«Залатое пяро «белай русі»-2019»

Молодежный курьер Общество

Пад такой рубрыкай працягваем друкаваць матэрыялы юных журналістаў Валожыншчыны, якія сталі лепшымі ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі”-2019”.

Таццяна ДУБІНЕЦ,

вучаніца 9 класа Суднікаўскай сярэдняй школы

Намінацыя – “Наш галоўны дакумент”

КАНСТЫТУЦЫЯ Ў МАІМ ЖЫЦЦІ

25 гадоў таму быў прыняты Асноўны Закон нашай краіны – маёй незалежнай Рэспублікі Беларусь. З таго часу Канстытуцыя некалькі разоў удасканальвалася. Але, на мой погляд, заставаліся і застаюцца непахіснымі асновы канстытуцыйнага ладу. А вышэйшай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі.

У школе вывучаю Канстытуцыю, яе галоўныя аспекты на ўроках гісторыі, але ніколі не задумвалася, што азначае асабіста для мяне Асноўны Закон, якую ролю ён адыгрывае ў маім жыцці, жыцці маёй сям’і і ўвогуле ў жыцці нашай рэспублікі. Сёлета я атрымала пашпарт – паўнацэнна ўступіла ў беларускае грамадзянства: з гэтага моманту пачынаюцца першыя крокі ў дарослае жыццё.

З гісторыі ведаю, што Канстытуцыя стваралася ў няпросты для краіны час: калі перастала існаваць такая вялікая і моцная дзяржава, як Савецкі Саюз, і пачала фарміравацца наша новая беларуская дзяржаўнасць. Якасныя змены і павінны былі быць адлюстраваны ў новай Канстытуцыі. Такі дакумент быў прыняты 15 сакавіка 1994 года – закон суверэннай беларускай дзяржавы, які ператварыў Рэспубліку Беларусь у самастойную і незалежную краіну. Асноўны Закон, па словах Прэзідэнта, адкрыў новую старонку ў шматвекавой гісторыі беларускага народа. Гэта знакавая падзея дазволіла рэалізаваць імкненне многіх пакаленняў беларусаў быць гаспадарамі на сваёй зямлі, жыць у вольным, справядлівым і шчаслівым грамадстве.

І гэта сапраўды так. Я ганаруся тым, што з’яўляюся маленькай часцінкай беларускага народа, які стварыў нашу дзяржаву. А народ у Беларусі і ёсць адзіная крыніца ўлады. Наша Канстытуцыя, на мой погляд, вытрымала выпрабаванне часам, таму што ў рэспубліцы забяспечваецца стабільнасць, згода і адзінства грамадзян, ды і з меркаваннем Рэспублікі Беларусь лічацца ў свеце.

Час, у якім жывём зараз, вельмі незвычайны, складаны і адначасова цікавы. Свет мяняецца, мяняюцца людзі. Нам, маладому пакаленню, вельмі важна бачыць гэты свет. У жыцці кожнага чалавека ёсць нейкія значныя вехі: пачатак і заканчэнне школы, паступленне ў вышэйшую ўстанову, першае рабочае месца, сямейнае жыццё… Пройдзе зусім няшмат часу, і я самастойна змагу стаць удзельніцай палітычнага жыцця краіны, самастойна ажыццяўляць свае правы і абавязкі згодна з законам. Атрымаю атэстат аб сярэдняй адукацыі. На конкурснай аснове ў мяне з’явіцца магчымасць бясплатна вучыцца ў ВНУ – гэта замацавана артыкулам 49 Канстытуцыі.

Даючы адукацыю, Канстытуцыя гарантуе работу, жыллё і многія іншыя важнейшыя грамадзянскія правы, пранізвае кожны дзень нашага жыцця. Усё бачу на прыкладзе сваіх землякоў, якія жывуць і працуюць побач, у сельскай мясцовасці – сем’ях жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў, будаўнікоў. Праблем многа. Хаця б узяць сціплыя заробкі, не ва ўсіх добраўпарадкаванае жыллё… Але людзі працуюць, стараюцца, імкнуцца жыць лепш. А гэта, як мне падаецца, паказвае і магчымасці, якія адкрывае нам Асноўны Закон, і патэнцыял краіны. Яна заклікае не сумаваць ад цяжкасцей, а дапамагаць адзін аднаму ў вялікім і ў малым, што і робяць мае землякі па сваім спрадвечным сялянскім разуменні. І калі будуць дзейнічаць так беларусы, то ўсё ў нас атрымаецца – у вялікім і ў малым: і ў нашых сем’ях, і ў нашай гаспадарцы, і ў нашай краіне.

Для мяне вялікае шчасце нарадзіцца і жыць у моцнай, мірнай і незалежнай дзяржаве. Як для грамадзяніна Рэспублікі Беларусь дзяржава стварае ўмовы для рэалізацыі розных правоў: на першы план ставяцца інтарэсы асобы, абарона правоў і свабод якой становяцца абавязкам дзяржавы. Вельмі важным з’яўляецца і тое, што Беларусь – сацыяльная дзяржава, якая імкнецца да забеспячэння кожнаму грамадзяніну годных умоў існавання, сацыяльнай абароненасці. Гэта, перш за усё, – клопат аб нас, дзецях, пенсіянерах, інвалідах, шмадзетных сем’ях, ветэранах вайны і працы. Спадзяюся, што такія катэгорыі насельніцтва заўсёды будуць абароненымі, бо Канстытуцыя замацавала гэта артыкулам 47. А самае галоўнае – дзе б мы ні былі, куды б ні выязджалі, можам разлічваць на дапамогу і падтрымку краіны, што гарантавана артыкулам 60. Яшчэ павінны памятаць, што наша Радзіма, наш родны дом – гэта блакітнавокая Беларусь. Яна заўсёды чакае нас, мы патрэбны тут.

Вывад, да якога прыйшла: Канстытуцыя – самы важны, галоўны дакумент у жыцці грамадства і кожнага чалавека. Стаўшы грамадзянінам краіны, разумею, што для мяне гэта не проста новая кропка адліку ў жыцці, але і новыя абавязкі. Адзін з іх – унесці свой уклад у росквіт Рэспублікі Беларусь, а не толькі быць спажыўцом усіх правоў і свабод, якія прадстаўлены Канстытуцыяй.

 

 



Добавить комментарий