Мы – грамадзяне Беларусі!

Важное Главное

ПЕРШЫ КРОК У ДАРОСЛАЕ ЖЫЦЦЁ

10 сакавіка кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 25 школьнікаў з розных рэгіёнаў, якім споўнілася 14 гадоў. У ліку “шчасліўчыкаў” быў і прадстаўнік ад Валожыншчыны – васьмікласнік ДУА “Ракаўская сярэдняя школа” Яўген АНІСОВІЧ.

У гэтыя дні Яўген стаў сапраўднай зоркай не толькі ў сваіх родных Юржышках і школе. Яго здымак з Прэзідэнтам краіны надрукаваны на 1-й старонцы газеты “СБ: Беларусь сегодня”!

“Я спачатку нават на паверыў, што мне так пашанцавала, – шчыра прызнаўся Я. Анісовіч падчас нашай размовы. – А калі прыехаў у Палац Незалежнасці на ўрачыстасць, акрамя вялікага хвалявання ніякіх іншых пачуццяў не змог адчуць. Быў вельмі ўражаны тым, што наш Прэзідэнт – звычайны чалавек, як і ўсе. І вельмі добры. Уручаючы пашпарт, ён пажадаў нам быць патрыётамі і абараняць сваю Радзіму”.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак ад кіраўніка дзяржавы кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і салодкія пачастункі. Пасля ўрачыстай цырымоніі вучні пабывалі на экскурсіі ў залах Палаца Незалежнасці – Яўгена асабліва ўразіла люстра ў кіназале вагой 2 тоны. Наведалі спецыяльны музей, дзе выстаўлены розныя падарункі, якія Прэзідэнту Беларусі дарыді кіраўнікі іншых дзяржаў і замежных дэлегацый, вядомыя дзеячы розных сфер.

Яўген Анісовіч – гаваркі, артыстычны, таленавіты і досыць развіты падлетак: стаў лаўрэатам раённага этапу абласнога конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці-2019” у намінацыі “Працоўная дзейнасць”. Без яго не абыходзіцца ні адно школьнае мерапрыемства, ён – актыўны кавэзэншчык, удзельнік гуртка народнай творчасці “Жаронцы”, што створаны пры Ракаўскім цэнтры народнай творчасці. А вось у будучым марыць стаць ветэрынарным урачом і працаваць у сельскай гаспадарцы, бо любіць жывёлу і хоча ёй дапамагаць.

“Пасля сустрэчы з Аляксандрам Рыгоравічам я прыйшоў да высновы, што трэба быць упэўненым у сваіх мэтах – выбраць дарогу і ісці па ёй”, – адзначыў Яўген.

Наш кар.

                                                                 __________________________________________________________________________________

 

Уручэнне 23 лепшым школьнікам сталічнай вобласці пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь прайшло ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Валожыншчыну прадстаўляла вучаніца 8 класа Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Кацярына СКРУНДЗЬ. Яна атрымала дыплом 3-й ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Упрыгожым Беларусь кветкамі” ў намінацыі “Кветкі Перамогі”, з’яўляецца членам зборнай каманды дзяўчат па баскетболе, футболе, якая заняла 2-е месца ў раённых спаборніцтвах. Самы галоўны ў жыцці дакумент і кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” маладзёжны лідар атрымала з рук старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра ТУРЧЫНА.

На мерапрыемстве губернатар Міншчыны цёпла і шчыра павіншаваў вучняў з Днём Канстытуцыі і адзначыў, што ў лёсе кожнага чалавека ёсць падзеі, якія застаюцца ў яго памяці назаўсёды. “Атрымліваючы пашпарт, вы робіце першы сур’ёзны крок у дарослае, свядомае жыццё, – падкрэсліў А. Турчын. – Месца гэтай урачыстай цырымоніі выбрана невыпадкова. Зусім хутка Беларусь шырока адзначыць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Хочацца, каб вы з юных гадоў адчувалі жывую сувязь з пакаленнем пераможцаў, подзвігі і тварэнні якіх дазваляюць сёння Міншчыне быць мацнейшым эканамічным цэнтрам Беларусі. Мы трывала ўтрымліваем лідзіруючыя пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе. Дынамічна развіваецца эканоміка і сацыяльная сфера. Аб гэтым неабходна памятаць і імкнуцца ўнесці свой уклад у агульную справу”.

У той дзень юныя грамадзяне Беларусі атрымалі магчымасць наведаць з экскурсіяй Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У ім – 11 вялікіх залаў і больш за 8 тысяч экспанатаў, сярод якіх сапраўдныя баявыя машыны, самалёты і нават грузавы вагон нямецкага эшалона. Храналагічная экспазіцыя ахоплівае больш за 30 гадоў гісторыі – з пачатку 1920-х да канца 1950-х гадоў мінулага стагоддзя. Але галоўны акцэнт – беларусы ў Вялікай Айчыннай вайне і іх неацэнны ўклад у Перамогу, якая ёсць не ў кожнага народа.

 

                                                                 __________________________________________________________________________________

 

Раённы этап усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!» прайшоў у РЦК у мінулую пятніцу.

Той дзень стаў асабліва хвалюючым і ўрачыстым для 19 хлопцаў і дзяўчат са школ раёна: яны ўжо дасягнулі значных для свайго ўзросту поспехаў у вучобе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай, спартыўнай, культурнай дзейнасці, спрабуюць свае сілы на алімпіядах, у творчых конкурсах, спаборніцтвах. Таму і былі вылучаны ў якасці лепшых маладых прадстаўнікоў Валожыншчыны для сапраўды гістарычнага ў іх жыцці моманту: урачыстага ўручэння пашпарта – галоўнага дакумента для кожнага грамадзяніна Беларусі.

З дзяржаўным святам, а таксама з прыемнай і вельмі важнай падзеяй школьнікаў павіншаваў старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ. “Мы ганарымся Асноўным Законам дзяржавы, які па праве стаў сімвалам і атрыбутам нашага суверэнітэту, – падкрэсліў Яўген Міхайлавіч. – Дзяржава паклапацілася, каб перад вамі былі адкрыты ўсе дзверы і ўсе дарогі. І толькі ад асабістай мэтанакіраванасці, упартасці і працавітасці залежыць, якіх вышынь вы і вашы равеснікі зможаце дасягнуць у будучым. Тут няма выпадковых людзей – сюды запрошаны тыя, хто ўмее паказваць прыклад іншым і весці за сабой. Цяпер ваша чарга развіваць, праслаўляць і абараняць Беларусь”. 

Таксама рабяты пачулі словы віншавання ад начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Вікенція Адамовіча, старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алены Клачко, якія, карыстаючыся магчымасцю, уручылі падзякі і сувеніры актывістам маладзёжнага руху.

Сярод ганаровых гасцей быў ветэран камсамольскага руху, ветэран працы і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Маляўскі. У сваім вітальным слове ён пажадаў маладому пакаленню ганарыцца тым, што яны – беларусы. Пабываўшы ў многіх краінах, Сяргей Сяргеевіч бачыў, што беларусаў заўсёды паважалі за працавітасць і добрапрыстойнасць.

На мерапрыемстве рабяты змаглі азнаёміцца з гісторыяй стварэння пашпарта – падрабязны экскурс зрабіла дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. Таксама школьнікам быў паказаны фільм пра Валожынскі край. 

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся невялікі канцэрт, падрыхтаваны юнымі выканаўцамі і салістамі раённага Цэнтра культуры.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Віталя МЫШЛЁНА



Добавить комментарий