Горят знаки солнца на белой рубахе

Культура

Нашы продкі верылі, што ўзоры на адзенні, як і на ўсіх астатніх прадметах, адганялі ад чалавека злыя сілы. Асабліва старанна ахоўным арнаментам пакрываўся каўнер кашулі, перадплечча, ніз рукавоў, месцы каля разрэзаў, ніз фартуха. Важна было абараніць тыя месцы, дзе канчалася тканіна і пачыналася цела чалавека. Гэтаксама дэкарыраваліся месцы ў адзенні, пад якімі знаходзіліся тыя часткі чалавечага цела, якія асабліва стамляліся падчас працы, – рукі, ногі. Адкрытыя месцы – шыю, запясці і кісці рук – аберагалі ад злых духаў каралі з падвескамі, пацеркі, бранзалеты, пярсцёнкі. Асабліва бераглі жанчыну-маці. Вось чаму жаночае адзенне было значна багацей арнаментавана за мужчынскае.

Уся ласка зямлі і неба павінна аберагаць яе і будучае патомства ад злых духаў. Калі маладой дзяўчыне дазвалялася хадзіць без галаўнога ўбору – асноўным упрыгажэннем у яе была стужачка (перавязка) альбо вянок з кветкамі, дык замужняй жанчыне пасля вянчання надзявалі на галаву намітку альбо хустку, якія закрывалі валасы. З непакрытай галавой жанчына ўжо ніколі не выходзіла на вуліцу.

Верхняя частка жаночага строю – галаўны ўбор – заўсёды быў звязаны з вобразам неба, на яго наносілі часцей за ўсё салярныя знакі, а канцы наміткі, якія звешваліся на спіну і грудзі, быццам звязвалі нябесныя і зямныя пачаткі. Паверх кашулі жанчыны насілі спадніцы, андаракі, асноўны малюнак якіх складаўся з квадратаў альбо прамавугольнікаў – вобраза засеянага поля. На кашулі вышэй пояса – узоры з расліннымі матывамі, ромбамі – знакамі ўрадлівасці зямлі.

Адмысловую ролю ў адзенні, і жаночым, і мужчынскім, адыгрываў пояс. Пояс, падпяразка – у ім таілася асаблівая сіла. Жанчыны-сялянкі ўзорыстымі паясамі падпяразвалі спадніцы, мужчыны – кашулі, кажухі. Пояс – гэта круг, сімвал сонца. Паводле тагачасных вераванняў, ён заступаў (завязваў) дарогу да чалавека злым духам. Першым “адзеннем”, якое атрымлівала немаўля, быў менавіта пояс. Сяляне лічылі грахом хадзіць без яго.

…Вечнай загадкай для нашага далёкага продка-селяніна заставалася сонца, якое даравала ўсяму жывому святло і цеплыню. Для людзей яно было жывой істотай, якая “ўзыходзіла” ўранку на сваю вогненную калясніцу, запрэжаную хуткімі вогненнымі коньмі, і аб’язджала зямлю.

У беларускіх узорах самымі ўлюбёнымі былі знакі, прысвечаныя сонцу: круг, крыж (святло, што разыходзіцца на ўсе чатыры бакі), круг з крыжам, кола з шасцю спіцамі, якія з цягам часу ператвараліся ў “зорачкі” са шматлікімі варыянтамі.

Асноўны колер старых узораў – чырвоны, колер самога сонца, колер агню, цеплыні, чалавечай крыві. Таму і гарэлі знакі сонца на белым полі палатна.

Белы свет – гэта дзённае святло. Белы колер – гэта колер малака, вады, што наталяе смагу, колер чысціні. А спалучэнне белага і чырвонага паўставала як сімвал жыцця, шчасця, працвітання. Пастаянны эпітэт, з якім звярталіся нашы старажытныя продкі да сонца, – “краснае”. Краснае – значыць прыгожае. Сонца для іх было сімвалам не толькі дабра, але і хараства.

А слова “ўзор” так альбо іначай таксама звязана з сонцам, з небам, зарой. Узор, зоры, зара, зараніца, зрок – роднасныя словы. Яны ўсе паходзяць ад стараславянскага слова “зрок”, што азначае пагляд, воблік, а яшчэ – сонечны прамень. Старажытныя людзі лічылі сонца, што глядзіць з нябеснай вышыні, усюдыісным вокам, даруе відушчасць усяму зямному.

Знакі сонца ў беларускім арнаменце – кругі, крыжы, зорачкі – часцей за ўсё ўпісваюцца ў ромбы, квадраты, прамавугольнікі – гэта знакі маці – сырой зямлі, сімвалы яе ўрадлівасці. Вельмі часта ў геаметрычным арнаменце з’яўляўся куст у квецені, кветка альбо дрэва – гэта сімвалы вясновага адраджэння зямлі ці дрэва жыцця. У выглядзе кропачак, невялікіх кружкоў пазначалася насенне раслін.

Рукадзельніцы, складаючы свой узор са знакаў сонца і зямлі, праслаўлялі жыццёвыя сілы прыроды, урадлівасць зямлі і прасілі добрага ўраджаю – ад гэтага залежалі жыццё і дабрабыт сям’і. Сонца, зямля, вада і тое, што расце на зямлі, – асноўныя матывы старажытных вышывак, роспісаў, ткацтва, разьбы па дрэве. Ромбы, квадраты, кругі, разеткі, зігзагі, елачкі, кропкі і ўпісаныя ў іх кветкі, звяры і птушкі складаліся ў словы і нават у цэлыя сказы, якія лёгка чыталі нашы продкі. Мы, на жаль, ужо не можам да канца прачытаць гэтыя фразы, мова іхняя для нас у многім страчаная, але затое мы можам ацаніць незвычайнага хараства ўзоры, якія пакінулі нам старажытныя рукадзельніцы і майстры.

Святлана ЖАБКО,

жыхарка вёскі Гародзькі.

 



Добавить комментарий