Галоўнае прызначэнне жанчыны – быць матуляй

Важное Главное

Напярэдадні 8 Сакавіка старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН уручыў ордэны Маці 38 шматдзетным матулям сталічнага рэгіёну. У ліку ўзнагароджаных – жыхарка Валожына Ала КАЛАСОЎСКАЯ.

Ордэнам Маці ўзнагароджваюцца жанчыны, якія нарадзілі і годна выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей. З 1996 года такой высокай дзяржаўнай узнагароды ўдастоены 1988 шматдзетных матуль Мінскай вобласці, у нашым раёне матуль-гераінь 96.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы. Вітаючы жанчын, Аляксандр Генрыхавіч адзначыў: “Сёння ў зале сабраліся лепшыя матулі Міншчыны, якія выхоўваюць пяцёра, васьмёра і нават адзінаццаць дзяцей! Гэта захапляе і выклікае пачуццё глыбокай павагі. Нізкі паклон вам за ласку і клопат, якімі вы атуляеце сваіх дзяцей, за добрае і справядлівае мацярынскае слова, якое дапамагае ім стаць на ногі, вызначыцца ў жыцці і паспяхова ісці абранай дарогай”. Таксама ён адзначыў, што ў наш час ужо не засталося ніводнай сферы дзейнасці, якая не скарылася б талентам і ўменню жанчыны. “Але якіх бы прафесійных вяршынь яны не дасягнулі, іх галоўнае прызначэнне застаецца тым жа, што і ва ўсе часы, – быць Матуляй. У Рэспубліцы Беларусь гэта асабліва разумеюць і цэняць. Пытанні мацярынства і дзяцінства, стварэнне камфортнай і бяспечнай інфраструктуры выхавання і адукацыі дзяцей знаходзяцца пастаянна ў полі зроку кіраўніка дзяржавы”, – дадаў Аляксандр Турчын.

Уручаючы ордэны Маці, губернатар Міншчыны падкрэсліў, што падтрымка сям’і не абмяжоўваецца толькі льготнымі крэдытамі на жыллё ці матэрыяльнай дапамогай. Работа ўсіх і кожнага накіравана на вырашэнне гэтых пытанняў. Мінская вобласць – не выключэнне. Пры дапамозе абласнога бюджэту вядзецца будаўніцтва 14 сучасных дзіцячых садкоў, у тым ліку – у гарпасёлку Івянец, 3 школ. У Барысаўскім раёне ў наступным годзе будзе завершана ўзвядзенне дзіцячага шматпрофільнага корпуса пры цэнтральнай бальніцы, будуецца Жодзінская гарадская дзіцячая паліклініка. Працягваецца мадэрнізацыя радзільнага дома ў Салігорску.

У гэтым годзе атрымаў развіццё праект па выкарыстанні сямейнага капіталу. Па рашэнні Прэзідэнта краіны не толькі прадоўжаны тэрмін аказання такой падтрымкі, але і значна пашыраны кірункі датэрміновага выкарыстання сродкаў. А гэта значыць, што сотні шматдзетных сем’яў змогуць скарыстацца такой магчымасцю: палепшыць жыллёвыя ўмовы, пабудаваць светлыя, прасторныя і ўтульныя дамы, даць сваім дзецям канкурэтную адукацыю і многае іншае.

Старшыня Мінаблвыканкама А. Турчын прапанаваў шматдзетным матулям задаваць хвалюючыя іх пытанні. Усе яны тычыліся сямейнага капіталу, паляпшэння жыллёвых умоў, якасці дарог.

Закончылася мерапрыемства невялікай канцэртнай праграмай з удзелам музычнай капэлы “Санорус”, дзе яркім фінальным акордам стала сумеснае выкананне творчым калектывам і ўдзельніцамі свята песні “Купалінка”.



Добавить комментарий