Акно ў прыроду

Кругозор

Працягваем рубрыку “Акно ў прыроду” на 2020 год. Штомесячна будзем друкаваць матэрыялы аб назіранні прыродных з’яў, згодна з народнымі прыкметамі, па якіх можна прадказаць надвор’е: якой будзе наступная пара года, якім будзе ўраджай пладоў і ягад, грыбоў. Пазнаёмімся з ягадным і грыбным календарамі. Раскажам цікавыя звесткі пра тую ці іншую расліну, па якой можна прадказаць стан надвор’я на бліжэйшыя дні. Карыснымі будуць парады садаводу і агародніку.

САКАВІК

Сакавік – першы месяц вясны. Хоць і моцны яшчэ бывае мароз раніцай, але днём добра прыгравае сонца, і струменіць вада. На блакітным небе з’яўляюцца першыя кучавыя воблакі. Разам з тым надвор’е ў сакавіку найбольш зменлівае. У народзе кажуць: “Сёння грэе ды цячэ, а заўтра снег падае ды мяце”.

Дні прыкметна падаўжаюцца, а ночы скарачаюцца. Першай прыкметай абуджэння прыроды ў сакавіку з’яўляецца пачатак руху соку ў ствалах клёнаў, затым – у бяроз і іншых ліставых дрэў, паяўленне серабрыстых коцікаў на вярбе.

Дарэчы, сакавік – першы месяц на нашай тэрыторыі, калі сонца не толькі добра свеціць, але і грэе, а галоўнае – лечыць, таму што ўльтрафіялетавыя прамяні патрэбны кожнаму жывому арганізму: яны садзейнічаюць утварэнню пігменту, які засцерагае скуру ад неспрыяльнага ўздзеяння знешняга асяроддзя, узмацняе імунна-ахоўныя ўласцівасці арганізма, паляпшае працэс тэрмарэгуляцыі. Ультрафіялетавыя прамяні называюць іншы раз “прамянёвымі вітамінамі”, таму што дзякуючы ім у арганізме чалавека ўтвараецца вітамін Д, а таксама паляпшаецца абмен кальцыю і фосфару.

У гэты час адтае зямля, ажываюць палі. Фронт сельгасработ (падкормка азімых, ранняе ворыва) паступова перамяшчаецца з поўдня на поўнач і на паўночны ўсход. У поўным узбраенні павінны сустрэць дружнае абуджэнне прыроды ад зімовага сну садаводы, агароднікі, пчаляры-аматары. Іх задача – нічога не ўпусціць у сваёй паўсядзённай рабоце

 

КАРЫСНЫЯ ПАРАДЫ

САДАВОДУ

Паклапаціцеся, каб з нізкіх месцаў была спушчана вада, якая ўтварылася з талага снегу або зімовага дажджу, асабліва на пасадках клубніц.

Да набухання пупышак неабходна закончыць абрэзку дрэў. Абразаць сукі варта толькі пілой ці нажом, а не секатарам, таму што апошні дае мятыя раны, якія доўга не загойваюцца. Секатарам можна ўкарочваць галіны. Мэта абрэзкі – не дапусціць загушчэння кроны: перш за ўсё выразаюць сухія і абмерзлыя галінкі, затым тыя, якія моцна схіліліся ўзніз або перапляліся. Ні ў якім разе не пакідайце пянькоў. Раны добра зачышчайце, абмазвайце садовым варам або глінай. Маладыя дрэвы падразайце толькі ў крайнім выпадку, калі ёсць надломы ці пашкоджанні. Адхіліць сукі ў патрэбным напрамку можна і падпоркамі. Падмерзлыя ўчасткі кары асцярожна выражце нажом і замажце садовым варам.

Пры падрэзцы дрэў у сакавіку можна нарыхтаваць чаранкі. Зразаць на чаранкі трэба аднагадовыя, самыя здаровыя галінкі, што растуць не ў цяні кроны, а на сонечных месцах: пупышкі на такіх галінках добра развітыя, размешчаны адна за другой. Захоўваюць чаранкі ў вільготным рачным пяску, у халодным падвале або ў поліэтыленавым пакеце ў халадзільніку. Галоўнае, каб яны не засохлі і не распусцілі пупышак.

 

АГАРОДНІКУ

Сакавік, хаця і вясенні месяц, але агароднікі большасць работ яшчэ выконваюць у закрытым грунце. Рыхтуюць парнікі. Спачатку ў іх праводзяць дэзынфекцыю 10-працэнтным растворам каўстычнай соды ці слабым растворам хлорнай вапны. На дно парніка кладуць апілкі ці гной, наверх засыпаюць торфам ці зямлёй. Пасля можна высяваць расаду капусты альбо выстаўляць скрынкі з пасевамі расады.

Калі вясна цёплая, то ў апошнія дні сакавіка магчыма пасеяць у парніках радыску, салату, кроп, цыбулю на зяленіва.

У канцы сакавіка можна закласці на яравізацыю клубні ранніх сартоў бульбы, каб затым высадзіць іх на паўднёвых схілах, якія добра праграваюцца сонцам.

 

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

НА ЗАЎТРА

Прыляцелі гракі і дружна ўзяліся рамантаваць гнёзды – праз дзень-два чакайце цёплае надвор’е. Калі ж гракі прыляцяць рана, але за справу не бяруцца, а толькі лятаюць над гнёздамі, садзяцца на іх і зноў узлятаюць – холад яшчэ працягнецца некалькі дзён.

Рыба-галец ляжыць на дне акварыума – будзе сонечнае надвор’е, мітусіцца ўверх-уніз, управа-ўлева – да мокрага снегу ці дажджу. За суткі і больш да завірухі, змены ціску паветра ўюн у акварыуме матляецца знізу ўверх – муціць ваду.

Варона хавае дзюбу пад крыло, а гусь падціскае лапку – заўтра будзе мароз.

 

НА БОЛЬШ ПРАЦЯГЛЫ ЧАС

На праталінах, абрывах, схілах зацвіў падбел – да цяпла. Гэты ж прагноз характэрны і для красавіка.

На лёдзе ракі, возера з’явілася вада – хутка наступіць цяпло.

Калі воблакі ўзняліся высока над зямлёй і плывуць хутка – будзе добрае надвор’е.

Доўгія ледзяшы вісяць на стрэхах – будзе доўгая зіма і позняя вясна.

Калі на дзень веснавога раўнадзенства (22 сакавіка) надвор’е прыгожае, роўнае, цёплае – астатнія дні вясны і ўсё лета будуць такімі ж. А калі гэты дзень віхурны, дажджлівы, перападзісты – да такой жа вясны і лета.

 

ЗГОДНА З ДАТАМІ НАРОДНАГА КАЛЕНДАРА

4/19. Казімір (Казімер). “Прыйшло Казімера – зіма ўмера”, “Які Казімер, такім будзе на ўраджай памер”.

9/24. Янка. Абертас (Паўраценне). Дзень знаходжання (“обретения”) галавы Іаана Хрысціцеля. Прыкметы гэтага дня звязаны з паводзінамі птушак. Своечасовы прылёт абяцаў добры ўраджай хлеба; сініца запела – да цяпла; калі птушкі ўюць гнёзды з сонечнага боку дрэў, дамоў – да халоднага лета, і наадварот; калі дзяркач закрычыць раней за перапёлку, то коні ўсё лета будуць худыя, а калі перапёлка закрычыць раней за дзеркача – сытыя; калі дзяцел у гэты дзень затрымліваецца ў садзе, вясна будзе позняй.

14/1. Аўдакей (Аўдоння, Аўдоцця, Яўдокі). “Якая Аўдоцця, такое і лета”. “Аўдоцця прыгожая, і вясна прыгожая”, “Калі на Аўдоццю яснае надвор’е, то прадугадваецца добры ўраджай жыта, пшаніцы, травы”. “Дзень Аўдоцці сонечны – на агуркі і грузды”.

17/4. Герасім Гракоўнік. Дзень прылёту гракоў. “Герасім гракоў прыгнаў”. Існуе прыкмета: гракі сядзяць ужо ў гнёздах – на дружную вясну, калі лётаюць бязмэтна або зусім іх не бачна ў аселіцы – вясна будзе павольная, часцей – позняя.

19/6. Язэп. Феафан. У народзе прыкмячалі: калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канапель. Калі ў гэты дзень цёпла – будзе добры ўраджай на арэхі.

30/17. Аляксей цёплы (веснавы). Калі ў гэты дзень цёпла, то і вясна будзе цёплай.

 

ВЯДОМАЕ І НЕВЯДОМАЕ ПРА ВОЛЬХУ

У Беларусі вольху называюць алешына, альшына, альховіна, вольха. На Валожыншчыне больш прынятая і распаўсюджаная назва вольха.

У нашай краіне ёсць два віды вольхі: вольха чорная, ці ліпкая, і вольха шэрая, ці белая. Часцей сустракаецца вольха чорная. Дрэва адносіцца да сямейства бярозавых. Назву яна атрымала за цёмна-шэры колер кары, якая з узростам становіцца цёмна-бурай, чорнай. Ліпкай яе называюць за маладыя пупышкі і лісточкі, якія клеяцца, калі ўзяць іх у пальцы рук і трошкі сціснуць.

Вольха даволі прывабнае дрэва з прамым ствалом і прыгожай кронай. Ранняй вясной, калі ў лесе яшчэ ляжыць снег і большая частка раслін толькі прачынаецца ад зімовага пакою, пачынае цвісці, распускаючы на ветры пышныя завушнічкі. Заварожвае яна і зімой на фоне белага снегу сваімі цёмна-рудымі шышачкамі.

Гэта дрэва ў вялікай колькасці расце ў поймах рэк, у нізінах, на купінах забалочаных месцаў, утвараючы густыя, а часам і цяжка непралазныя зараснікі. На Валожыншчыне іх можна сустрэць па рацэ Заходняя Бярэзіна, каля вёскі Крыніца і паміж вёскамі Кражына-Калдыкі.

За трываласць драўніны вольхі ў вадзе яе выкарыстоўвалі ў свой час пры будаўніцтве зрубаў студняў, паляў для мастоў, млынкоў. Гісторыя сведчыць, што вольха ў вадзе можа захоўвацца некалькі тысяч гадоў, набываючы моц нараўне з дубам. Таксама яе драўніна цікавая тым, што мае ўласцівасці мяняць колер. У зрэзанага дрэва яна белая, а затым пачынае чырванець, калі падсохне – набывае чырванавата-ружаваты колер.

Чым яшчэ адметная вольха? Яе лісце ападае амаль што апошнім з дрэў глыбокай восенню і зялёным. Яна ўзбагачае глебу азотам: на карэннях вольхі пасяляюцца клубневыя бактэрыі, якія маюць уласцівасць паглынаць азот з паветра і затрымліваць яго ў глебе. Вось чаму крапіва любіць расці побач з вольхай.

Нягледзячы на тое, што драўніна вольхі мяккая і не моцная, яе выкарыстоўвалі пасля пэўнай падрыхтоўкі і апрацоўкі ў сялянскай гаспадарцы: з драўніны рабілі лодкі, начоўкі, засекі для захоўвання зерня, скрынкі для мукі, круп, насення. Паважалі лёгкую чырвона-ружовую з шаўковым бляскам драўніну вольхі і такарныя майстры: яна лёгка апрацоўваецца, а адпаліраваныя вырабы выглядаюць вельмі прыгожа.

У асноўным вольху выкарыстоўвалі ў якасці дроў для ацяплення хат ці атрымлівалі патрэбны якасны вугаль. Альховыя дровы не ўступаюць бярозавым. Калісьці іх нават называлі “царскімі”. Чаму? Для ацяплення царскіх пакояў нарыхтоўваліся і пастаўляліся дровы толькі з вольхі – у адрознне ад бярозы кара вольхі не ўтрымлівае дзёгцю, таму была меншая рызыка ўзнікнення чаднага атручвання.

У сённяшні час, дзякуючы аднароднасці будовы, прамасленасці, эластычнасці, драўніна вольхі выкарыстоўваецца пашырана для вытворчасці фанеры. Таксама яна – добры матэрыял для вырабу тары, багетаў, такарных вырабаў, для вытворчасці драўнянастружкавых і драўнянавалакністых пліт.

Кара, лісты, пупышкі, асабліва шышачкі карысныя і знаходзяць сваё прымяненне. З кары можна атрымліваць фарбу – чорную, светла-карычневую, жоўтую. Кара выкарыстоўваецца для дублення скуры. З кары і шышак робяць адвары і настойкі, якія валодаюць вяжучымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі і паспяхова выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне: паласканне горла, лячэнне страўніка. Свежымі лістамі, асабліва ліпкімі маладымі, лечаць нарывы і гнойныя раны. Асабліва карысныя лісты пры прастудных захворваннях, рэўматоідным поліартрыце, падагры. З лістоў чорнай вольхі робяць сухую ванну – такая працэдура дае эфект моцнага потавыдзялення.

З вольхай звязаны некаторыя прыкметы. “Калі вольха распусціць свой ліст раней за бярозу, чакай мокрага лета”, “Зацвіла вольха – сей грэчку”.

Вось такое гэта звычайнае і незвычайнае дрэва. Палюбіце вольху і беражыце – і яна заўсёды адкажа вам сваёй дапамогай і ўдзячнасцю.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў