Выручыць з любой бяды

Безопасность и здоровье Люди и судьбы Общество

У 80-я гады мінулага стагоддзя адна з найпрыгажэйшых вёсак раёна, Стайкі, была своеасаблівай “мекай” моладзі Валожыншчыны. Тут ладзіліся самыя вясёлыя дыскатэкі, і ў мясцовым клубе было не праціснуцца ад юнакоў і дзяўчат. “Баль” правіў самадзейны ансамбль, саліравалі прызнаныя зараз шырокай аўдыторыяй спевакі Аляксандр і Наталля Шаўчэнкі. Адным з удзельнікаў калектыву з’яўляўся Іван СУХАДОЛЕЦ, які акампаніраваў на гітары.

    Як і ўсе прадстаўнікі таго пакалення, ён дакладна ведаў: ёсць час для адпачынку, калі можна пачытаць, паслухаць музыку, пазабаўляцца з сябрамі, і ёсць час для больш важных спраў – на раўне з бацькам рупіцца па гаспадарцы. Трэба адзначыць, што Іван рос паслухмяным, ніколі маме і тату не даводзілася чырванець за сына. З добрымі адзнакамі ён скончыў спачатку Шчалканаўскую васьмігодку, потым – Сакаўшчынскую сярэднюю школу. Калі равеснікі пачалі з’язджаць у гарады, Іван таксама паспрабаваў шукаць шчасця ў “каменных джунглях”, але хутка зразумеў: яго месца на гэтай зямлі ў вёсцы, ён, як кажуць, чалавек з сельскай жылкай. 

      Працаваць пайшоў вадзіцелем на Сакаўшчынскі пажарны пост. З распадам Савецкага Саюза рухнула і сістэма пажарнай бяспекі. Існуючыя раней дабравольныя пажарныя атрады самаліквідаваліся, і, як следства, колькасць узгаранняў і фактаў гібелі людзей у агні вырасла ў разы. У 1995 годзе пачаўся працэс ваенізацыі службы выратавання, што стала штуршком для станоўчага аднаўлення і прэстыжу прафесіі пажарнага. Сёння Іван Мікалаевіч успамінае, як нялёгка ішло станаўленне. Не было тэхнікі – выкарыстоўвалі спісаныя калгасамі аўтацыстэрны, не хапала належнай амуніцыі і надзейнага ў барацьбе са стыхіяй прыстасавання. Часта пасты размяшчаліся ў паўразбураных памяшканнях, і даводзілася самастойна прыводзіць іх у належны стан, а побач – ствараць пляцоўку для фізпадрыхтоўкі. Але цяжкасці толькі загартоўваюць сапраўдных мужчын. Хаця неўладкаванасць – нішто ў параўнанні з тым, што даводзілася бачыць ім падчас трагедый…

    І. М. Сухадолец, як чалавек сціплы, пра асабістыя подзвігі гаварыць не любіць, а вось у адрас сваіх былых калег не скупіцца на кампліменты. Кажа, на такіх, як Анатоль Бітэль, Анатоль Зялкоўскі, Андрэй Башаркевіч, Казімір Краскоўскі, Міхаіл Юкавец, можна разлічваць у самых складаных сітуацыях. Ды і тагачаснае кіраўніцтва ў асобах М. І. Нямкевіча, А. В. Шакуна, А. Б. Юхнеўскага вызначалася высокім прафесіяналізмам і ўменнем хутка прымаць правільнае рашэнне. Адно засмучае Івана Мікалаевіча – у грамадстве не склалася належнае стаўленне да пажарных-выратавальнікаў. Па-ранейшаму пра высакародную місію застаецца памылковая асацыяцыя: доўга спіш – здаеш на пажарніка… Вось у галівудскіх блакбастарах умеюць “зляпіць” героя нават з простага паштальёна і лёгка пераканаюць гледача: амерыканцы ратавалі свет незлічоную колькасць разоў.

    Нашы прадстаўнікі мужных прафесій застаюцца не навідавоку. А, між тым, хто, акрамя іх, пойдзе, рызыкуючы жыццём, ліквідаваць тэхнагенную катастрофу, выносіць з агню пацярпелых, змагацца з разгулам розных стыхій? Выратавальнікі не стануць ухіляцца ад свайго абавязку нават пры смяртэльнай пагрозе. І вернасць гэтай прысязе – не пусты гук для іх.

     Амаль два дзесяцігоддзі адслужыў Іван Мікалаевіч Сухадолец выратавальнікам. Пайшоўшы на заслужаны адпачынак, знайшоў сабе занятак, таксама звязаны з клопатам пра жыццё чалавека, – узначальвае раённую арганізацыю выратавання на водах. Разам з жонкай Янінай Віктараўнай жывуць у Сакаўшчыне, трымаюць гаспадарку, чакаюць на выхадныя ў госці сыноў, якія працуюць інжынерамі буйных прадпрыемстваў рэспубліканскага значэння, цешацца маленькай унучачкай Аляксандрай. Дзякуй Богу, жывуць яго бацькі, і таму ў родных Стайках ён бывае ледзь не штодня. І. М. Сухадолец і дзяцей выгадаваў, і дом пабудаваў, і дрэў насадзіў. І па пашпарце, і па выглядзе ён – малады мужчына, у самым росквіце сіл. Таму яшчэ шмат чаго карыснага і добрага Івану Сухадольцу трэба зрабіць на гэтай зямлі…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *