Трэніроўкі спалучылі са спаборніцтвамі

Молодежный курьер Спорт

На працягу двух дзён – 4 і 5 студзеня – у спартыўнай зале ДЮСШ праходзіў Міжнародны калядны турнір па міні-баскетболе з удзелам хлопчыкаў 2010-2011 года нараджэння. За перамогу ў ім змагаліся 6 каманд: з Валожына, Нясвіжа, Мінска (2 каманды). І ўпершыню прыехалі юныя баскетбалісты з горада Хімкі Маскоўскай вобласці, якія таксама выставілі дзве каманды.

    Перамогу святкавала каманда з Нясвіжа, другое і трэцяе месцы занялі спартсмены з Мінска і Хімак. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны медалямі і граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Таксама памятнымі прызамі адзначылі лепшых ігракоў кожнай каманды. У камандзе нашых землякоў прыз атрымаў Глеб Вашкевіч (на здымку).

    З 2 па 9 студзеня ў Валожыне праходзілі вучэбна-трэніровачныя зборы юных расійскіх баскетбалістаў, якія прыбылі з Хімак, – 24 хлопчыкі і 2 трэнеры. Яны прадстаўлялі спартыўную школу алімпійскага рэзерву № 1. На гэтыя дні арандавалі спартыўную залу ДЮСШ, дзе двойчы на дзень праходзілі трэніроўкі. Харчаваліся расіяне ў сталовай райцэнтра. Паглядзець на сваіх дзяцей у гульні і падтрымаць падчас спаборніцтваў у калядныя дні прыязджалі некалькі бацькоў. У Валожыне ўсім спадабаліся гасціннасць людзей, з якімі даводзілася сутыкацца, і добрыя ўмовы для трэніровак, пражывання, а таксама смачная ежа.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий