Цеплыня сустрэчы

Важное Кругозор Общество

Пашыранае пасяджэнне прэзідыума раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і ветэранскага актыву адбылося на базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына.

    Калядная сустрэча праходзіла ў рамках сумеснага плана работы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сферы адукацыі і навукі і раённага савета ветэранаў сістэмы адукацыі і прафсаюзнага руху. Разам сабраліся старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый устаноў адукацыі, прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, члены прэзідыума раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

    Усіх прыбыўшых гасцінна сустрэў дырэктар установы адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Уланчык. Ён расказаў пра школу, яе вучняў і іх дасягненні, а затым правёў у музей, дзе пастаянныя экскурсаводы прадставілі экспазіцыі, што адлюстроўваюць сялянскае і гарадское жыццё IX – пачатку XX стагоддзя, а таксама выставы прадметаў пляцення з саломы, лазы і берасты, беларускага народнага адзення, музычных інструментаў таго часу. Вучні прадэманстравалі прысутным старажытны беларускі народны танец, задорная мелодыя якога прымусіла пусціцца ў скокі і некаторых гасцей.

    Затым удзельнікаў мерапрыемства правялі ў міні-цэнтр бяспекі жыццядзейнасці створаны ў рамках ініцыятывы “Бяспека дзяцей. Інавацыйныя метады навучання бяспецы жыццядзейнасці”. Далей шаноўных людзей чакаў цудоўны канцэрт, які падрыхтавалі вучні школы, і сумеснае чаяванне.

    Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала павітала прысутных і расказала аб тым, што адбылося ў сістэме адукацыі раёна за мінулы год. На Валожыншчыне дзейнічаюць 27 устаноў, дзе працуюць 1114 чалавек, 815 з іх – педагагічныя работнікі, і вучацца 4618 дзяцей. Таццяна Мікалаеўна паведаміла пра поспехі школьнікаў у алімпіядах, інтэлектуальных, творчых і спартыўных конкурсах, якіх рабяты дамагаюцца, дзякуючы сваім настаўнікам. Яна прывяла прыклады найбольш яркіх перамог за мінулы год, з гонарам паведаміла, што ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама стала лаўрэатам абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лідар ў стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя” і пераможцам абласнога конкурсу “Лідар у рэалізацыі кадравай палітыкі”. Кіраўнік адзначыла, што важным напрамкам дзейнасці ўпраўлення з’яўляецца і работа з ветэранамі працы, актыўная жыццёвая пазіцыя якіх застаўляе быць у пастаянным пошуку новых форм работы. Яна пажадала ўсім прысутным пазітыўнага настрою, моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, аптымізму, душэўнай цеплыні і спаўнення самых запаветных жаданняў.

    Старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вераніка Віктараўна Загорская адзначыла, што прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі праводзіць вялікую работу з ветэранамі педагагічнай працы, а тыя заўсёды актыўна адгукаюцца на любую прапанову. Гэта вельмі радуе і стымулюе на далейшую сумесную працу.

    Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сферы адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская паведаміла, што перад прафсаюзам і ветэранскім актывам стаяць вельмі важныя і надзённыя задачы. Неабходна надаць увагу кожнаму ветэрану, а іх у сістэме адукацыі на 1 студзеня 2020 года налічваецца 564 чалавекі, 445 з якіх не працуюць, 52 – адзінокія, 8 – інваліды. Сярод іх – 11 чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 3 – заслужаныя настаўнікі, 13 – выдатнікаў адукацыі, ёсць адзін малалетні вязень – былы настаўнік Шчаўканаўскай школы Надзея Іванаўна Каваленка. Гэта той залаты фонд, якім трэба ганарыцца, як і ўсімі, хто працаваў у сістэме адукацыі.

    Ветэранамі педагагічнай працы было сказана шмат добых цёплых слоў падзякі ў адрас кіраўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў сферы адукацыі і навукі,  раённага савета ветэранаў, пярвічных арганізацый. Таксама гучалі віншаванні і шчырыя пажаданні.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *