Расці шчаслівым, Аляксандр!

Безопасность и здоровье Люди и судьбы Общество

На мінулым тыдні ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” работнікі Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва завіталі ў радзільнае аддзяленне Валожынскай райбальніцы, каб павіншаваць парадзіх, якія ў гэтыя святочныя дні займелі нашчадкаў, а таксама ўручыць ім падарункі: памперсы, спецыяльны крэм для нованароджаных, адзенне – усё з гуманітарнага грузу з Германіі.

    Трэба адзначыць, што радасць нараджэння новага члена сям’і ў першыя дні 2020 года на Валожыншчыне займелі тры матулі: адна з іх нарадзіла хлопчыка 6 студзеня, другая пасля аперацыі знаходзілася ў рэанімацыйным аддзяленні, а яшчэ адзін маленькі валожынец з хвіліны на хвіліну павінен быў з’явіцца на свет 8 студзеня. Таму сустрэцца і паразмаўляць нам давялося толькі з адной шчаслівай матуляй з вёскі Бузуны Ракаўскага сельсавета, сям’я якой папоўнілася сыночкам Аляксандрам. Гэта доўгачаканае дзіця, пра якое ўжо ніхто і не марыў, бо старэйшай дачцэ на сённяшні дзень 18 гадоў, расказала Алена Яраславаўна СТАХЕВІЧ.

    Распавяла яна досыць цікавую і, можна сказаць, у нейкім сэнсе казачную гісторыю з’яўлення будучага нашчадка іх сям’і на свет. Самі бацькі немаўляці з вялікіх сем’яў: у Аленінай іх шасцёра, у мужавай – пяцёра. Безумоўна ж, і яны хацелі быць шматдзетнымі. Аднак дачушка так і заставалася першынцам доўгія дваццаць гадоў сумеснага жыцця. Пра цяжарнасць даведалася выпадкова, калі з недамаганнем звярнулася да ўрача. У той момант як быццам кіпенем абдало – розныя пачуцці нахлынулі ў адно імгненне: шок, хваляванне, радасць… Яно і не дзіўна, бо ў 39 гадоў нарадзіць дзіця, гэта не ў 20, калі ўсё робіцца, як кажуць, на адным дыханні. А вось муж быў на дзясятым небе ад шчасця, тым больш, што, па словах матулі, сын – поўная копія бацькі.

    А вось пра тое, што ў іх народзіцца хлопчык і як яго назавуць, ім паведаміла мужава сваячніца. Неяк яшчэ летам мінулага года яна стаяла на аўтобусным прыпынку каля станцыі метро “Каменная Горка” ў Мінску. Побач праходзіла цыганка і мімаходзь сказала: “У вашай радні чакаецца папаўненне. Народзіцца хлопчык, назавіце яго Аляксандрам – будзе шчаслівым!” “Мне не трэба варажыць”, – прамовіла жанчына. “А я і не варажу, а кажу тое, што бачу”, – пачула ў адказ. Прыехаўшы дадому, сваячніца паведаміла пра цікавы выпадак, звярнуўшы ўвагу, што ў іх сям’і менавіта Аленін муж самы малады па ўзросце.

    Вось так на свет з’явіўся сапраўдны багатыр вагой 4 кілаграмы 170 грамаў, якога і назвалі Аляксандрам! Будзем спадзявацца, што і далейшае прадказанне цыганкі здзейсніцца – ён стане шчаслівым чалавекам і абаронцам іх роду. Нездарма ж яму далі старажытнагрэчаскае імя, якое ў перакладзе азначае “абаронца”. Нягледзячы на ўсялякія змены, гэта імя па-ранейшаму ў модзе і займае першыя месцы ў рэйтынгу па папулярнасці.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий