён падзякаваў за зладжанае функцыянаванне ўстаноў дадзенага кірунку. Ігар Уладзіміравіч падкрэсліў: кожны прысутны ў зале па сваёй сутнасці – дабрачыннік. Справа гэта складаная, у ёй немагчымы хуткі вынік. Радасныя мерапрыемствы таксама здараюцца нячаста. Тым не менш, дзень сацыяльнага работніка – першае прафесійнае свята ў годзе. Урачыстасці з яго нагоды звычайна адбываюцца літаральна пад навагоднімі ёлкамі. І гэта на самай справе справядліва: людзі, што клапоцяцца пра іншых, заслугоўваюць прыгожы, яркі падарунак.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Ракавец падчас свайго выступлення падкрэсліла заслугі і важкі ўклад у станаўленне сацыяльнай работы на тэрыторыі Валожыншчыны паважаных ветэранаў – людзей, якія прысвяцілі няпростаму прызванню многія гады. Святлана Леанідаўна звярнула ўвагу прысутных на тое, што спецыялісты сацабслугоўвання суправаджаюць грамадзян па працягу ўсяго жыцця. Гэта і выплаты з нагоды нараджэння дзіцяці, назначэнне розных відаў матэрыяльнай дапамогі, арганізацыя навучання і перанавучання, садзейнічанне ў працаўладкаванні, падтрымка шматдзетных сем’яў і многае іншае.

З цёплымі словамі да сваіх калег звярнулася дырэктар ТЦСАН Галіна Рай. Яна падзякавала вернай і надзейнай камандзе за адданасць агульнай справе – дапамозе тым, хто сутыкнуўся з цяжкімі захворваннямі і іншымі выпрабаваннямі. Галіна Фадзееўна асабліва адзначыла заслугі людзей пенсіённага ўзросту, якія на дабрачыннай аснове ажыццяўляюць догляд за больш сталымі сябрамі. Адна з валанцёраў, Яўгенія Краўчонак, нараўне са штатнымі супрацоўнікамі адзначана падзякай. Далучылася да віншаванняў і ўручыла падарункі работнікам сацыяльных устаноў, якія прымаюць найбольш актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна, і кіраўнік раённай арганізацыі “Белая Русь” Алена Клачко. На сцэну выклікаліся начальнік упраўлення Святлана Ракавец, галоўны спецыяліст аддзела занятасці Вольга Карабан, вядучы спецыяліст сектара працоўных адносін Мікалай Адамовіч, галоўны бухгалтар упраўлення Наталля Сухорская, намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Пракопчык, сацыяльныя работнікі Сяргей Багук, Жанна Байсава, Таццяна Кальмус, вадзіцель Віктар Макей.

Узнёслы настрой прысутным дапамаглі стварыць работнікі культуры. Свае лепшыя нумары ўдзячным гледачам падарылі вакалісты Алена Санюковіч, Вольга Дзедуль, Дзмітрый Завацкі, Валерый Язерскі, Ірына Зянько, Паліна Далбаносава, Таццяна Луганская, музыканты Вікторыя Гаспарэвіч, Ягор Казлоў і ўдзельнікі ансамбляў “Сваякі”, “Праменьчыкі”, “Тандэм”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *