Ішоў дадому франтавік

75 лет Великой Победе!

У кастрычніку мінулага года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння нашага таты – Вацлава Іосіфавіча КАЗЛОЎСКАГА з вёскі Шыкуці Івянецкага сельсавета. Пражыў ён 91 год. Жыццё гэтага звычайнага чалавека было вельмі няпростым: з дзяцінства – праца на сялянскай зямлі, прызыў на службу ў армію (на Каўказ), а праз два месяцы – вайна. Прайшоў тата франтавымі дарогамі да самага Берліна, зведаўшы ўсё каварства гітлераўскага фашызму.

Неахвотна расказваў наш франтавік пра вайну, бо было неймаверна многа страт і душэўнага болю. Але так атрымалася, што менавіта мне, нявестцы, расказаў былы салдат сваю ваенную біяграфію. Магчыма таму, што я збірала яму дакументы для атрымання польскага ваеннага білета, бо ваяваў ён у польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі.

Быў Вацлаў Іосіфавіч пехацінцам. Раненняў не атрымаў, толькі кантузію. Прыйшлося яму пабываць і шаўцом, і кухарам, і санітарам. Тысячу разоў глядзеў ён у вочы смерці, але верыў у перамогу, у вызваленне роднай зямлі, якая стагнала ад лою і жаху.

Расказваў тата, уздыхаў, адводзіў позірк – хаваў слёзы… Слухала я аповеды старога, глядзела на яго сагнутыя плечы, на спрацаваныя жылістыя рукі і думала: “Колькі выпала выпрабаванняў на тваю долю, чалавеча! Адкуль жа браў ты сілу, душэўную моц?” І сама ж сабе адказвала – ад любові да Радзімы, да волі, ад жадання жыць побач з роднымі, блізкімі людзьмі…

Памяць у таты была добрая, глыбокая. Ён называў прозвішчы камандзіраў, сяброў-аднапалчан, месцы, дзе яму прыйшлося прымаць удзел у баявых дзеяннях.
Да самага Берліна прывялі тату ваенныя шляхі-дарогі. Дзень Перамогі стаў для нашага ветэрана святым днём і самым галоўным святам. Да канца жыцця тата з асаблівай далікатнасцю, асцярожна і паважна апранаў у Дзень Перамогі касцюм, на пінжаку звінелі медалі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”, ордэн Айчыннай вайны II ступені і іншыя.

Дзявятага мая дзеці і ўнукі, а пазней і праўнукі заўсёды прыязджалі ў вёску да таты, каб павіншаваць, уручыць падарункі і падзякаваць за шчасце жыць пад мірным небам.
– Тата, а калі ты прыйшоў дадому з вайны? – спытала я ў ходзе адной з гутарак.
– У Беласток з Берліна нас везлі эшалонам. А потым мы дабіраліся ў свае краі самі, хто як мог. Я пад’язджаў не раз то на машыне-палутарцы, то на падводзе. А з Рубяжэвічаў (гэта кіламетраў дваццаць ад дому) ішоў пешшу. Ногі самі неслі. Памятаю, што быў моцны дождж, але спыняцца я не хацеў… Нават дождж той аддаваў нечым родным, пахучым.

Вось так амаль 75 гадоў таму вяртаўся з фронту салдат, спяшаўся абняць родных, пабачыць знаёмыя мясціны, збіраўся ўліцца хутчэй у мірнае жыццё.

Ішоў салдат, і ішоў дождж. Сыпаліся празрыстыя кропелькі на медалі, змывалі пыл франтавых дарог з гімнасцёркі. Ішлі дождж і салдат. Вызваленая зямля радавалася гаючай вільгаці, радавалася чалавеку, які вяртаўся, каб жыць, вырошчваць хлеб, гадаваць дзяцей…

Алена КАЗЛОЎСКАЯ, жыхарка г. п. Івянец



Добавить комментарий