Региональные новости

У лютым кадравыя змяненні адбыліся ў калектыве цэнтральнай раённай бальніцы. На некаторыя ключавыя пасады зацверджаны маладыя работнікі.

Намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі прызначана Ганна Валер’еўна Шурыгіна, якая да гэтага працавала ўрачом неанатолагам у акушэрскім аддзяленні райбальніцы. Выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта працуе ў калектыве з 2017 года. Дзмітрый Аляксеевіч Старыкевіч займае цяпер пасаду ўрача-анестэзіёлага-рэаніматолага (загадчыка) аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт ён скончыў у 2006 годзе. Загадчыцай клініка-дыягнастычнай лабараторыі прызначана ўрач лабараторнай дыягностыкі Наталля Паўлаўна Дубінка. У калектыве райбальніцы яна працуе пасля заканчэння Гомельскага ўніверсітэта з 2017 года.

 

Дзіцячы сад № 6 “Вясёлы вулей” райцэнтра з’яўляецца апорнай установай адукацыі, якая здзяйсняе работу з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

У рознаўзроставай групе “Залаты ключык” сабраны 14 дзяцей з асаблівасцямі з усяго горада. З імі займаецца малады спецыяліст, настаўнік-дэфектолаг Ала Рамуальдаўна Ванслаў. З верасня 2019-га тут паспяхова рэалізуецца абласны педагагічны праект па сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах інклюзіўнай адукацыйнай прасторы.

 

9 сакавіка ў аграгарадку Доры праходзілі здымкі тэлевізійнага мастацкага фільма ў жанры ваеннай драмы “Ні кроку назад-2”.

Новая стужка здымаецца да 75-годдзя Вялікай Перамогі. На працягу дня мехдвор участка “Доры” КСУП “Валожынскае” ператварыўся ў здымачную пляцоўку, на якой гаспадарылі кіношнікі. Асабліва запатрабаваным быў такі рэквізіт, як такарныя станкі.

 

У Маладзечне прайшоў абласны этап рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Агеньчык запрашае сяброў” на прызы газеты “Переходный возраст”.

У адной з намінацый конкурсу – каманднае першынство “Піянерскія гонкі” – прымала ўдзел каманда нашага раёна. У склад каманды “Алімпійцы” сярэдняй школы № 2 уваходзілі па 5 дзяўчат і юнакоў. Рыхтавалі іх да конкурсу педагог-арганізатар Святлана Барысаўна Макоўская і настаўнік фізкультуры Сяргей Міхайлавіч Шаўлюк. Гонкі складаліся з некалькіх этапаў: “Пракаці мяч”, “Змяя”, эстафет “Рэпка”, “Снайпер” і іншых. Прадстаўнікі валожынскай піянерыі выступілі годна, на некаторых этапах нават былі ў лідарах. У выніку занялі трэцяе прызавое месца.

 

Паўтары тоны гуманітарнага грузу дастаўлена ў Івянец, дзе месціцца раённае таварыства інвалідаў. Рэчы з Германіі перадала дабрачынная арганізацыя “Адра-Беларусь”, з якой цесна супрацоўнічае старшыня таварыства В. А. Субач.

Члены арганізацыі і наогул жыхары раёна, якія маюць вострую патрэбу ў адзенні і абутку, могуць звяртацца за гуманітарнай дапамогай.

 

На бягучы год ДЮСШ даведзены план платных паслуг – 152 тысячы 300 рублёў. Гэта вельмі значная сума. Таму вырашана выкарыстоўваць любую магчымасць зарабляць грошы. З канца лютага зацверджаны два новыя прэйскуранты на паслугі.

Гадзіна карыстання душам з панядзелка па пятніцу цяпер каштуе 3,5 рубля. Многія рэчы, неабходныя ў басейне, можна ўзяць напракат: нарукаўнікі, шапачкі, аквапалкі і паясы для плавання, інш. А галоўнае, разлічваюць на тое, што ўсё больш і больш жыхароў раёна пачнуць наведваць басейн. Многія арганізацыі дбаюць пра здаровы лад жыцця сваіх членаў: “Данпрод”, РУП “Мінская фармацыя”, раён электрычных сетак, райбальніца, раённы аддзел Следчага камітэта, іншыя набываюць штомесяц абанементы. Некаторыя сёлета зрабілі першы крок. Але ёсць і такія прафкамы, якія ніводнага разу не бралі абанементы на наведванне басейна для сваіх членаў.

 

Прайшоў адкрыты турнір па міні-футболе сярод юнакоў 2002 года нараджэння і маладзейшых. У ім удзельнічалі 5 каманд.

Першае месца заняла каманда студэнтаў, другое – каманда пад умоўнай назвай “Дом культуры” і трэцяе – ліцэісты. Пераможцы атрымалі грашовыя прызы, усе тры каманды – дыпломы. Лепшымі ігракамі ў гэтых камандах прызнаны Ілля Шаўлюк, Ілля Паташ і Уладзіслаў Міхневіч.



Добавить комментарий