Ён назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах

75 лет Великой Победе!

На 104-м годзе жыцця пайшоў з жыцця знакаміты зямляк валожынцаў, Герой Расіі Аляксей Мікалаевіч Бацян.

 

Біяграфія легендарнай асобы поўная велічных фактаў. Вось толькі некаторыя з іх. Ветэран Другой сусветнай вайны ў складзе мотастралковай брыгады абараняў Маскву, удзельнічаў у спецаперацыях у тыле ворага, уключаючы падрыў нямецкага камісарыята ў горадзе Овруч Жытомірскага раёна. У 1945 годзе менавіта ён сыграў ключавую ролю ў выратаванні ад разбурэння фашыстамі польскага горада Кракава. Пасля, ужо ў мірны час, была служба ў знешняй разведцы КДБ і не адно жыццё з рознымі імёнамі пад прыкрыццем шматлікіх легенд.

Неўтаймоўная энергетыка, разумныя, поўныя гумару і шчырай зацікаўленасці ўсім, што адбываецца навокал, вочы, няўлоўны беларускі акцэнт у рускай мове, эмацыянальныя выступленні падчас урачыстасцей з яго ўдзелам… Такім запомнім яго мы, жыхары Валожыншчыны.

Асабіста мне лёс падараваў тры незабыўныя сустрэчы з цікавым чалавекам. Пазнаёмілася з Аляксеем Мікалаевічам, калі ён прыехаў на радзіму з прэзентацыяй фільма расійскіх кінематаграфістаў, дзе галоўную ролю – разведчыка Бацяна – выканаў Аляксандр Алешка. Тыя, хто паўдзельнічаў у вечарыне ў кінатэатры “Юнацтва”, пацвердзяць: невысокі немалады чалавек літаральна “забраў сэрцы” ў кожнага з прысутных. Неверагодная абаяльнасць, маладжавасць, інтэлект у першыя хвіліны мерапрыемства пазбавілі яго галоўнага героя ўзросту. Вось ён шчыра і пранікнёна ўспамінае дзіцячыя гады ў роднай вёсцы, вось толькі схематычна абазначае навучанне ў разведвальнай школе, сур’ёзна і даволі падрабязна расказвае пра ўдзел у спецаперацыях і вандроўках, і раптам элегантна, з лёгкасцю самога Шцірліца, пераключаецца на эпізоды, што выклікаюць у зале дружны смех і захапленне вытанчаным пачуццём гумару знакамітага беларуса.

Другое спатканне адбылося ў адно са Свят горада Валожына. Двум жанчынам – мне і дырэктару ТЦСАН Галіне Рай – даручылі суправаджаць высокага госця з Масквы. У той час Аляксею Мікалаевічу заставалася яшчэ некалькі гадоў да стагоддзя, а гэта значыць, што побач з намі знаходзіўся па-сапраўднаму юны душой, рухавы і вельмі прывабны мужчына. Як прыгожа ён абыходзіўся са сваімі “паненкамі”! Якія далікатныя кампліменты зляталі з яго вуснаў у наш адрас! А яго прамова падчас мітынгу кранула сэрцы ўсіх, хто завітаў святочным днём на плошчу Свабоды.

Апошні раз мы ўбачыліся тры гады таму. Ніколі не забуду сустрэчу ў Чартавічах у Год малой радзімы. Чалавек, які ўжо паспеў сустрэць велічны юбілей, не вельмі добра рухаўся, трошкі падводзіў яго і слых. Што ж тычыцца неверагодна спрытнага розуму, памяці і абаяльнасці – тут змяненняў ніхто не заўважыў. Першым месцам, куды накіраваўся ганаровы візіцёр, сталі могілкі, дзе пахаваны бацькі. Нягледзячы на тое, што вакол было мноства людзей, якім ён ветліва ўсміхаўся і актыўна падтрымліваў гутарку, калі прысеў ля дарагіх сэрцу помнікаў, нібы адмежаваўся ад рэчаіснасці. Было заўважна: чалавека, які ўсё жыццё адвучаў сябе ад лішняй сентыментальнасці, паглынулі ўспаміны. У гэты ж дзень пераступіў А. М. Бацян і парог роднай хаты. Адказваючы на пытанні журналістаў, ён асабліва падкрэсліў: “Я шмат дзе пабываў, ведаю некалькі моў, а ў душы – па-ранейшаму беларускі хлопец з Чартавічаў”.

Валожынцы шчыра ўдзячныя Аляксею Мікалаевічу за любоў і адданасць малой радзіме, за веру ў тое, што мы, беларусы, моцныя, неўтаймоўныя, кемлівыя, і калі чагосьці вельмі пажадаем, абавязкова даб’ёмся. Думаю, паважаныя чытачы пагодзяцца, жыццёвы шлях разведчыка Бацяна – цудоўны прыклад для кожнага, хто марыць пакінуць пасля сябе добры след. Перыпетыі яго багатага на падзеі лёсу, адданасць справе, уменне любіць, сябраваць і ніколі не страчваць разважлівасці ў любой сітуацыі, стануць годным прыкладам для нашай моладзі. Імя вялікай асобы навечна застанецца ўпісаным у гісторыю яго роднай Валожыншчыны. Спадзяюся, памяць аб сапраўдным мужчыну, які ўбачыў свет у невялікай вёсачцы, затым доўга служыў справе міру на прасторах шматлікіх краін свету, а супакой знайшоў у сэрцы сталіцы Расіі, героям якой стаў па праве, захаваецца вечна.

Мы бязмерна смуткуем з выпадку цяжкай страты і ад усёй душы падзяляем боль родных і блізкіх вялікага чалавека з вялікай душой.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий