Пуцявiны роднага слова

Культура

Мова з крыўдай,

са скарбамі ўласнымі,

Што пранесла праз

жудасны век,

І сівая, і разам сучасная,

Як харошы, жывы чалавек.

Л. ГЕНІЮШ.

Рубрыку вядзе настаўніца беларускай мовы гімназіі № 1 горада Валожына, сябра ТБМ Людвіка Станіславаўна Таўгень.

Кожная мова мае сваю гісторыю, праходзіць свой адметны шлях, непадзельны ад гісторыі народа. Сваю гісторыю, свой шлях мае і беларуская мова. Так ужо склалася, што развіццё нашай мовы непасрэдна залежала ад развіцця краіны. Калі наша грамадства было на вышэйшай ступені развіцця, тады і мова квітнела. Калі ж сацыяльнае, культурнае, духоўнае развіццё беларускага народа былі ў заняпадзе, занепадала і яго мова.

А зараз прыадкрыем завесу часу і паназіраем за тымі працэсамі, што адбываліся на нашай шматпакутнай зямельцы. Давайце пройдземся пуцявінамі роднага слова.

Больш за паўтары тысячы гадоў назад на абшарах нашай краіны рассяліліся славяне: крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Крывічы (значыць, адзінакроўныя, крэўныя): прозвішча Крывіцкі, тапонімы Крэва, Крывічы паходзяць ад назвы гэтага племені. Дрыгавічы (ад слова дрыгва) жылі на балотах. Радзімічы (ад імя правадыра Радзіма): ці не адсюль словы род, народ, радзіма. Побач з імі жылі старажытныя балцкія плямёны.

З часу прыходу славян на тэрыторыю Беларусі і пачатку іх сумеснага жыцця з балтамі і “пачынаецца самазараджэнне беларускага народа і яго самаразвіццё” (М. Ермаловіч). А значыць, зараджэнне і развіццё беларускай мовы.

Старажытныя саюзы не распаліся, а паступова перараслі ў дзяржаўныя супольнасці і атрымалі назву Полацкае і Турава-Пінскае княствы. У VIII стагоддзі ўзнік самы буйны цэнтр крывічоў – Полацк. У IX стагоддзі Полацк канцэнтруе вакол сябе велізарныя тэрыторыі і становіцца адным з наймагутнейшых палітычных і культурных цэнтраў Усходняй Еўропы. Прыкладна ў гэты час умацоўвае свае пазіцыі і другі цэнтр усходніх славян – Кіеў.

У канцы Х стагоддзя (988 год) усходнія славяне прынялі хрысціянства, якое прынесла пісьменнасць на царкоўнаславянскай, ці стараславянскай мове. Паступова выпрацоўваецца свой варыянт пісьмовай мовы, якая існуе паралельна са шматлікімі мясцовымі гаворкамі. З той пары дайшлі да нас палымяныя словы асветнікаў – выхадцаў з беларускіх земляў – К. Тураўскага, Е. Полацкай, К. Смаляціча.

Ужо к XIII стагоддзю і Кіеў, і Полацк страцілі сваю былую магутнасць. У такіх умовах усё большую ролю набываюць мясцовыя дыялекты.

Большая частка былой Кіеўскай Русі трапіла пад уладу мангола-татараў. Тэрыторыя будучай Беларусі, часткова ўкраінскія землі і балцкія плямёны (жмудзі, аўкштайты – продкі сучасных літоўцаў, яцвягі і іншыя) аб’ядноўваюцца і ўтвараецца адзіная дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае са сталіцай Навагрудкам (пасля сталіца ВКЛ была перанесена ў Вільню).

У складзе ВКЛ у XIV-XVI стагоддзях сфарміравалася беларуская народнасць і яе мова. Яна складвалася на аснове старажытнай усходнеславянскай мовы і жывых гаворак былых плямён – дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў. Старажытнабеларуская мова становіцца дзяржаўнай і ўжываецца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. На ёй была створана багатая літаратура, навуковая і мастацкая, пісаліся летапісы, вялася дыпламатычная перапіска з іншымі дзяржавамі, ствараліся дзяржаўныя дакументы. У гэты час жылі і працавалі такія вядомыя асветнікі, вучоныя, перакладчыкі, людзі энцыклапедычнай адукаванасці, як Ф. Скарына, С. Будны, М. Гусоўскі, В. Цяпінскі і іншыя. Львом Сапегам быў напісаны збор законаў дзяржавы “Статут Вялікага Княства Літоўскага”. Беларуская мова ў гэты перыяд мела такія ўмовы, што спрыялі яе няспыннаму развіццю. Гэта быў росквіт, пэўны ўзлёт развіцця пісьмовай мовы беларусаў.

Яскравае таму сведчанне – выдадзеная ў 1596 годзе “Граматыка Лаўрэнція Зізанія”, да якой быў дадатак “Лексіс” (слоўнік). Царкоўнаславянскія словы ў ім тлумачацца на старабеларускай мове. Значыць, мова наша даўняя, калі амаль чатыры стагоддзі жывуць словы, засведчаныя яшчэ ў XVI стагоддзі Зізаніем – вядомым беларускім педагогам, хто першым стварыў буквар і граматыку для пашырэння асветы сярод народа.

Зрэшты, пагартаем “Лексіс”: молва – гоман, молвлю – гаманю, гучу, гавару; мел – вапна, крэйда; неизреченный – невымоўны; непостоянный – несталы; обилие – дастатак; оружие – зброя; папа – тато; сапог – бот; срам – сорам; совесть – сумненне (пазней стала сумленне) і г. д.

Гэта дае падставы вучоным называць XV-XVI стагоддзі “залатым векам” у гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы. Трэба заўважыць, што нашы продкі ў тыя часы называліся ліцвінамі. Як адгалосак мінулага засталіся прозвішчы Літвін, Ліцвінка, Літвінаў, Літвіненка, Літвіновіч, Вільнявец (ад г. Вільня), назвы вёсак Літва (у Маладзечанскім і Стаўбцоўскім раёнах). Беларусамі мы сталі называцца і мову нашу сталі называць беларускай у сярэдзіне XVII стагоддзя, а краіну – Белай Руссю. Чаму так здарылася, дакладна ніхто не ведае. Адна з версій: белая – значыць вольная, чыстая. Еўрапейцы Усходнюю Еўропу ведалі як Русь, а нашы землі былі незалежныя. Таму і называлі Белай Руссю.

Аднак далейшы ход развіцця беларускай народнасці быў надзвычай неспрыяльным. Пасля аб’яднання ВКЛ з Польшчай (у выніку Люблінскай уніі 1569 года) беларускія землі ўвайшлі ў феадальную федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Паступова Княства Літоўскае з раўнапраўнага суб’екта шматэтнічнай дзяржавы (Рэчы Паспалітай) ператварылася ў нацыянальна залежны край польскай каралеўскай улады. Да таго ж супраць сваёй волі Беларусь стала арэнай безупынных ваенных сутычак паміж Польшчай і Масковіяй (Расіяй).

Усё гэта моцна тармазіла сацыяльнае, культурнае, духоўнае развіццё беларускага народа, развіццё яго мовы. І калі спачатку ў Рэчы Паспалітай у афіцыйным ужытку выкарыстоўваліся і польская, і беларуская мовы, то з цягам часу беларуская мова пачала выцясняцца з розных форм пісьменнасці польскай мовай.

А ў 1696 годзе Варшаўскі сейм прыняў пастанову, паводле якой дзелавыя дакументы трэба было пісаць па-польску. Паступова беларуская мова прыходзіць у поўны заняпад. Па сутнасці, яна захоўваецца толькі ў фальклоры ды ў штодзённым ужытку людзей, г. зн. працягвае развівацца пераважна народная гутарковая мова.

У канцы XVIII стагоддзя беларускі народ апынуўся ў новых гістарычных абставінах. Вялікая калісьці Рэч Паспалітая пасля трох падзелаў паміж Аўстрыяй, Прусіяй, Расіяй у 1795 годзе перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа не зменшыўся. Беларуская пісьменная мова па-ранейшаму не дапускалася ў афіцыйны ўжытак.

У чэрвені 1840 года Мікалай I выдае загад аб увядзенні на Беларусі рускага заканадаўства і рускай мовы ва ўстановах: “Усе справы, як урадавыя, так і па судовай часці, не выключаючы і спраў дваранскіх дэпутацкіх сходаў, праводзіць на рускай мове”. Імкнучыся асіміляваць беларускі народ, царскі ўрад у тым жа 1840 годзе (ліпень) забараняе ўжываць саму назву “Беларусь”. Словы Беларусь, беларускі лічыліся крамольнымі. Нашу краіну сталі называць “Северо-западным краем”. Акрамя папярэдняй паланізацыі, цяпер беларусы зазналі яшчэ і моцны ўціск царскіх русіфікатараў. Наступіла шматпакутнае, балючае і трагічнае для развіцця беларускай культуры, мовы XIX стагоддзе. Але пра гэты перыяд у гісторыі нашай Радзімы варта пагаварыць асобна.

Менавіта ў час нацыянальнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусаў умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа, прызнанне гістарчнай ісціны, што толькі на аснове нацыянальных традыцый можна стварыць каштоўнасці агульначалавечага значэння, што пытанне “Быць ці не быць самім беларусам?” вырашаецца праз лёс роднай мовы. Адсюль бярэ пачатак беларускае нацыянальнае адраджэнне. Гэту ісціну першымі ўсвядомілі лепшыя сыны нашага народа: Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, К. Каліноўскі, пазней – Я. Купала, Я. Колас, Цётка, М. Багдановіч, А. Гарун і іншыя. Іх творчасць, увабраўшая духоўныя здабыткі беларускага народа, і ёсць пачатак новай беларускай нацыянальнай літаратурна-пісьмовай мовы.

(Заканчэнне будзе).

 

 



Добавить комментарий