Вада ачышчае

Культура

Працэдура мыцця цела сёння нікога не здзівіць. Усе ведаюць, што яна ачышчае і асвяжае скуру. Але ўсё не так проста. Памятаеце, як бабуля жартам у вас ў дзяцінстве пыталася: “А ты вушы вымыў? А за вушамі?”

Гэтым самым продкі адсоўвалі ад вас хваробы. Бо калі абмываеш халоднай вадой за вушамі, то адчуваеш, як вяртаюцца да цябе энергія, бадзёрасць, сілы. Вада змывае не толькі бруд, але і абрыўкі чужых думак, не заўсёды, дарэчы, добрых. На вушной ракавіне, якая напамінае дзіця, што ляжыць ва ўлонні маці галоўкай уніз, сканцэнтравана шмат актыўных кропак, якія ўплываюць на энергетыку цела.

Акрамя таго, пад вушамі ўздоўж шыі праходзіць сонная артэрыя. Таму раніцай карысна не толькі мыць вушы і шыю, але і расціраць іх махровым ручніком, масіраваць цела.

Нашых бабуль і дзядуляў бацькі некалі вучылі старанна выціраць і масіраваць кожны палец паасобку. Ля пазногцяў пачынаюцца і заканчваюцца энергетычныя каналы, якія рэгулююць работу сэрца, лёгкіх, кровазварот, цеплаўтварэнне, функцыі тонкага і тоўстага кішэчніка. А гарманізацыя работы іх надзвычай важная.

Не выпадкова некаторыя народныя лекары па ступені гнуткасці пальцаў вызначаюць зашлакаванасць арганізма. І ў якасці адной са спроб перамагчы гэта зло прапаноўваюць не ленавацца рабіць масаж рук. Трэба выпрацаваць у сябе звычку рэгулярна старанна выціраць ручніком кожны палец на руках.

Догляд  за нагамі таксама мае вялікае значэнне для ўмацавання здароўя. Перад сном рэгулярна змазвайце ногі алеем ці растворам вітаміну Е. Праз некалькі дзён вы абавязкова адчуеце прыліў фізічных сіл і бадзёрасці. А мазалі на вашых нагах – сігналы непрыемнасцей – пачнуць станавіцца мяккімі.

Паклапаціцеся і пра свае валасы. Расчэсвайце іх падоўгу драўляным грабеньчыкам, думайце пра нешта прыемнае. Да таго ж масаж галавы спрыяе росту і ўмацаванню валасоў.

ЯКОЕ ДРЭВА ТВАЁ

Людзі з далёкіх часоў любяць прагульвацца па алеях і ў парках. Нашы продкі ведалі, што біяполем дрэў можна папоўніць свае сілы. Нават прымаўка такая была: у сасновым бары – маліцца, у бярозавым – весяліцца, а ў яловым – удавіцца.

Экстрасэнсы сцвярджаюць, што сасна і бяроза найбольш гарманічна падсілкоўваюць чалавека энергіяй, а не з лішкам, як дуб, а елка, асіна, таполя адбіраюць яе. Радыус біяполя ў здаровага дрэва звычайна складае 2-3 метры. У хворага – куды менш. Алеі ў даўніну садзілі па спецыяльнаму плану. Так што нашы продкі, гуляючы сярод зялёных прысад, атрымлівалі энергію ад здаровых дрэў. Хворае ж дрэва ці не дапаможа, ці нашкодзіць.

Успомніце, што некаторыя з нас у час збору грыбоў у лесе адчуваюць галавакружэнне. І нахілы тут зусім не прычым.

Дарэчы, не цурайцеся елкі, асіны, таполі – яны не вампіры. Гэтыя дрэвы добра здымаюць боль пры запаленчых працэсах. Гэта значыць забіраюць лішак энергіі, якая назапасілася ў нейкім органе.

ДАЦЬ ГАРБУЗА

Калі гаварыць пра звычай сватання і адмовы сватам, то тут можна нагадаць вядомы моўны зварот са значэннем адмовіць сватам – “даць гарбуза” – (адпаведна пра таго, каму адмовілі пры сватанні, гавораць, што ён атрымаў гарбуза).

На думку некаторых даследчыкаў, зварот “даць гарбуза” запазычаны беларускай мовай з украінскай. Але мноства прыкладаў яго ўжывання ў беларускай народна-дыялектычнай мове, прычым у розных варыянтах, сведчыць аб тым, што і звычай, і фразеалагізм “даць гарбуза” арганічна ўласцівы беларусам і іх мове.

У выпадку адмовы жаніху дзяўчаты не толькі давалі гарбуз сватам-няўдачнікам. Яго выкочвалі ім насустрач, разбівалі перад імі на дробныя кавалачкі, давалі гарбуз з выразанай сярэдзінай, выносілі звараны гарбуз, кідалі разбіты гарбуз у воз сватам.

Вядомы ў беларускай і польскай мовах і выраз “даць гарохавы вянок”. Як вядома, вянок – сімвал дзявоцтва і кахання – вырабляецца з прыгожых кветак і стужак, але ні ў якім разе не з гарохавіння. Такім чынам, гарохавы вянок – гэта своеасаблівая насмешка над сватамі. У якасці негатыўных прадметаў – сімвалаў адмовы ад прапановы сватоў – ужываліся таксама венік, дзяркач. З апошнімі прыкладамі збліжаюцца шматлікія моўныя звароты, звязаныя са словам «кош». “Адмоўнасць” каша (як і чайніка, і каўша) вынікае, відаць, з таго, што гэта пусты, не запоўнены нічым прадмет.

Верагодна, негатыўнае ўспрыманне гарбуза звязана з тым, што гэта расліна (у спелым выглядзе) мае ўнутры парожнюю поласць, ён часткова пусты. У некаторых мясцінах Беларусі нявесты ў знак адмовы жаніхам даюць ім “пусты” круг сланечніку (з вылушчанымі зярняткамі).

Добра вядома, што пустыя прадметы маюць устойлівыя адмоўныя асацыяцыі. Напрыклад, шырока распаўсюджана прыкмета, згодна з якой сустрэча з чалавекам, які нясе пустыя вёдры, прадвяшчае няўдачу, няшчасце. Пустыя вёдры атаясамліваліся не толькі з цяжкім жыццём, але і з рознымі канкрэтнымі ўяўленнямі пустаты.

З пустымі прадметамі звязаны і некаторыя забароны: не дазвалялася нагой калыхаць пустую люльку дзяцей, бо дзіця можа памерці.

 



Добавить комментарий