Малявалі і прызы атрымалі

Культура Молодежный курьер Общество

Яшчэ ў пачатку снежня мінулага года гаспадары магазіна “Манікс” у райцэнтры Сяргей і Вольга Макоўскія аб’явілі пра конкурс дзіцячага малюнка “На двары Каляды” і размясцілі ў сацыяльных сетках яго ўмовы.

    На запрашэнне прыняць удзел у конкурсе адгукнуліся юныя мастакі не толькі з Валожына, даставілі работы дзевяцігадовая Ксенія Анкуда з Багданава і яе равесніца і цёзка Ксенія Рудая з Пяршаяў. Увогуле, чамусьці актыўнымі аказаліся менавіта мастакі дзевяцігадовага ўзросту. Былі і старэйшыя – 11-13-гадовыя. А самымі юнымі ўдзельнікамі конкурсу сталі сямігадовыя Яна Рабкевіч і Аляксей Нехвядовіч.

    Зразумела, не ўзрост адыгрываў галоўнае значэнне, калі журы падводзіла вынікі. Галоўным было раскрыццё тэмы конкурсу, мастацкія вартасці малюнка. А ўсе работы – дзіўныя, светлыя, радасныя – па адчуванні свята, па разуменні самога таінства Нараджэння Хрыста, якое кожны перадаваў па-свойму. Хачу таксама адзначыць, што ўдзел у конкурсе не быў абавязковым, як, напрыклад, выкананне дамашняга задання ці ўдзел у нейкім афіцыйным класным ці школьным мерапрыемстве. Юныя мастакі малявалі выключна па ўласным жаданні, без падказак, і рухалі імі любоў да творчасці і вера ў свае сілы. Такім чынам у конкурсным марафоне браў удзел 21 малюнак.

    Першае месца было прысуджана рабоце Паліны Пярловіч, другое і трэцяе – Таццяны Іншаковай і Мацвея Загорскага. Дарэчы, усе малюнкі выстаўляліся ў сацыяльных сетках без указання асобы аўтара, і кожны жыхар раёна мог іх ацаніць і прагаласаваць. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся адразу дзвюм удзельніцам – Ксеніі Рудай і Ксеніі Рай.

    9 студзеня арганізатары запрасілі канкурсантаў да сябе ў магазін, дзе адбылося ўзнагароджванне пераможцаў. За 1-2-е месцы былі ўручаны дзіцячыя сумкі з гуашшу і папкамі з лістамі для малявання, за трэцяе – рукзак з падарункамі. За сімпатыі гледачоў юныя мастачкі атрымалі папкі з выявай малюнка “Рыбачка” фармату А3 і каляровыя алоўкі. Ніхто не быў абдзелены ўвагай арганізатараў. Кожны ўдзельнік атрымаў на памяць незвычайны кубак – з выявай свайго малюнка, а таксама кніжку “25 любімых гісторый з Бібліі”. Думаю, што пры жаданні такія ж кубкі змогуць заказаць іх родныя, калі захочуць паднесці сваякам і сябрам у якасці сувеніра. А лепшыя малюнкі некаторы час будуць упрыгожваць салон магазіна.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *