Прадстаўнік мужнага пакалення

75 лет Великой Победе!

1 сакавіка адзначыў 100-гадовы юбілей жыхар вёскі Сазонаўшчына Аляксандр Аляксандравіч ЯРМАК. Нарадзіўся ён у суседніх Ясьманаўцах у шматдзетнай сялянскай сям’і. Быў другім па ліку сынам, потым на свет з’явіліся яшчэ пяцёра хлопчыкаў і дзяўчынак. Сёння ў жывых іх нікога няма, не вельмі доўгім аказаўся і век бацькоў, а вось яму выпаў такі працяглы, напоўнены падзеямі лёс…

Дата нараджэння юбіляра захавалася ў царкоўных кнігах пры Яршэвіцкім праваслаўным храме. А тое, што адбывалася, калі Аляксандру Аляксандравічу споўнілася пяць гадоў, ён памятае, як быццам бы ўчарашні дзень. І першыя яго ўспаміны датычацца сялянскай працы. Бацькі мелі два гектары зямлі. Пракарміцца магчыма, але толькі пры адной умове – жыць без усялякага адпачынку. З маленства дзеці прывучаліся даглядаць жывёлу, выконваць палявыя работы.

Пачатак ХХ стагоддзя адзначаны ростам цікавасці да навукі і адукацыі. Сялянская сям’я Ермакоў таксама аддае сваіх дзяцей у Яршэвіцкую сямігодку. Навучанне вялося на польскай мове, бо наш раён ужо належаў Польшчы. Галава сямейства Аляксандр Кандрацьевіч, будучы падданым Польшчы, ваяваў за Расію ў якасці фельдфебеля царскай арміі падчас Першай сусветнай вайны. Ён атрымаў некалькі раненняў, быў узнагароджаны шматлікімі медалямі, у тым ліку двойчы – Георгіеўскімі крыжамі. І потым кожнае наступнае пакаленне Ермакоў абавязкова мела свайго героя. Яго сын, сённяшні стагадовы юбіляр, Аляксандр Аляксандравіч Ярмак у Вялікую Айчынную вайну партызаніў, потым дабравольцам пайшоў на фронт. Унук Іосіф Аляксандравіч пасля тэрміновай службы, якую нёс у Валожыне, вырашыў стаць кадравым ваенным. Даслужыўся да начальніка штаба паветрана-зенітных войск у Днепрапятроўску (зараз Днепр, Украіна). Унучка з’яўляецца ваенным медыкам, жыве і працуе ў Маскве. І, нягледзячы на занятасць па рабоце, прыехала на дзядулеў юбілей.

Дарэчы, ваенных радкоў у біяграфіі юбіляр мог бы і не мець. Яму як адукаванаму хлопцу прадаставілі бронь і работу па месцы жыхарства. Аднак Аляксандр Аляксандравіч папрасіўся на фронт. Ваяваў мужна, асабліва вызначыўся як разведчык. За адну з аперацый, калі іх падраздзяленне знішчыла гітлераўскую групоўку і захапіла ў палон “языка”, гвардыі радавы Аляксандр Ярмак атрымаў медаль “За адвагу”. Потым былі і іншыя: “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй”. Так што дадому ў 1946 годзе вярнуўся героем…

І ўсё ж вайну ён успамінаць не любіць – вельмі балюча сэрцу. Так, плячо ў плячо ён ваяваў з земляком, такім жа маладым хлопцам, з якім разам прызываўся. Аднапалчанін не сустрэў Вялікай Перамогі, загінуў за некалькі дзён. Праводзячы сябра ў апошні шлях, Аляксандр Ярмак не ведаў, што развітваецца з братам сваёй будучай нявесты.
Дэмабілізаваўшыся, Аляксандр Аляксандравіч прыехаў у Сазонаўшчыну, пазнаёміўся з маці і сястрой паўшага аднапалчаніна і застаўся тут назаўсёды. Працавалі з жонкай у калгасе “Чырвоная гвардыя”, выгадавалі чатырох дзяцей, пражылі ў шлюбе 72 гады. Летась не стала яго любай…

Стагадовы юбілей Аляксандр Аляксандравіч сустракае ў роднай хаце, жыве са старэйшым сынам Іосіфам, ваенным пенсіянерам. У доме і на падворку чыста, акуратна. Ды і сам імяніннік выглядае досыць зухавата, толькі на зрок скардзіцца. У чым сакрэт даўгалецця – не ведае. Кажа, што з людзьмі трэба ладзіць, каб праклёнаў у спіну ніхто не пасылаў…

Алена ЗБІРЭНКА, фота аўтара

 



Добавить комментарий