Рэгіянальныя навіны

Региональные новости

12 сакавіка ў канферэнц-зале раённай бібліятэкі па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама за “круглым сталом” сабраліся кіраўнікі партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у раёне: Камуністычнай партыі, БРСМ, аб’яднання прафсаюзаў, Беларускага саюза жанчын, “Белай Русі”, савета ветэранаў, “Польска Мацеж Школьна” і некаторых іншых.

Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся ў той дзень, былі наступныя: святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі, выбары Прэзідэнта краіны, якія маюць адбыцца сёлета, падрыхтоўка да 620-годдзя Валожына. Выказана падаць свае прапановы па стварэнні малых архітэктурных форм і паляпшэнні ландшафтнага дызайну райцэнтра. Яшчэ адным важным пунктам праграмы былі выбары старшыні каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Старшынёй абрана галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і член большасці прадстаўленых грамадскіх фарміраванняў – Ганна Міхайлаўна Канановіч.

 

У сакавіку адразу ў двух лясніцтвах Валожынскага лясгаса змяніліся кіраўнікі.

Ляснічым Вішнеўскага лясніцтва прызначаны Ігар Пятровіч Лебядзевіч, які да гэтага працаваў памочнікам ляснічага Румскага доследна-вытворчага лясніцтва. А Ракаўскае лясніцтва ўзначаліў Валерый Міхайлавіч Сергіевіч. Яго ранейшае месца працы – майстар лесу Багданаўскага лясніцтва. Абодва маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа.

 

З 10 лютага па 9 сакавіка праходзіў раённы этап Рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “Салют Перамогі-75”. У творчым іспыце прынялі ўдзел 6 устаноў адукацыі: цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна і Івянецкі, гімназія № 1, сярэдняя школа № 1 райцэнтра, Яршэвіцкі і Сівіцкі ВПК. Работы былі прадстаўлены ў чатырох намінацыях: выяўленчае мастацтва, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, сачыненне (у вершаванай форме) і мастацкая фатаграфія.

16 лепшых работ адпраўлены на абласны этап конкурсу. Больш за ўсё яркіх самабытных работ было адзначана ў намінацыі дэкаратыўна-прыкладная творчасць, сярод іх 6 прадстаўляюць аб’яднанне па інтарэсах “Вясёлка талентаў” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, якім кіруе Святлана Вацлаваўна Кеўра. На абласны этап адпраўлены таксама набор святочных паштовак, фатаграфія, сачыненне (верш), жывапісная работа і падзелкі з самых розных матэрыялаў.

 

З 1 сакавіка дастаўку пошты ў 60 населеных пунктаў Ракаўскай і Гародзькаўскай зоны забяспечвае мотадастаўка Маладзечанскага раённага вузла паштовай сувязі. Адпаведна, скарацілася і колькасць паштальёнаў у гэтых аддзяленнях паштовай сувязі. Зроблена такое новаўвядзенне ў сувязі з аптымізацыяй лагістычнай схемы дастаўкі пошты. Час пакажа, наколькі яно мэтазгодна.

Непасрэдна ў Валожынскім участку паштовай сувязі працягваюць дзейнічаць 6 маршрутаў мотадастаўкі карэспандэнцыі. У пераважнай большасці яны ахопліваюць сельскія населеныя пункты.

 

У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў Валожыне распачаліся рамонтныя работы. Адзін з вялікіх кабінетаў (на тры акны) на першым паверсе пераабсталёўваюць пад гульнявы пакой.

Работы вядуцца за ўласныя сродкі, заробленыя ад пазабюджэтнай дзейнасці. Больш чым на 1000 рублёў ужо набыты неабходныя на дадзеным этапе будаўнічыя матэрыялы. Новы выгляд займеюць сцены, столь і падлога. Плануецца зрабіць міні-сцэну, дзе маглі б выступаць удзельнікі тэатральнай студыі, лялечнага гуртка і інш., пляцоўкі для інтэрактыўных гульняў.

 

13-14 сакавіка ў Мінску праходзіў 5-ы тур дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння.

Каманда, якая прадстаўляе наш ФАЦ, сыграла тры гульні. Валожынцы з лікам 71:58 перамаглі каманду “Цмокі-Мінск-1” і прайгралі камандам “Віцебскія мядзведзі” (56:59) і Смаргонскай СДЮШАР (42:50). Капітан каманды – Аляксей Яблонскі. Лепшым іграком гэтага тура прызнаны Данііл Калугін.