Жывот забалiць, калi рукi не мыць

Общество

Цяпер пачашчаюцца выпадкі вострых кішэчных захворванняў, асабліва ў дзяцей малодшага і груднога ўзросту. Павышэнне тэмпературы паветра і вады ў вадаёмах стварае аптымальныя ўмовы для размнажэння ўзбуджальнікаў інфекцый.

Рызыка захварэць на кішэчную інфекцыю значна павялічваецца, калі не прытрымлівацца санітарна-гігіенічных правілаў прыгатавання ежы, парушаць тэмпературны рэжым пры захоўванні прадуктаў, асабліва тых, што хутка псуюцца (малако, тварог, мяса).

Каб засцерагчы сябе і дзяцей ад хвароб, неабходна выконваць простыя патрабаванні: сачыць за асабістай гігіенай, часта і старанна мыць рукі з мылам, ужываць толькі кіпячоную ваду ці разлітую ў бутэлькі пітную, агародніну і садавіну мыць кіпячонай вадой.

Знішчайце мух, тараканаў, захоўвайце прадукты ад насякомых і грызуноў; пры транспарціроўцы і захоўванні кладзіце прадукты харчавання ў чыстую ўпакоўку. Не набывайце прадукты ў выпадковых асоб ці ў месцах несанкцыяніраванага гандлю.

Перад тым, як пачысціць банан, ківі ці апельсін, вымыйце плады кіпячонай вадой. Сачыце за тэрмінам рэалізацыі прадуктаў; памятайце, што на ўпакоўцы ўказваюць тэрмін захоўвання пры ўмове цэласнасці ўпакоўкі. Не злоўжывайце ранняй агароднінай і бахчавымі, часта вытворцы паскараюць іх рост і выспяванне пры дапамозе хімікатаў.

Калі ў доме ёсць дзіця груднога ўзросту, то асабліва старанна сачыце за чысцінёй у памяшканні, за выкананнем нормаў асабістай гігіены. Для кармлення малых выкарыстоўвайце толькі свежапрыгатаваную ежу. Не давайце дзецям некіпячонае разліўное малако, сырыя яйкі. Прывівайце дзіцяці з малых гадоў гігіенічныя навыкі, заахвочвайце яго да здаровага ладу жыцця.

Вольга СЯЛІЦКАЯ, урач-эпідэміёлаг

раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 

 



Добавить комментарий