Будаўніцтва новага дзіцячага садка — галоўная падзея для Івянца

Важное Главное Общество Официально

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар БАЛІНАЎ, дырэктар філіяла ПМК-17 ААТ «Палессежылбуд» Уладзімір ВАЛЧОК і прадстаўнік ААТ «Палессежылбуд» па Мінскай вобласці Уладзімір НАДТАЧАЕЎ за абмеркаваннем плану работ.

У гарадскім пасёлку поўным ходам ідзе ўзвядзенне дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.

    Яго ўзвядзенне без перабольшання можна назваць мегабудоўляй і галоўнай падзеяй, якую, нарэшце, прычакалі не толькі ў гарпасёлку, а ў раёне ўвогуле. Новая сучасная трохпавярховая ўстанова адукацыі размесціцца па завулку Савецкім – акурат насупраць мясцовай школы. Работы тут распачаліся яшчэ напрыканцы мінулага года. Заказчыкам аб’екта з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Валожынскага раёна, а вось генеральным падрадчыкам – ААТ “Палессежылбуд”. Будаўніцтва вядзецца па інвестыцыйнай праграме, асноўныя крыніцы фінансавання – рэспубліканскі і Мінскі абласны бюджэты.

    Згодна з праектам, дзіцячы сад разлічаны на 230 месцаў, дзе будуць займацца 12 груп. Прадугледжаны памяшканні фізкультурна-аздараўленчага прызначэння, басейн. На тэрыторыі размесцяцца групавыя пляцоўкі з ценявымі навесамі, агульная фізкультурная пляцоўка, пляцоўка для вывучэння Правіл дарожнага руху.

    На першым паверсе будынка будуць знаходзіцца дзве групы дзяцей да трох гадоў і дзве малодшыя (з 3 да 4 гадоў), басейн, памяшканні харчаблока і пральні. На другім паверсе – 4 групы, памяшканні медыцынскага прызначэння (кабінет урача, працэдурная, 2 палаты, ізалятар, кабінет настаўніка-дэфектолага, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, прыёмная), універсальная зала, камп’ютарны клас (студыя выяўленчага мастацтва), службовыя памяшканні. На трэцім паверсе, акрамя знаходжання 4 груп, мяркуецца навучанне вучняў першых класаў Івянецкай сярэдняй школы. Тут жа размесцяцца зала для музычных заняткаў, памяшканні фізкультурна-аздараўленчага прызначэння.

    Прадугледжана сістэма відэаназірання.

   Заканчэнне будаўніцтва аб’екта запланавана на кастрычнік бягучага года. Аднак плануецца, што ўжо 1 верасня дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці прыме сваіх выхаванцаў. 

    Над ажыццяўленнем пастаўленай задачы ўзмоцнена працуюць кіраўнікі ўсіх зацікаўленых службаў: кожную пятніцу яны збіраюцца разам, каб прасачыць ход будаўніцтва на месцы, а таксама абмеркаваць надзённыя пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе работ. У прыватнасці, на планёрцы, што праходзіла 17 студзеня, узнімаліся пытанні арганізацыі дарожнага руху ў сувязі з узросшай колькасцю транспарту і захаваннем бяспекі пешаходаў – каб дзеці маглі спакойна ісці ў школу і гэтак жа вяртацца дадому пасля заняткаў. Абмяркоўвалася і пытанне размяшчэння і пражывання рабочых будаўнічых спецыяльнасцей, якія прыедуць ужо на гэтым тыдні.

ДЛЯ ДАВЕДКІ.    У 2018-2019 навучальным годзе ў ДУА “Яслі-сад “Лесавічок” г. п. Івянец” навучаліся 199 выхаванцаў, функцыянавалі 10 груп; у 2019-2020 навучальным годзе навучаюцца 210 выхаванцаў (12 груп).

    У ДУА “Івянецкая сярэдняя школа” навучаюцца 675 вучняў, з іх 250 – 1-4 класаў. Вучні 3-4 класаў займаюцца ў другую змену. Сярод іх ёсць дзеці, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Заняткі заканчваюцца ў 18.05. Падвоз арганізаваны для 142 вучняў з 29 населеных пунктаў: у школе працуюць 6 груп падоўжанага дня для 157 выхаванцаў з 1-7 класаў. Большасць дзяцей, што пражываюць на вёсках, знаходзяцца ў школе на працягу ўсяго дня, гэта адбіваецца на іх працаздольнасці і захаванні здароўя.

    У 2019-2020 навучальным годзе і надалей плануецца больш за 80 вучняў першых класаў. Абсталяваны два спальныя памяшканні, разлічаныя на 48 вучняў, якія сумешчаны з гульнявымі пакоямі, адсутнічае спартыўная зала для вучняў 1-4 класаў. У адпаведнасці з санітарнымі нормамі памяшканні для першых класаў аб’ядноўваюць у асобную навучальную секцыю (блок), што прадугледжваюць вучэбныя памяшканні, пакоі адпачынку, гардэробную, памяшканні санітарных вузлоў, рэкрэацыю, спартыўную залу. Таму ўзнікае неабходнасць размяшчэння вучняў першых класаў на базе ўстановы дашкольнай адукацыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *