Патрыятызм, духоўнасць, яднанне

Общество

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць…

Так напісаў пра сваю Радзіму вядомы беларускі паэт. Гэтыя словы міжволі прыгадаліся мне, калі я асэнсоўвала ўсё пачутае на 6-м Міжнародным медыяфоруме, які праходзіў у Мінску 22-25 чэрвеня. Яго тэма была сфармулявана так: “Партнёрства ў імя будучага: патрыятызм, духоўнасць, яднанне”. Пасланне ўдзельнікам гэтага мерапрыемства адрасаваў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. З дакладам на форуме выступіў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У. У. Макей.

Дэлегацыі больш чым з 20 краін свету прыехалі ў Мінск, у краіну, якая знаходзіцца на своеасаблівым перакрыжаванні трансеўрапейскіх магістралей. У рабоце форуму ўдзельнічалі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з Расіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Германіі, Францыі, Ізраіля, ЗША і іншых краін. Ім было з чым параўноўваць убачанае, пачутае. Па многіх пазіцыях “асацыятыўны рад”, скажам так, быў на карысць Беларусі.

Журналісты, палітолагі, выступаючы на пленарным пасяджэнні, якое праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску, не шкадавалі метафар і эпітэтаў, каб выказаць пазітыўныя ўражанні ад убачанага ў Беларусі. Да ліку бясспрэчных нашых заслуг былі аднесены наступныя. Беларуская мадэль развіцця надзвычай актуальная для постсавецкай прасторы. Наш козыр – паслядоўная палітыка сацыяльнай справядлівасці, пастаянная падтрымка з боку дзяржавы маламаёмных грамадзян, рэалізацыя маштабных праграм у сферы адукацыі, навукі, медыцыны, адраджэнне беларускай вёскі і г. д.

Многіх замежных удзельнікаў форуму, як яны прызналіся, настойліва адгаворвалі не ехаць у нашу краіну, якую некаторыя  лічаць “апошняй дыктатурай на Захадзе”. Але журналісты – народ цікаўны, захацелі ўбачыць усё на свае вочы і пераканацца, няўжо ў Беларусі ўсё на самай справе так дрэнна… Чорныя міфы псеўдапрапаганды рассеяліся, як туман. Убачанае ўпэўніла: перш чым судзіць пра краіну, трэба на яве пазнаёміцца з сітуацыяй. Знаёмства многім дазволіла зрабіць наступныя вывады. У Беларусі свята захоўваюць памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Беларусь стараецца “сшываць кавалкі” нашага агульнага гістарычнага мінулага, не супастаўляючы іх адзін аднаму. Беларусь імкнецца захаваць паспяховы вопыт сацыяльна-эканамічнага партнёрства. У нашай краіне падтрымліваюць у ідэальным стане помнікі і мемарыялы, і факт, пра які нядаўна расказвала вядомая расійская газета “Известия”, можна назваць нічым іншым, як злым выпадам. У Беларусі, падкрэслівалі з трыбуны форуму замежныя госці, пад  надзейнай аховай прыродныя багацці, вядзецца прадуманая экалагічная работа. Прыемна здзіўляе прыезджых і парадак на дарогах.

Сярод аратараў налічвалася нямала расіян. Яны былі аднадушныя ў такім вывадзе: нашы народы яднае вялікая дружба, якая грунтуецца на агульным гераічным мінулым. Таму ўжыванне ў тэлерадыёэфіры, на старонках газет такіх слоў, як “малочная, газавая войны”, яны лічаць недарэчнымі і надуманымі тэрмінамі. Ніякіх канфліктаў, супярэчнасцей паміж беларусамі і расіянамі не можа быць ніколі. Гэта блізкія адзін аднаму народы, расіяне з вялікай павагай і любоўю адзываюцца пра сваіх блізкіх суседзяў. Прагучала і такая красамоўная фраза: “Нараджаюцца па нацыянальнасці, а сяброў выбіраюць па сэрцы”. І гэты вывад крайне важны.

Удзельнікі форуму, якія прыехалі з-за мяжы, зазначылі, што за кардонам нярэдка пра нашу рэспубліку ці ўвогуле маўчаць, ці наўмысна гавораць і пішуць толькі дрэннае. І гэта ненармальна. Выкладчык факультэта журналістыкі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта выказаў здзіўленне наступным фактам. У некаторых расійскіх СМІ свядома замоўчвалі факт, што і беларусы летась дапамагалі расіянам тушыць пажары.

Нямецкія, польскія журналісты расказвалі, што ў многіх заходніх краінах ідзе свядомая прапаганда ўяўнага поспеху сваіх дзяржаў. На самай справе і ў высокаразвітых краінах праблем хапае. Напрыклад, з-за немагчымасці аплаціць за жыллё, многіх у Польшчы выкідаюць на вуліцу, працвітае беспрацоўе. У багатай Германіі галадае больш за 25 тысяч дзяцей. Успомнілі і эканамічна моцны Кітай. Здзівіў і наступны факт: у гэтай краіне ўвогуле не існуе такая мера сацыяльнай абароны, як працоўны водпуск.

Пра форум можна гаварыць яшчэ доўга. Бо кожнае са шматлікіх выступленняў было змястоўным, пазнавальным і ў значнай меры павучальным.

Адзін расійскі пісьменнік, звяртаючыся да слухачоў, а гэта ў асноўным прадстаўнікі беларускіх рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, не без пафасу сказаў наступнае: “Жадаю вам жыць сумленна і любіць сваю Айчыну”. Да гэтых слоў наўрад ці трэба дадаваць яшчэ што-небудзь. З надыходзячым ліпеньскім святам вас, паважаныя жыхары раёна! Яно – падстава для вялікай і поўнай радасці за нашу краіну, у якой нам выпаў гонар жыць!

З павагай – Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий