Па слядах перамогі

Молодежный курьер Общество

Пасля Вялікай Айчыннай вайны прайшло 75 гадоў, у жывых засталіся вельмі нямногія з яе ўдзельнікаў, але іх подзвіг назаўсёды будзе гонарам для нашчадкаў. Дзеці павінны ведаць, помніць і шанаваць гераізм дзядоў і прадзедаў, не забываць, як цяжка дасталася Перамога, як адважна абаранялі Радзіму нашы продкі.

    Гэтай тэме прысвечана рэспубліканская патрыятычная квэст-гульня “Па слядах Перамогі”, занальны этап якой на мінулым тыдні прайшоў на базе гімназіі № 1 г. Валожына. Сюды завіталі чатыры акцябрацкія і чатыры піянерскія каманды з Дзяржынскага, Мінскага і Маладзечанскага раёнаў. Валожыншчыну прадстаўлялі “Нашчадкі Перамогі” і “Патрыёт” сярэдняй  школы № 2 райцэнтра.

    Перад пачаткам спаборніцтваў іх удзельнікаў вітала старшыня раённага савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Марыя Кушнір. Яна нагадала, што ў ліпені мінулага года быў дадзены старт рэспубліканскай квэст-гульні, якая прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Марыя Валянцінаўна запрасіла рабят у займальнае падарожжа па слядах Перамогі, патлумачыла арганізацыйныя моманты і прадставіла піянераў-гідаў, якіх замацавалі за кожнай камандай. Затым увазе прысутных былі прапанаваны відэаролікі, што рабяты загадзя падрыхтавалі і прывезлі на спаборніцтвы.

    Удзельнікам квэст-гульні трэба было прайсці пяць станцый, да якіх яны па чарзе накіроўваліся па атрыманых маршрутных лістах. Падчас выканання заданняў школьнікі праяўлялі кемлівасць, паказвалі добрыя веды і фізічную падрыхтоўку. За час гульні хлопчыкі і дзяўчынкі паспелі зблізіцца і пасябраваць.

    І вось ужо ўсе этапы пройдзены, балы набраны. Удзельнікі зноў сабраліся ў актавай зале. Яны з нецярпеннем чакалі моманту падвядзення вынікаў. Іх абвясціла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Кацярына Кароль.

    Сярод акцябрацкіх атрадаў перамогу святкавала каманда “Артылерысты” з Прывольненскай сярэдняй школы Мінскага раёна, а сярод піянерскіх – каманда “Пазітыў” гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна. Яны стануць удзельнікамі абласнога этапу рэспубліканскай патрыятычнай квэст-гульні “Па слядах Перамогі”.

   І малодшыя, і старэйшыя рабяты з Валожына дастойна выступілі, набралі дастаткова балаў, каб у абодвух выпадках заняць ганаровыя другія месцы. Віншуем іх з такім годным вынікам.

   Спаборніцтвы закончыліся, а добрыя ўспаміны пра іх яшчэ доўга будуць жыць у душах дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *