Услаўлялі Нараджэнне Хрыстова

Кругозор Культура Молодежный курьер

Па добрай традыцыі, у светлыя калядныя дні ў раёне ў адзінаццаты раз прайшоў Адкрыты духоўны фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці “Калядная зорка”. Сёлета ўпершыню месцам яго правядзення стаў старажытны Ракаў.

    Будынак сярэдняй школы аграгарадка ў мінулую нядзелю напоўніўся цудоўнымі духоўнымі песнапеннямі, музыкай, дзіцячымі галасамі. Удзел у мерапрыемстве прынялі школы мастацтваў раёна, Нядзельная школа храма Праабражэння Гасподняга, Ракаўскія сярэдняя школа і цэнтр народнай творчасці.

    Адкрыў фестываль і павіншаваў прысутных з Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам благачынны Ракаўскай акругі Маладзечанскай епархіі протаіерэй Сергій Лепін. Ён адзначыў, што свята Богаўвасаблення збірае людзей разам у цэрквах, касцёлах, малітоўных дамах і аб’ядноўвае. Сустракаць і святкаваць яго трэба з асаблівай цішынёй у сэрцы. У падарунак народжанаму Хрысту мы прыносім праслаўленні, малітвы, падзяку за выратаванне, якое Ён даруе нам. Сваю любоў да Госпада мы выказваем добрымі справамі, вучобай, клопатам пра блізкіх, паслухмянасцю і дабрынёй. І “Калядная зорка” – таксама падарунак Ісусу Хрысту.

    Упершыню ўвазе гледачоў на фестывалі была прадстаўлена батлейка – адзін з найстаражытнейшых відаў беларускага народнага мастацтва. Пастаноўкай “Цар Ірад” праграму распачаў тэатральны гурток “Жаронцы” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Дзеці і дарослыя, якія знаходзіліся ў зале, не маглі адвесці вачэй ад дзеі, што разгарнулася на абодвух ярусах батлейкі. Прыгожыя лялькі прыцягвалі да сябе ўвагу.

    Затым на сцэну падняўся хор хлопчыкаў “Fortis” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Чыстыя прыгожыя галасы кранулі сэрца кожнага слухача. На змену ім выйшлі дзіцячы хор “Званочак” Ракаўскай сярэдняй школы, які падкупіў сваёй напасрэднасцю і прыгажосцю выканання, і хор малодшых класаў “Жаваранкі” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Вішнеўскую дзіцячую школу мастацтваў прадставілі Ганна Матус, якая выдатна праспявала твор “Ражджаство”, дуэт і вакальная група. Незабыўнае ўражанне пакінулі пра сябе дуэт “Victory” Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў і вакальны ансамбль Нядзельнай школы храма Праабражэння Гасподняга. Дружнымі апладысментамі гледачы сустракалі вакальную групу “Элегія” Ракаўскай СШ. Цудоўнае акапэльнае выкананне прадэманстравалі вакальны ансамбль Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў і дзіцячы хор Гародзькаўскага філіяла Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў. На заканчэнні выдатна выступіў хор “Іслачанка” Ракаўскай ДШМ.

    Вельмі прыемна, што сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел не толькі харавыя калектывы і вакалісты, але і артысты іншых жанраў. Рабяты з творчай студыі “Лісіная нара” прапанавалі ўвазе гледачоў пастаноўку “Лекі для мамы”. Адчуваўся своеасаблівы стыль спектакля, музычныя фрагменты арганічна ўпляталіся ў дзею. Дзяўчаты і хлопцы прадэманстравалі сапраўднае акцёрскае майстэрства і падарылі публіцы нямала прыемных хвілін.

    Нельга не ўспомніць і юных чытальнікаў, што дэкламавалі вершы на тэму Нараджэння Хрыстова. Ягор Супрановіч, Дар’я Ерамінок, Аляксей Ламака, Кацярына Мінько і Марта Бяляўская змаглі зарадзіць у сэрцах прысутных зерне дабрыні і любові да блізкіх.

    Наступіў хвалюючы момант узнагароджвання. У першую чаргу на сцэну запрасілі Анастасію Бычкоўскую і Анастасію Хаўрук, што да пачатку мерапрыемства правялі для жадаючых майстар-класы па валянні з воўны і вырабе свечак з вашчыны адпаведна. Юныя артысты шчыра апладзіравалі і падтрымлівалі кожнага, каму ўручалі дыпломы і падарункі. У выніку ўсе ўдзельнікі мерапрыемства сабраліся на сцэне і разам выканалі фінальную песню, якой яшчэ раз уславілі Нараджэнне Хрыстова.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара



Добавить комментарий