Наша традыцыйная рубрыка

Региональные новости

На працягу навучальнага года арганізуецца бясплатнае аздараўленне пэўнай катэгорыі школьнікаў. У першую чаргу гэта тычыцца дзяцей з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў.

    2020 год двое вучняў Багданаўскага і трое Сакаўшчынскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа пачалі з аздараўлення на базе Уздзенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната. Заехалі туды яшчэ ў дні канікулаў – 5 студзеня, а вярнуліся дадому 25-га. З 30 студзеня пачынаецца новая змена. У санаторную школу зноў адправяцца пяць вучняў: два шасцікласнікі з Гародзькаў і два вучні 5-га і адзін 7-га класаў з Дораў.

 

У Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце з’явіліся 4 інтэрактыўныя насценныя дошкі памерам 2,50х1,50 метра. Дзве дошкі прызначаны для вучняў пачатковых класаў, астатнія – для старэйшых выхаванцаў.

    Сучасныя “разумныя” дошкі – вялікая дапамога ў рабоце настаўнікаў і выхавацеляў, а таксама на іх могуць самастойна працаваць і дзеці. Сучаснае пакаленне хутка асвойвае новыя прыстасаванні і тэхналогіі, тым больш, што ўпраўляць дошкай практычна аднолькава, як і сэнсарным тэлефонам. Дошкі спатрэбяцца як для групавых заняткаў, так і для індывідуальных.

 

19 студзеня ў Ракаўскім цэнтры народнай творчасці зладзілі мерапрыемства для ўдзельнікаў заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Гасцінец” і для бацькоў дзяцей, якія наведваюць гурткі “Чыжыкі” і “Вянок”, – “Стрынаткі на Калядкі”. Такім чынам культработнікі як бы падвялі рысу пад усімі навагоднімі і каляднымі святамі. На свята сабралася каля шасцідзесяці чалавек.

    З удзелам членаў тэатральнага гуртка “Жаронцы” была паказана народная драма “Цар Ірад”. А потым пачаліся абрадавыя песні і танцы, гульні. Усё прайшло задорна, весела пад жывую музыку. Дудары, цымбалісткі, скрыпачы і баяністы, а таксама ўдарна-шумавыя інструменты стварылі па-сапраўднаму святочную атмасферу.

 

У мінулую пятніцу 13 членаў клуба “Лэдзі” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў чарговы раз здзейснілі паездку ў сталіцу.

    Пачалася іх насычаная праграма з наведвання культурна-забаўляльнага цэнтра “Дана-Мол”, потым жанчыны пабывалі ў музеі “Краіна-міні” на Кастрычніцкай плошчы, дзе прадстаўлены архітэктурныя помнікі ўсёй Беларусі ў міні-варыянце. А вечарам іх чакаў спектакль “Пан Тадэвуш” у Дзяржаўным тэатры імя Я. Купалы.

 

У нашым горадзе існуе валейбольны клуб “Волкі”, у якім займаюцца юнакі і дзяўчаты рознага ўзросту. Афіцыйны заснавальнік клуба – РАНС, а працуе ён на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам трэнера-энтузіяста А. Б. Балабана. Вялікую падтрымку трэнеру аказваюць бацькі дзяцей, менавіта яны зацікаўлены ў тым, каб іх нашчадкі не проста займаліся прыгожым відам спорту, але і атрымлівалі ад гэтага задавальненне. Упершыню да двухгоддзя клуба заказалі 150 кішэнных календароў, на якіх адлюстраваны зборныя каманды юнакоў і дзяўчат.

    Да гэтай падзеі быў прымеркаваны і турнір, у якім прынялі ўдзел па  чатыры каманды юнакоў і дзяўчат з Маладзечна, Глыбокага Віцебскай вобласці, валейбольнага клуба ДЮСШАР “Мінск-2” і гаспадары пляцоўкі. Адкрыўся турнір сяброўскай сустрэчай паміж камандамі РАНС і старэйшай групай “Волкі”. Пасля пачаліся самі спаборніцтвы з удзелам валейбалістаў 2008 года нараджэння. У юнакоў першае месца заваявала каманда з Глыбокага, другімі былі “Волкі”, трэцяе месца занялі валейбалісты з Мінска. Сярод дзяўчат адразу тры каманды набралі роўную колькасць ачкоў. Давялося вызначаць пераможцаў па забітых мячах. Такім чынам першае і другое месцы дасталіся камандзе Маладзечна-2 і Маладзечна-1, трэцяе – нашай камандзе. Пераможцам былі ўручаны кубкі, усім без выключэння ўдзельнікам – медалі, заказаныя з дапамогай бацькоў. Памятнымі прызамі адзначаны лепшыя ігракі кожнай каманды.

 

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў жыхарка райцэнтра Галіна Уладзіміраўна Марцінкевіч, як і многія вернікі, чытае рэлігійны каталіцкі часопіс “Аve Маria”. І не толькі чытае, але ў апошнія гады дасылае туды свае вершы.

    Летась часопіс аб’явіў творчы конкурс на лепшы твор, прысвечаны свайму 25-годдзю. Наша зямлячка адправіла верш “Заўсёды свята”. І якая ж была радасць напрыканцы года, калі яна атрымала пасылку. А ў ёй былі маляўнічы каляндар на бягучы год і тры рэлігійныя кніжкі. Так рэдакцыя адзначыла яе за ўдзел у конкурсе. Дарэчы, на працягу года на старонках выдання вершы Г. Марцінкевіч друкаваліся некалькі разоў. І сёлета яна працягвае дасылаць туды свае паэтычныя творы.



Добавить комментарий