Так любілі паспяваць у адведках

Культура

  Цётка Ганька нарадзіла дзяўчынку. У нядзельку мы з мамай збіраемся ў адведкі. Мне дазволілі апрануць святочную сукеначку, беленькія шкарпэтачкі, абуць сандалікі. Сястра запляла коскі, завязала банцікі. Мама таксама хораша прыбралася. Яна разаслала на стале сурвэтку, на якую паклала ладны кусок кужалю – гэта на пялёначкі, затым – добры кавалак саланіны, некалькі скруткаў каўбасы, а зверху – пакунак з мядовымі пернікамі. І вось мы ідзём па вуліцы. Сустрэчныя жанчыны хоць добра ведаюць, куды мы ідзём, усё ж удакладняюць: “У адведкі?” “Ага”, – адказвае мама.

  Каля цётчынай хаты нас чакаюць іншыя сваякі са сваімі дочкамі. Мы чынна заходзім у хату. Цётка Ганька радасна з усімі цалуецца, падводзіць да калыскі. Усе хваляць народжаную, кажуць, што такая прыгожанькая дзяўчынка. А па мне дык і глядзець няма на што: тварык зморшчаны, чырвоны, вочкі закрытыя, толькі чмокае губкамі.

  Налюбаваўшыся на малую, жанчыны прымаюць запрашэнне перакусіць і чынна ўсаджваюцца за стол, які цётка Ганька запаўняе пачастункамі. А мы, дзеці, стрымгалоў нясёмся на вуліцу. Неўзабаве з хаты даносяцца песні. Найперш – вось гэта.

ПАСЕЯЛА АГУРОЧКІ

Пасеяла агурочкі

Нізка над ракою,

Сама буду паліваці

Дробнаю слязою.

Раслі, раслі агурочкі,

Чатыры лісточкі,

Не бачыла я мілога

Чатыры гадочкі.

ОЙ, ПАЙДУ Я ЛУГАМ,ЛУГАМ

Ой, пайду я лугам, лугам,

Дзе мой мілы арэ плугам.

Мілы арэ, а я плачу,

Маладыя леты трачу.

Панясу я яму есці,

Ці не скажа ён мне сесці.

Панясу я яму піці,

Ці не будзе гаварыці.

Ён наеўся і напіўся,

На межачку паваліўся.

– Што ты ляжыш, што думаеш,

Чаму са мной не гаворыш?

– Вось я ляжу і думаю,

Што нялюбу жонку маю.

– Ці ж ты, любы, быў напіўся,

Чаму са мной ажаніўся?

– Не хацеў я цябе браці,

Ажаніла мяне маці.

Адыдзіся, нелюбая,

Прыйдзе, сядзе тут другая.

– Няхай ідуць тры, чатыры,

Я старшая над усімі.

Бо пад сэрцам, Васілёчак,

Я нашу твайго сыночка.

Софія КАВЯЗА.



Добавить комментарий