Бяспека да бяды прывяла

Безопасность и здоровье Закон и порядок

Раённы выканаўчы камітэт вынес рашэнне па няшчасным выпадку, які адбыўся 23 ліпеня на майстэрскім участку «Клім» ДЛГУ «Валожынскі лясгас» і прывёў да цяжкай вытворчай траўмы работніка.

У той дзень тры работнікі, задзейнічаныя на дрэваапрацоўчых станках, атрымалі заданне на распілоўку паўбруса. Двое пілавалі, адзін прымаў на выхадзе з WD-250-350 дошкі і перадаваў другому станочніку для канчатковай дапрацоўкі. Змена амаль што завяршылася, калі нехта заўважыў, што на шматпільніку ніжняя частка дыскаў забілася апілкамі. Работнік, які прымаў дошкі, вырашыў ачысціць станок. Ён націснуў на кнопку «стоп», зняў ахоўную агароджу і пачаў рукой выграбаць рэшткі драўніны. Але не ведаў, што за поўнае спыненне работы станка адказвае іншая кнопка…

Правая рука работніка трапіла пад дыскі. Ад агрэгата чалавека адкінула адразу ж, аднак было ўжо позна. Майстар, які падбег да небаракі, аказаў яму першую медыцынскую дапамогу і выклікаў «хуткую». У райбальніцы паставілі дыягназ: «Няпоўная траўматычная ампутацыя правай кісці» з ускладненнямі…

Падчас папярэдняга расследавання з тлумачэнняў пацярпелага стала вядома, што ніхто яму не даручаў ачыстку станка, гэта рашэнне ён прыняў самастойна. У выніку не пераканаўся ў поўным спыненні работы агрэгата, не абясточыў яго – і быў цяжка траўміраваны. Пры гэтым першасны інструктаж ён прайшоў, з інструкцыяй па ахове працы і яе патрабаваннем наконт таго, што «станочніку забараняецца ажыццяўляць уборку рабочага месца падчас работы станка», быў знаёмы.

У рашэнні раённага выканаўчага камітэта ўказваецца, што адзінай прычынай няшчаснага выпадку стала парушэнне норм і правіл па ахове працы з боку пацярпелага. Службовым асобам ДЛГУ «Валожынскі лясгас» даручана прыняць усе неабходныя меры, каб падобных сітуацый больш не было. Паступіла таксама патрабаванне правесці пазачарговую праверку ведаў па ахове працы майстэрскага саставу вытворчага ўчастка «Клім» у камісіі прадпрыемства.



Добавить комментарий