Зрабіць рэгіянальную сістэму аховы здароўя Мінскай вобласці самай лепшай у Беларусі.

Безопасность и здоровье Важное Главное

Такую задачу паставіў перад медыцынскім корпусам сталічнага рэгіёну намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван МАРКЕВІЧ.

На мінулым тыдні ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра падвялі вынікі работы органаў і арганізацый аховы здароўя Мінскай вобласці за 2019 год і вызначылі асноўныя кірункі дзейнасці на 2020-ы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Наталля ЖУКАВА, кіраўніцтва Мінаблвыканкама, галоўныя ўрачы раённых бальніц, старшыня райвыканкама Яўген КРУКОВІЧ.

У фае кінатэатра была прадстаўлена фотазона Валожынскай ЦРБ, каля якой можна было атрымаць звесткі адносна свайго індэкса масы цела, дазнацца пра магчымасці яго карэкцыі, прычым анлайн, на сайце праз qr-код. Памочнік урача прапаноўвала даведацца пра ўзровень артэрыяльнага і ўнутрывочнага ціску і інш. Таксама работнікі райбальніцы аформілі стэнд пра гісторыю медыцыны раёна, ветэранаў працы і Вялікай Айчыннай вайны. Спецыялісты РЦГіЭ пазнаёмілі з рэалізацыяй праекта “Валожын – здаровы горад”.

Плянарнае пасяджэнне адкрыла начальнік Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Наталля Баярская (на здымку), якая дэталёва прааналізавала работу медыцынскіх устаноў у 2019 годзе. Як зазначыла Наталля Іларыёнаўна, Мінская вобласць – адна з самых вялікіх па колькасці насельніцтва ў краіне, дзе сельскія жыхары складаюць 43,5 працэнта. Як і ў большасці краін Еўропы, насельніцтва старэе – у асноўным за кошт зніжэння нараджальнасці: каэфіцыент складае 10,1 праміле на тысячу насельніцтва, што пакуль яшчэ перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык.

З мэтай паляпшэння абстаноўкі рэалізуецца дзяржаўная праграма “Здароўе насельніцтва і дэмаграфічная бяспека”, у рамках якой летась было выдаткавана 615 мільёнаў рублёў. Большая частка даведзеных мэтавых паказчыкаў выканана.

Разам з тым ёсць тыя, над якімі давядзецца сур’ёзна працаваць сёлета: гэта смяротнасць працаздольнага насельніцтва, дзіцячая смяротнасць, смяротнасць ад туберкулёзу, ужыванне алкаголю на душу насельніцтва і смяротнасць ад выпадковых атручванняў алкаголем. Канстатавалася, што больш памірае гарадское насельніцтва, аднымі з галоўных прычын па-ранейшаму з’яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту, новаўтварэнні, самагубствы і няшчасныя выпадкі. Зменшылася колькасць выпадкаў смерці ад анкалагічных захворванняў, па старасці, ад псіхічных расстройстваў, хвароб органаў дыхання.

Нягледзячы на імклівае развіццё інавацыйных тэхналогій практычна ва ўсіх галінах медыцыны, асноватворнымі і найбольш значнымі дасягненнямі ў кірунку аховы здароўя стала арганізацыя работы пярвічнага звяна. На канец 2019 года ў Мінскай вобласці працаваў 81 працэнт урачоў агульнай медыцынскай практыкі, 63 працэнты з якіх узаемадзейнічаюць у камандзе. Гэта дазволіла знізіць колькасць наведвання да вузкіх спецыялістаў амаль напалову, зменшылася колькасць выклікаў хуткай медыцынскай дапамогі, колькасць паўторных выклікаў. Для паляпшэння даступнасці медыцынскай дапамогі жыхарам маланаселеных і аддаленых вёсак у сямі раёнах вобласці арганізавана работа перасоўных медыцынскіх комплексаў. Сёлета будуць набыты яшчэ 5 такіх комплексаў.

Для стварэння камфортнага асяроддзя пацыентам у Стаўбцоўскай раённай бальніцы на базе паліклінікі рэалізуецца пілотны праект па ўкараненні новай арганізацыйнай мадэлі “Клапатлівая паліклініка”, ініцыіраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. У яго рамках была аптымізавана работа рэгістратуры, унутраная лагістыка пацыентаў, работа ўрачоў агульнай практыкі. Вынікам укаранення стала: скарачэнне часу чакання пацыентам у чарзе з 15 да 5 хвілін, са 120 да 60 хвілін зменшыўся час знаходжання пацыента ў паліклініцы, дазваніцца ў рэгістратуру цяпер можна за 3 хвіліны, а раней – за 12, час запісу на паўторны прыём скараціўся з 25 да 5 хвілін, замест вызначаных 10 хвілін да 20 павялічыўся час прыёму ўрачом пацыента, а дыспансерызацыю магчыма прайсці за 2 дні замест колішніх 12.

Разам з развіццём новых тэхналогій растуць і патрабаванні да медыцынскіх работнікаў. Павялічылася колькасць званкоў на “прамыя лініі” і ў Галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Мінаблвыканкама. Большасць пытанняў тычыліся рэцэптурнага водпуску на лякарствы, медыцынскага абслугоўвання, устанаўлення групы інваліднасці. Асноўная іх частка вырашалася ў той жа дзень. У адрас людзей у белых халатах паступіла і 341 падзяка, што на 40 працэнтаў больш, чым у 2018 годзе.

Падрыхтоўка медыцынскіх работнікаў і ўкамплектаванне арганізацый аховы здароўя кваліфікаванымі спецыялістамі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце. Забяспечанасць урачамі па вобласці складае 96 працэнтаў, сярэднім медыцынскім персаналам – 98.

На пасяджэнні таксама выступіла галоўны ўрач Стаўбцоўскай раённай бальніцы Святлана Глебка, якая пазнаёміла з работай перасоўнага медыцынскага комплексу. Намеснік дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра імя Аляксандрава, дацэнт, доктар медыцынскіх навук Наталля Ефіменка расказала пра цеснае ўзаемадзеянне раённых бальніц з іх установай у кірунку змяншэння колькасці анкалагічных захворванняў. Загадчык траўматалагічна-артапедычнай службы Мінскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Лінкевіч падрабязна спыніўся на станоўчых эфектыўных зменах, якія адбыліся ў правядзенні аперацый па замене тазасцегнавага і каленнага суставаў.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч падзякаваў медыкам за работу, а таксама паставіў перад імі задачу зрабіць рэгіянальную сістэму аховы здароўя сталічнага рэгіёну самай лепшай у рэспубліцы. У апошнія два гады ў гэтым кірунку зроблены значны крок: з 6-га месца яна ўзнялася на 3-е за 2019 год, а Стаўбцоўская раённая бальніца і ўвогуле заняла 1-е месца ў рэспубліцы. Таму раўняцца ёсць на каго. Паспяховая работа ў першую чаргу залежыць ад галоўнага ўрача, які, як падкрэсліў Іван Станіслававіч, павінен быць “прафесарам з вялікай літары”.

Намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач краіны Наталля Жукава адзначыла станоўчую дынаміку па цэлым шэрагу паказчыкаў і выказала спадзяванне, што яна знойдзе працяг і сёлета. У гэтым павінны дапамагчы садружнасць аднадумцаў і настроенасць на поспех, якія бачны ў штодзённай рабоце ўсіх, хто стаіць на варце аховы здароўя людзей у вобласці.

Прыемным момантам пасяджэння абласной калегіі аховы здароўя стала ўзнагароджанне медыцынскіх работнікаў Міншчыны за дасягненне высокіх вынікаў працы – заслужаных падзяк, грамат і медалёў удастоіліся 45 чалавек. У іх ліку – участковы тэрапеўт нашай райбальніцы Алена Лушчыцкая: ёй была ўручана Ганаровая грамата Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з чым шчыра яе віншуем!

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Віталя МЫШЛЁНА

 



Добавить комментарий