Крымінал, злачынствы і іх раскрыццё — у нашай рубрыцы

Закон и порядок

НЕ ДАГАВАРЫЛІСЯ

    У дзяжурную часць РАУС патэлефанаваў дачнік з Сасноўкі і паскардзіўся, што яго абакралі. Зніклі: культыватар, перфаратар, цыркулярная піла, шрубавёрт, абагравальнік, кувалда, лапата, мультыварка. Выехаўшы на месца здарэння, праваахоўнікі не знайшлі прыкмет ці слядоў узлому. Адпрацоўваючы розныя версіі, пазванілі жонцы пацярпелага. Жанчына і прызналася, што гэта яна вывезла маёмасць з гаспадарчай пабудовы.

ЗЛОСЦЬ СПЫНІЦЬ НЕМАГЧЫМА

    21 студзеня апоўначы адбыўся скандал з бойкай паміж сужыцелямі. Пацярпелай сябе палічыла жанчына 1980 года нараджэння, цела і твар якой пакрылі кровападцёкі і сінякі. Пры высвятленні справы аказалася, што пабоі ёй нанёс інвалід 1-й групы з захворваннем апорна-рухальнага апарату. Такую агрэсію выклікала рэўнасць. Дарэчы, мужчына ўжо не адзін раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за падобныя ўчынкі. Дэбашыра па прычыне хваробы “на суткі” не забралі, меру пакарання яму вызначыць суд.

     Але не толькі прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва любяць “памахаць” кулакамі. Зараз медыцынскую экспертызу праходзіць мужчына, якога збіла на мінулым тыдні жонка. Такім чынам сямейная пара пенсіянераў рашала надзённыя бытавыя пытанні.

     Паступіла некалькі сігналаў аб сварках без прымянення фізічнай сілы. Так, у Вайганах псіхалагічныя пакуты ад брыдкіх слоў мужа атрымала жанчына. У міліцыю яна паведаміла, але прыцягваць да адказнасці галаву сямейства не стала. У Галімцах сумесная п’янка мужа і жонкі скончылася канфліктам. Разбірацца ў сітуацыі выпала ўчастковаму інспектару міліцыі. Мужчыну пагражае адміністрацыйнае пакаранне, пацярпелая ўцякла ад мужа-кыўдзіцеля да сына.

     Яшчэ быў званок з вёскі Ткачы. Там бойка адбылася паміж двума братамі. Прыехаўшы на выклік, супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі: канфлікт – плод фантазіі мужчыны, які ў адзіночку піў цэлы дзень…

ПРЫЧАПІЎСЯ, ЯК П’ЯНЫ ДА ПЛОТА

    Сапраўды, нечым не дагадзіла агароджа аднаго з домаўладанняў па вуліцы Шчарбіны навучэнцу сельгасліцэя. Замест таго, каб вучыць прадметы і авалодваць практычнымі навыкамі, юнак, прыехаўшы ў райцэнтр з Шуловіч, хуліганіць. Гаспадар ацаніў паламаны плот у 200 рублёў.

     У Івянцы хлопец 2002 года нараджэння, таксама ліцэіст, але са сталіцы,    разышоўся куды з большым размахам. Злосць ён спаганяў на іншамарцы “Рэно”. У выніку яго хуліганскіх дзеянняў у аўтамабіля павыбіваны бакавыя, задняе і лабавое шкло, пярэднія фары, задні стоп-сігнал, пашкоджаны капот.

АТРУТУ ПІЎ, ЖЫЦЦЁ ЗГУБІЎ

    21 студзеня ў дзяжурную часць паступіла паведамленне ад брыгады хуткай дапамогі аб тым, што імі шпіталізаваны мужчына 1974 года нараджэння з прыкметамі атручвання невядомым рэчывам. Праведзеныя рэанімацыйныя мерапрыемствы не прывялі да аднаўлення жыццядзейных працэсаў. Прыкладна праз гадзіну пацыент памёр. Папярэдні дыягназ – сіндром адмены алкаголю, выкліканы працяглым перыядам ужывання алкаголю, востры панкрэатыт.

ПАЛАСАВАЎСЯ САЛАМ

    Пенсіянерка з Забрэззя мела ў запасе 4 трохлітровыя слоікі салёнага сала. Аднак спажыў прыгатаваны прадукт няпрошаны госць. Жанчына выявіла прапажу і тут жа патэлефанавала ў міліцыю. У ходзе аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў быў затрыманы мужчына, жывёлавод ААТ “Лоск”, які абгрунтавана падазраецца ва ўчыненым крадзяжы. Ён збіў прабой на дзвярах у склеп, незаконна пранік і забраў сала. Нанесены ўрон гаспадыня ацаніла ў 100 рублёў. Злодзей ужо меў сутычкі з законам і быў судзімы. Зараз ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

РАМОНТ СПЫНЕНЫ ПА ВАЖКІХ АБСТАВІНАХ

    Бядой скончыўся рамонт аднаго з дамоў у вёсцы Караблі. Там гаспадар паспрабаваў самастойна аднавіць дах. Аднак у нейкую хвіліну не ўтрымаўся на вышыні трох метраў і зваліўся вобземлю. Чалавек моцна пабіўся, зараз ён праходзіць лячэнне ў Мінскай клінічнай бальніцы.

СЕЯЛКА ДА СЯЎБЫ НЕ ГАТОВА

    Кіраўніцтва прыватнага прадпрыемства вымушана было звярнуцца за дапамогай у міліцыю па прычыне таго, што адна з іх сеялак для кукурузы засталася без колаў. Як стала вядома, агрэгат захоўваўся на спецыялізаванай стаянцы, аднак гэта не перашкодзіла зламысніку зняць два колы. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *