Служаць камфорту і прыгажосці

Общество

22 САКАВІКА – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ БЫТАВОГА АБСЛУГОЎВАННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА І ЖЫЛЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ

Акрамя прафесійнага свята, нашы камунальнікі адзначаюць яшчэ і 80-гадовы юбілей свайго прадпрыемства. У далёкім 1940 годзе, калі быў створаны Валожынскі раён, пры райвыканкаме арганізавалі і аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

РУП “Валожынскі жылкамунгас” – адно з вядучых прадпрыемстваў Валожыншчыны. Калектыў, якім вось ужо чацвёрты год кіруе дырэктар Міхаіл Унучак, умее не толькі зладжана працаваць, але і вольны час праводзіць з карысцю для здароўя душы і цела. Не раз камунальнікі станавіліся пераможцамі і прызёрамі спартыўных спаборніцтваў і конкурсаў мастацкай самадзейнасці раённага і абласнога ўзроўняў. Добрыя традыцыі закладзены такімі ветэранамі працы, як Аляксандр Бяляўскі, Марына Рута, Стафанія і Барыс Ліберкасы, Міхаіл Алешка і інш. Сярод сучасных спецыялістаў варта адзначыць энергетыка Алену Саевіч – адзіную ў вобласці жанчыну-энергетыка ў сферы ЖКГ. Бездакорна спраўляюцца са сваімі службовымі абавязкамі начальнік участка саначысткі Людміла Жаўток, экскаватаршчык Віктар Сівы, майстар участка добраўпарадкавання Таццяна Кузянкова, вадзіцель пагрузчыка Уладзімір Ліннік, загадчык склада Таццяна Вяршыцкая.      

Аднак у дэфіцыце застаюцца кадры інжынерна-тэхнічных прафесій, некваліфікаваных работнікаў. Некаторыя вузкія спецыяльнасці паступова мадэрнізуюцца. Пастаўлена задача, каб адзін чалавек мог абслугоўваць даручаны ўчастак, як тынкоўшчык ці маляр, сантэхнік ці муляр.

Нямала праблем дастаўляе зношанасць жыллёвага фонду. Некаторыя шматпавярхоўкі ўзводзіліся больш за трыццаць гадоў назад. Яны і эстэтычна не вельмі выглядаюць, і іх тэхнічныя характарыстыкі сігналізуюць пра неабходнасць абнаўлення. Сёлета запланавана капітальнае абнаўленне некаторых старых будынкаў.

Рэнтабельнасць, прыбытковасць, эканамічнасць – тры “кіты”, якія забяспечваюць поспех у камунальнай сферы. Як расказала начальнік планава-эканамічнага аддзела РУП “Валожынскі жылкамунгас” Людміла Клімовіч, яны навучыліся нядрэнна зберагаць энергарэсурсы. Кацельні зараз перааснашчаны эфектыўнымі камбінаванымі катламі. Яны выкарыстоўваюць газ, дровы, пялеты, шчапу.

 

9 сакавіка споўніўся роўна 31 год з таго дня, як Людміла Віктараўна ВОЙТАВА прыйшла працаваць у Валожынскі жылкамунгас. Зараз яна займае пасаду інжынера ЖЭУ.

Нялёгкі гэта ўчастак! Могуць і ў выхадны выклікаць на службу, і ў водпуску не дадуць адпачыць. Але і крыўдзіцца на такое нельга – фарсмажорныя абставіны прыходзяць без папярэджання. Шукаць шляхі выпраўлення самых праблемных пытанняў даводзіцца менавіта Людміле Віктараўне. За прафесіяналізм, сумленнае стаўленне да даручанай справы яна сёлета будзе ўзнагароджана нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”. Летась такую адзнаку атрымаў сантэхнік Аляксандр Кулак.

 

Больш за 55 тысяч кветак штогод высаджвае брыгада ўчастка добраўпарадкавання. Брыгада, безумоўна, гучыць сур’ёзна, хаця на самай справе складаецца яна ўсяго з трох жанчын. Адна з іх, Таццяна Сяргееўна КАЧАЛКА (на фота – злева), мае амаль адпаведную спецыяльнасць – вучылася вырошчваць агародніну. А зараз з’яўляецца “правай рукой” брыгадзіра Таццяны Кузянковай.

Кветкі хоць і лічацца ўпрыгажэннем часовым, ды догляду патрабуюць круглы год. Людзі яшчэ навагоднія ёлкі ў кватэрах трымаюць, а кветкаводы ўжо дбаюць пра падрыхтоўку глебы ў цяпліцы, сяўбу насення. Як парасткі ўбяруцца ў сілу, іх трэба пікіраваць, падкармліваць, рыхтаваць для высадкі ў адкрыты грунт. Потым – паліваць, палоць… Не памыліўся класік, калі гаварыў, што прыгажосць патрабуе ахвяр!

Матэрыялы падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА