Правы людзей з інваліднасцю і пытанні іх інтэграцыі ў грамадства,

Важное Общество Официально

акрэсленыя ў адным з законапраектаў, распрацоўка якіх сёння вядзецца ў Парламенце, былі абмеркаваны на сустрэчы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання Алега СЕМЕНЧУКА з кіраўнікамі асобных сацыяльных структур раёна.

Гэта тэма дастаткова актуальная ў соцыуме: законапраект закранае інтарэсы каля паўмільёна чалавек у маштабах рэспублікі. Галоўнае для ўлады – забяспечыць усебаковую абарону людзей з інваліднасцю ад дыскрымінацыі, у тым ліку і ўскоснай. У разглядаемым праекце рэалізаваны агульныя прынцыпы Канвенцыі аб правах інвалідаў, да якой Беларусь далучылася ў 2016 годзе. Законапраект арыентаваны на тое, што дзяржаўная палітыка ў дачыненні да інвалідаў павінна быць накіравана на стварэнне ўмоў поўнага і незалежнага ўключэння гэтай катэгорыі насельніцтва ў жыццё грамадства, прадастаўленне ім роўных магчымасцей.

У прыватнасці, запрошаныя на сустрэчу прадстаўнікі грамадскасці, знаёмыя з асноўнымі палажэннямі будучага закона, выказаліся наконт яго ў станоўчым ключы. Імпануе, напрыклад, тое, што пасля прыняцця пэўны працэнт ад 100 рабочых месцаў будзе гарантавана прадастаўляцца інвалідам. Або канструктыўныя змены ў рабоце МРЭК. Нюансаў і аспектаў вельмі шмат. Старшыня райарганізацыі беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Невядомскі прапанаваў прадугледзець у законапраекце бясплатную датэрміновую замену (пры неабходнасці) сродкаў тэхнічнай рэабілітацыі. Дэпутат заўважыў, што абгаворыць такую магчымасць з калегамі. «Але вы павінны разумець, што дзяржава нясе істотныя выдаткі на выдзяленне такіх сродкаў. Органы сацыяльнай абароны знаходзяць магчымасць замяніць сапсаваныя прыборы інвалідам. Праўда, не ўсім яшчэ нават па першаму разу выдзелены пэўныя інструменты. Таму прадугледжаныя тэрміны замены, хутчэй за ўсё, зменены не будуць», – сказаў парламентарый.

Таксама ў ліку разгледжаных прапаноў – рэгуляванне тэхнічных момантаў правядзення дабрачынных акцый, важныя аспекты прафілактыкі інваліднасці і рэгуляванне адносін з арганізатарамі пасажыраперавозак. Заўважалася, што вадзіцелі аўтобусаў часта паркуюцца занадта далёка ад бардзюраў, што стварае людзям з інваліднасцю дадатковыя нязручнасці. Праўда, гэта ўжо пытанне не заканадаўчага, а хутчэй маральна-свядомаснага характару кіроўцаў грамадскага транспарту…

У цэлым, адзначана вялікая важнасць абмеркаванага законапраекта, паводле якога ў жыццё інвалідаў увойдзе шэраг пазітыўных інавацый.

Сяргей САДОЎСКІ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *