На сустрэчы з губернатарам

Важное Главное Молодежный курьер

Сярод 25 пераможцаў абласнога конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці-2019” вучань 11 класа гімназіі № 1 г. Валожына Антон Віршыч пабываў на сустрэчы са старшынёй Мінаблвыканкама Аляксандрам Турчыным.

    Мерапрыемства прайшло ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце ў фармаце прэс-канферэнцыі. Гэта забяспечыла свабодныя зносіны губернатара і таленавітых рабят сталічнага рэгіёну. Дыскусія доўжылася паўтары гадзіны, у вучняў 8-11 класаў была добрая магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні. Рабят цікавілі факты з дзяцінства кіраўніка вобласці, вучоба ў школе, выбар прафесіі, кар’ера, жыццёвыя прыярытэты і многае іншае.

    На Антона Віршыча незгладжальнае ўражанне аказалі ўспаміны афіцыйнай асобы пра школьнае жыццё, як займальна і карысна хлопчыкі і дзяўчынкі тады праводзілі час. Вучань года з Валожыншчыны таксама задаў сваё пытанне першай асобе Міншчыны. Ён хацеў пачуць меркаванне Аляксандра Генрыхавіча пра экалагічную абстаноўку ў свеце. Той патлумачыў, як шмат работы праводзіцца па гэтым пытанні, і, напрыклад, у Беларусі, на жаль, яшчэ няма культуры раздзельнага збору смецця.

    За час сустрэчы былі зададзены два дзясяткі пытанняў. Аляксандр Турчын таксама пагутарыў з удзельнікамі сустрэчы пра будучыню: пра асабістыя планы кожнага і аб тым, якой яны бачаць краіну ў перспектыве. Ён адзначыў, што падобная дыскусія з маладзёжнай элітай вобласці не апошняя, сустрэчы стануць традыцыйнымі і будуць насіць тэматычны характар.

    Антон расказаў, што дыялог атрымаўся насычаным, вельмі душэўным, па-сапраўднаму сяброўскім і пакінуў аб сабе самыя прыемныя ўражанні і ўспаміны. Старшыня аблвыканкама закрануў тэмы, якія на самай справе хвалююць моладзь.

    Пасля сустрэчы рабяты адправіліся на экскурсію ў Парк высокіх тэхналогій. Тут увазе маладых людзей прапанавалі прэзентацыю гэтай асаблівай эканамічнай зоны ў Беларусі, дзе распавялі пра яе дзейнасць, для чаго ўтворана і перспектывы развіцця. Антона Віршыча асабліва ўразіла статыстыка, якая паказвае, як зменіцца свет у бліжэйшым будучым.

    Юнакі і дзяўчаты змаглі азнаёміцца з рэзідэнтамі ПВТ і іх распрацоўкамі. Напрыклад, стваральнікі медыяплатформы StringersHub, якая аб’ядноўвае СМІ і стрынгераў па ўсім свеце, прадэманстравалі магчымасці свайго сэрвісу. Некаторыя ўжо не па чутках ведаюць дадатак Vochi – своеасаблівы фоташоп для відэа. Рэзідэнт ПВТ Clevetura прэзентаваў першую ў свеце інтуітыўную сістэму, што сумяшчае функцыі клавіятуры, мышы і тачпада.

    Падчас экскурсіі гаспадары надалі ўвагу і забавам: школьнікі скарысталіся ўнікальнай магчымасцю пратэсціраваць новую гульню, якая яшчэ не выйшла на рынак. На стэндзе парку віртуальных забаў можна было не толькі пагуляць, але і паспрабаваць сябе ў новых прафесіях. Антон з дапамогай тэхналогій віртуальнай рэальнасці на час стаў аўтамеханікам. Ён гаворыць, што менавіта так у перспектыве будуць рыхтаваць спецыялістаў гэтай сферы дзейнасці.

    Юнак атрымаў шмат станоўчых эмоцый ад зносін з самымі таленавітымі рабятамі вобласці, якія дасягнулі значных поспехаў у вучэбнай, творчай, спартыўнай і грамадскай дзейнасці. Сярод іх – стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, спартыўных і творчых спаборніцтваў, лідары вучнёўскага самакіравання, валанцёры. Цікава было з імі пагутарыць, паслухаць іх гісторыі і расказы. Хлопец гаворыць, што пасля такой змястоўнай сустрэчы з’явілася яшчэ большае жаданне вучыцца і развівацца далей.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *