Рэгіянальныя навіны

Региональные новости

На працягу года школьнікі нашага раёна праходзяць аздараўленне не толькі ў санаторыях, але і ў спецыялізаваных санаторных школах. На Міншчыне іх тры: Маладзечанская, дзе лечаць скаліёз, Уздзенская і Старабарысаўская.

Пуцёўкі ў большасць гэтых санаторных устаноў выдаюцца на вучэбную чвэрць. На працягу трэцяй чвэрці ў Маладзечанскай санаторнай школе знаходзіцца івянецкі школьнік, у Старабарысаўскай – тры дзіцяці з Вішнеўскага НПК. У Уздзенскай санаторнай школе праходзяць аздараўленне чатыры васьмікласнікі з Дорскага навучальна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. А з 21 сакавіка ім на змену заедуць тры вучні 4-га класа з Сакаўшчынскага НПК. Пуцёўкі ў гэтыя школы выдаюцца бясплатна.

 

Народны калектыў народнага гумару “Дубінскія фанабэры” ў сакавіцкія дні выступіў перад калектывам абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

У канцэртную праграму, якая працягвалася амаль дзве гадзіны, увайшлі не толькі гумарыстычныя мініяцюры дубінцоў, жартоўныя прыпеўкі, але і лірычныя песні розных гадоў. Іх выконвалі члены калектыву Вольга Дзедуль, Дзмітрый Завадскі, Ларыса Шарко, а таксама дырэктар Вішнеўскага СДК Дзмітрый Гурбан. Наогул, “Дубінскія фанабэры” вельмі мабільны калектыў. Яго выступленні ў апошні час пабачылі ў Дзержынове на святкаванні Масленіцы, у аграсядзібе “Бярозавы Двор” і іншых.

 

У рамках міні-праекта “Узаемадзеянне” наладжана супрацоўніцтва паміж Валожынскім краязнаўчым музеем і цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Праект пачаў дзейнічаць з 2020 года, і тэматыка экскурсій распрацавана на кожны месяц.

10 сакавіка выхаванцы цэнтра пабывалі ў “Падарожжы па гістарычных мясцінах Валожыншчыны”. Навуковы супрацоўнік Н. У. Бобрык зрабіла даступную і вельмі цікавую прэзентацыю па месцах, дзе дзеці ніколі не былі, пазнаёміла з помнікамі гісторыі і культуры, якія захаваліся да нашых дзён. Немалаважна і такая акалічнасць, што экскурсіі праводзяцца бясплатна.

 

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Ігар Сігаў – адзін з самых папулярных артыстаў краіны. Некаторы час ён з’яўляўся дырэктарам Тэатра беларускай драматургіі, зараз – у трупе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Яго заслугі адзначаны медалём Францыска Скарыны. Яшчэ Ігара называюць беларускім Дзмітрыем Мар’янавым, і не толькі за знешнее падабенства. Калі ролі ў тэатры акцёр выконвае выключна па-беларуску, то ў расійскіх серыялах, дзе здымаецца часта, безумоўна, на рускай мове.

Некалькі гадоў жыццё вядомага акцёра звязана з нашым раёнам. Ён набыў дом на хутары паміж вёскамі Доры і Раманаўшчына, дзе праводзіць час, калі не заняты на здымках ці ў спектаклях, адпачывае душой ад гарадскога тлуму і мітусні. І. Сігаў не цураецца мясцовых жыхароў, нават бывае ў гасцях у некаторых з іх.

 

Жыхарка райцэнтра Кацярына Пятровіч падавала надзеі ў лёгкай атлетыцы яшчэ калі вучылася ў СШ № 1 райцэнтра, а затым у ПТВ-208 (зараз сельскагаспадарчы ліцэй). У Мінску яна самааддана трэніравалася і марыла пра вялікія вынікі. Аднак спорт – не толькі шматлікія трэніроўкі, але яшчэ і вязенне. Здараецца, што да свайго зоркавага імгнення спартсмены ідуць гадамі, а некаторым не стае ўдачы.

Сёлета на VIII адкрытым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях Кацярыны Пятровіч-Атрошкіна заняла першае месца на дыстанцыі 200 метраў. Праўда, сярод ветэранаў ва ўзроставай катэгорыі 35-39 гадоў. Але перамога ад гэтага не стала менш каштоўнай. Кацярына не здрадзіла любімаму бегу, зараз яна трэніруе дзяцей.

 

На мінулым тыдні ў райцэнтры з’явілася яшчэ адно месца, дзе можна выпіць каву альбо гарбату. У кінатэатры “Юнацтва” адкрыўся ўласны кінабар.

Два сталы з лавамі ўстаноўлены непасрэдна ў фае, яшчэ адзін – у памяшканні бара. Бар невялікі – прыкладна на дваццаць пасадачных месцаў. Але наведвальнікам кінатэатра гэтага хопіць, каб перад ці пасля сеанса выпіць духмянай кавы, абмеркаваць убачаную кінакарціну. Сучасная машына-аўтамат прыгатуе некалькі варыянтаў кавы. Таксама тут можна набыць папулярныя сярод моладзі ласункі.



Добавить комментарий