Крэдыт на дом узяць і на свой густ пабудаваць

Общество Официально

Палепшыць жыллёвыя ўмовы ў раёне жадаюць прыкладна 190 шматдзетных сямей. Для вырашэння праблемы існуюць два шляхі – чакаць, калі распачнецца будаўніцтва шматкватэрнага дома, або будавацца ў індывідуальным парадку. Кожны варыянт мае свае “плюсы” і “мінусы”, а вось фінансавая падтрымка з боку дзяржавы гарантуецца пры любым варыянце (акрамя аперацый на рынку другаснага жылля).

На мінулым тыдні ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася сустрэча шматдзетных грамадзян з адказнымі службовымі асобамі раённай вертыкалі ўлады і кіраўнікамі банкаўскіх аддзяленняў. Аб тым, што будуць разглядацца важныя пытанні, яскрава гаварыла яўка – людзей прыйшло вельмі шмат. Першым слова ўзяў старшыня райвыканкама Яўген Круковіч. Ён шчыра падзякаваў сабраным за іх бацькоўскі подзвіг. Узяць на сябе адказнасць нарадзіць і выхаваць трое і больш дзяцей сёння рашаюцца далёка не ва ўсіх сем’ях. Нельга не звярнуць увагу і на такі момант: тыя мамы і таты, якія маюць аднаго-двух дзяцей пастараюцца забяспечыць нашчадкаў жыллём у сталіцы ці іншым буйным горадзе. Працаваць у раёне, як правіла, застаюцца выхадцы са шматдзетных сямей. Таму ім неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу і клопат. Але ўсё ўпіраецца ў грошы. Наш раён – датацыйны. А гэта значыць, бюджэтная сфера (будаўніцтва дарог, выдаткі на медыцыну, зарплаты настаўнікам, работнікам культуры і інш.) залежыць ад тых фінансавых патокаў, якія ідуць з вобласці. Зразумела, што і ўзвядзенне жылля пры такім раскладзе ідзе рэгламентавана.

На 2020 год запланавана пабудаваць 23100 метраў квадратных жылога памяшкання. З іх 6100 будуць знаходзіцца ў шматкватэрных дамах, 17000 – індывідуальнай забудовы. Відавочна, тыя грамадзяне, якія аддаюць перавагу асобным катэджам, акажуцца ў фаворы. Ім выпадае шанс самім прадумаць памер і планіроўку будучага радавога гнязда. Ды і тэмпы будаўніцтва індывідуальных дамоў зараз даволі прыймальныя: тыпавы каркасны ці панэльны будынак можна ўзвесці за тры-чатыры месяцы. А вось чарга на жыллё ў шматпавярхоўцы можа цягнуцца гадамі. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях будаўніцтва Ігар Балінаў, сёлета ключы ад трохпакаёвых кватэр атрымаюць толькі 20 навасёлаў. Астатнія заселяцца ў адна- і двухпакаёўкі. Для сямей, дзе падрастаюць трое і больш дзетак, будзе цеснавата нават у трох пакоях. Так што стаўку лепш рабіць на будаўніцтва індывідуальнага жылля. Участкі будуць выдзяляцца ў Валожыне, Ракаве, Івянцы і іншых населеных пунктах. Пра парадак ільготнага крэдытавання і выдзяленне субсідый расказала загадчык сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Занямонец.

Засяроджана была ўвага сабраных і на тым, што пры дзяржаўнай падтрымцы можна не толькі будавацца, але і рэканструяваць старое жыллё. На гэтыя мэты дазваляецца выкарыстоўваць і выдзяляемы дзяржавай сямейны капітал. На прававыя нюансы яго атрымання і рэалізацыі “праліла святло” начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Ракавец.

Мерапрыемства праходзіла ў фармаце дыялога, таму кожны жадаючы мог у любы момант задаць хвалюючае яго пытанне. Людзі такой магчымасцю скарысталіся і, мяркую, многія вярнуліся дадому з намерам вырашыць сёлета сваю жыллёвую праблему.

Алена ЗБІРЭНКА