Месца для роздуму і адпачынку

Культура

У 1954 годзе ў доме селяніна Антона Іосіфавіча Пупко з Суднікаў адкрылася першая ў вёсцы хата-чытальня. Кнігі для грамадскага карыстання падарыў з асабістых запасаў ураджэнец гэтых мясцін, намеснік старшыні Івянецкага райвыканкама Юрый Ігнацьевіч Южык. Працаваць жа пры сельскай установе культуры даручылі Леакадзіі Шырвель з Проўжалаў – яна ведала людзей, любіла чытаць, а пры патрэбе магла і кніганошай выступіць (набіраліся асобы з ліку школьнікаў ці моладзі, якія насілі кнігі па хутарах, аддаленых вёсках). Чатыры гады папаўняліся фонды хаты-чытальні, у 1958-м яна змяніла статус і пачала лічыцца бібліятэкай, заняла большы будынак – хату Агаты Самуілаўны Кот. Праўда, з-за адсутнасці стэлажоў кнігі тут ляжалі на лавах, табурэтках. Абавязкі бібліятэкара некаторы час выконвала прыехаўшая з Расіі Зоя Рыгораўна Грэкава, змяніла яе на гэтай пасадзе ў 1963 годзе жыхарка Шэлеўшчыны Надзея Мікалаеўна Супрон.

Важнай вехай у бібліятэчнай гісторыі вёскі Суднікі стаў 1966 год. Менавіта тады на сродкі калгаса “Камсамолец” узвялі драўляны будынак на два канцы: адзін адвялі пад клуб, другі – пад кнігасховішча і чытальную залу. Размяшчаўся комплекс культурнага адпачынку ў выгадным месцы, на пагорку па вуліцы Савецкай і быў бачны здалёк.

Больш за 20 гадоў дбайна “гаспадарыла” ў бібліятэцы Надзея Мікалаеўна. Пры ёй у 70-х гадах адбыўся самы росквіт установы: захапленне кнігай стала масавай з’явай, раслі тыражы мастацкай і навуковай літаратуры, папулярнасцю карысталіся шматлікія газеты і часопісы. А чытачы нярэдка нават запісваліся ў чаргу, каб узяць на рукі нейкае дэфіцытнае выданне. У 1984 годзе ўзнікла неабходнасць адвесці пад бібліятэку асобны будынак. Ён, дарэчы, захаваўся і да сённяшняга дня.

З распадам Савецкага Саюза грамадства пачало жыць у новых рэаліях, людзі станавіліся ўсё больш прагматычнымі. Калі раней прагнасць да багацця і грошай ганьбавалася і лічылася праявай мяшчанства, то ў пачатку 90-х марай сталі паспяховы бізнес і матэрыяльны дастатак. Пры такой расстаноўцы прыярытэтаў кніга адышла на іншы план… Сцежкі да сельскіх бібліятэк пачалі зарастаць, а самі ўстановы пакрысе закрываліся. Закрылася і бібліятэка ў Макасічах, яе фонды перавезлі ў Суднікі, дзе на той час працавалі два бібліятэкары – Святлана Мікалаеўна Ацесленка і Людміла Паўлаўна Ламака. Спецыялісты і патрыёты сваёй справы, гэтыя жанчыны нямала пастараліся, каб бібліятэка не прыйшла ў заняпад, каб ад яе не адвыклі людзі.

Сучасная гісторыя Суднікаўскай бібліятэкі пачала пісацца з прыходам у лістападзе 2011 года новага кіраўніка – Жанны Яўгенаўны МОЙСА. Каму, як не ёй – настаўніцы, шматдзетнай маці, ведаць, якую вялікую выхаваўчую і адукацыйную ролю адыгрывае кніга ў жыцці чалавека, у фарміраванні яго светапогляду і характару! Не адразу ў Жанны Яўгенаўны выспела рашэнне пакінуць пасаду педагога-арганізатара Суднікаўскай СШ і стаць культработнікам. А вось муж перамену прафесіі жонкі падтрымаў адразу. Ён – чалавек практычны, добры сем’янін. За ім, як кажуць, як за каменнай сцяной. Дык чаму ж было не паслухацца разумнай парады?

Павароты лёсу ў маладым узросце не так палохаюць. Зусім па-іншаму ўспрымаецца ўсё, калі ты пажыў, набраўся вопыту, карыстаешся заслужанай павагай у калег, аднавяскоўцаў. Каб у новай справе не ўпасці ва ўласных вачах, Жанна Яўгенаўна ў 45 гадоў паступае вучыцца ў інстытут культуры і становіцца дыпламаваным спецыялістам. І вось ужо больш за дзесяцігоддзе песціць працавітымі рукамі, пылкім сэрцам, хрысціянскай душой Суднікаўскую сельскую бібліятэку… 

На сёння гэтай установай культуры карыстаюцца 330 дарослых і 80 дзяцей школьнага ўзросту, абслугоўваюцца жыхары 8 вёсак: Суднікі, Баброўнікі, Галабурды, Юзафіна, Асінаўка, Шэлеўшчына, Ойцінава, Макасічы. У адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, бібліятэка падключана да сеткі Інтэрнэт, наведвальнікі маюць магчымасць карыстацца пашыраным дадаткам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Для аматараў друкаванага слова сабрана больш за 3000 экзэмпляраў кніг, штогод выпісваюцца дзясяткі перыядычных выданняў. Цікава, што самымі запатрабаванымі з’яўляюцца газеты і часопісы, з якіх можна пачарпнуць нейкія канкрэтныя парады: “Сям’я”, “1000 советов”, “Советчица”.

Не сакрэт, што вёскі нашы старэюць. Сярод пажылых грамадзян хапае прыхільнікаў мастацкай літаратуры, але ўзрост і хваробы не выпускаюць іх ужо з роднай хаты. Да такіх абанентаў бібліятэкар наведваецца сама. Ёсць у Жанны Яўгенаўны і свае любімчыкі – самыя актыўныя чытачы. Гэта былы тэхработнік мясцовай школы Марыя Іванаўна Рудзько, былая даярка Марыя Паўлаўна Южык, прыезджая сям’я Тарайковічаў. Маргарыта Сяўрук, якая зараз завочна вучыцца ў Смілавіцкім тэхнікуме на ветэрынара, мае патрэбу ў даведніках і падручніках. Здараецца, што іх і пад заказ неабходна выпісваць з цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Калі ж быць цалкам аб’ектыўным у апісанні работы бібліятэкара, то нельга не сказаць пра вялікую грамадскую нагрузку. Ні адно больш-менш значнае мерапрыемства ў вёсцы не абыходзіцца без яе ўдзелу. Дажынкі, зажынкі, святы вёсак, палітычныя падзеі, агульнанародныя святы, юбілеі ладзяць сумесна і культура, і школа, і адміністрацыя ААТ “Суднікаўскі”. У час уборкі ўраджаю ці правядзення іншых сельгасработ першымі на дапамогу аграрыям прыходзяць менавіта культработнікі. За садзейнічанне ў арганізацыі розных урачыстасцей і кампаній Ж. Я. Мойса ўзнагароджана цэлай “галерэяй” грамат і падзяк. Адной з самых высакародных місій жанчына лічыць сваё хрысціянскае служэнне пры царкве Святой Ефрасінні ў Івянцы. Падчас таінства асвячэння, якое ўдзяляе дамам вяскоўцаў бацюшка Віктар Перагудаў, яна, як знаўца мясцовых жыхароў, суправаджае свяшчэнніка. Некалькі гадоў назад з болем у сэрцах пачулі суднікаўцы навіну аб тым, што закрываецца іх школа. Людзі занялі непрабіваемую абарону і адстаялі інтарэсы сваіх дзетак. І ў першых радах абаронцаў была Ж. Я. Мойса…

Але якой бы актывісткай ні была жонка і маці, яе спрадвечная роля ў іншым – рупіцца пра сям’ю. Трое сыноў Мойсаў выраслі ў дабрабыце і ласцы. У маладосці Жанна Яўгенаўна разам з мужам не ведалі, што  такое адпачынак. На іх падворку рохкаў дзясятак свіней, на пашу выпраўляліся некалькі кароў і цялушак, курэй было незлічона. Каб гадаваць такі “звярынец” садзілі гектары бульбы… Затое займелі шыкоўнае радавое гняздо з усімі выгодамі, якія патрабуюцца сучаснаму чалавеку.

Зараз цяжкай сялянскай працай займацца перасталі, а вольны час трацяць на заняткі па інтарэсах, самаадукацыю. Жанна Яўгенаўна любіць чытаць, асабліва кнігі на ваенную тэматыку, ды і кінастужкі пра вайну заўсёды глядзіць з цікавасцю. Самы таленавіты пісьменнік, на яе думку, Васіль Быкаў. Ніхто так не перадае душэўныя пакуты простага чалавека ў ліхалецце, як гэты беларускі класік… Падчас работы ў бібліятэцы адкрыла сабе новае хобі – бісерапляценне. Унікальнымі сувенірамі ўпрыгожвае і дом, і рабочае месца. А яшчэ раздорвае свае работы сябрам і знаёмым.

…Нават каб не ведаў, што Жанна Яўгенаўна акуратная, спрытная працаўніца, то, пабываўшы ў Суднікаўскай бібліятэцы, абавязкова прыйшоў бы да такой высновы. У гэтым невялічкім памяшканні надзвычай утульна, прылеглы двор таксама дагледжаны, з вясны да позняй восені ён радуе вока багаццем кветак і зелені. Усё носіць адбітак рук сапраўднай гаспадыні, бо бібліятэкар у вёсцы не толькі чытачоў абслугоўвае, але і іншы клопат мае: прыбраць, прапалоць, пафарбаваць і адрамантаваць, а ў халодны час года і прапаліць у печы.

“Дык як жа інакш – гэта ж мая бацькаўшчына, тут жывуць родныя людзі. А яны, паверце, самыя лепшыя на свеце…” – апраўдвае сваё старанне Жанна Яўгенаўна…      

Алена ЗБІРЭНКА, фота аўтара

 



Добавить комментарий