Так трымаць і надалей, Антон!

Молодежный курьер Общество

Адзінаццацікласнік гімназіі № 1 г. Валожына Антон ВІРШЫЧ прызнаны “Вучнем года Мінскай вобласці-2019”.

   Конкурс “Вучань года Мінскай вобласці” праводзіўся ў пяты раз. Сёлета лепшымі сталі 25 вучняў цэнтральнага рэгіёну, якія праявілі сябе ў вучэбнай, творчай, спартыўнай, грамадскай дзейнасці. Сярод іх – пераможцы рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў і праектаў, спаборніцтваў, лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, вучнёўскага самакіравання, валанцёрскага руху. Усе яны былі запрошаны на цырымонію ўзнагароджання фіналістаў конкурсу, якая адбылася 10 снежня ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці і стала фінальным мерапрыемствам дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

    Пераможцы ўшаноўваліся ў пяці намінацыях: “Вучэбная дзейнасць”, “Праектная дзейнасць”, “Спартыўная дзейнасць”, “Грамадская і працоўная дзейнасць”, “Творчая дзейнасць”. Наш Антон Віршыч вызначыўся ў “Вучэбнай дзейнасці”: у сакавіку мінулага года атрымаў дыплом трэцяй ступені па працоўным навучанні на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах і патрапіў у лік стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Пасведчанне пераможцы абласнога конкурсу, памятную статуэтку і значок яму ўручыла начальнік Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Таццяна Апраніч, якая ў вітальным слове падкрэсліла: “Вы – лепшыя вучні Мінскай вобласці, вы – будучыня Рэспублікі Беларусь”.

    Акрамя таго, лепшых вучняў чакалі салодкія падарункі, музычныя нумары, творчыя сюрпрызы, экскурсія па горадзе. Таксама рабяты наведалі Слуцкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, дзе павіншавалі выхаванцаў з навагоднімі святамі, расказалі пра свае дасягненні і поспехі, уручылі ім цукерачныя наборы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *