Ода сумленню, патрыятызму…

Официально

Спектакль, пра які я хачу расказаць, быў паказаны на сцэне раённага цэнтра культуры 22 чэрвеня, у дзень, калі адзначалася трагічная дата ў гісторыі не толькі беларускага народа.

Невялікая па ўмяшчальнасці валожынская зала, далёкая па сваіх мерках ад славутай сталічнай тэатральнай сцэны. Няма і тых звыклых высокамастацкіх дэкарацый, прафесіянальнага асвятлення, спецыяльных мікрафонаў, як у Купалаўскім у Мінску. Але ўсё роўна спектакль “Узлёт” успрымаўся на адным дыханні. Словы працінаюць! Як баліць сэрца, калі чуеш, што спалілі фашысты прыгожую вёску Бярозаўка на азёрнай Браслаўшчыне, што могільнікам яна стала… Вайна вінаватая, яна “ўсім мярзотнікам рукі развязала”.

…На сцэне разгортваюцца падзеі часоў Вялікай Айчыннай. Тры члены лётнага экіпажа – камандзір Барткевіч, штурман Грышчук і стралок Аляксей Вагура – аказаліся ў фашысцкіх засценках. Немка-псіхолаг па чарзе размаўляе з кожным з іх. Кожны з гэтых траіх апынуўся перад выбарам: вернасць ці здрада, жыццё ці смерць, гонар ці ганьба…

Не наша задача перадаваць дакладны змест драматычнай аповесці Аляксея Дударава, якая была таленавіта ўвасоблена на сцэне РЦК самадзейнымі артыстамі раёна. А. Дудараў – бліскучы драматург. Яго п’есы дэманстраваліся на самых лепшых тэатральных пляцоўках не толькі Беларусі, Расіі. Тонкі псіхалагізм, філасофія думкі, яркая моўная стылістыка робяць яго творы значнымі ў літаратурнай скарбонцы. Таму трэба ў нейкай ступені было мець нават смеласць “замахнуцца” мясцовым акцёрам на твор гэтага славутага драматурга, каб увасобіць у спектаклі. І на гэта рызыкнуў наш рэжысёр  Валерый Мазура. Думаю, што калі б у глядзельнай зале прысутнічаў аўтар аповесці “Узлёт”, то ён таксама шчыра апладзіраваў бы поспеху акцёраў з Валожыншчыны.

У спектаклі мінімум дзеючых асоб. Усяго некалькі цэнтральных вобразаў: члены экіпажа падбітага савецкага самалёта, іх маці, прадстаўнікі варожага боку – нямецкі псіхолаг і афіцэр войск СС. Але які вар варыцца ў душах гэтых людзей. Два процілеглыя бакі – нашы і немцы – адлюстраваны ў адным з эпізодаў вайны, які замыкаецца невялікай прасторай турэмнай камеры. Але гэты эпізод патрабуе ад чалавека наросхрыст паказаць свой унутраны стан, праверыць сябе наступнымі словамі: “Самае страшнае для чалавека не смерць. Самае страшнае – гэта, калі памірае душа”.

Пра выразныя дэкарацыі, музычнае суправаджэнне, сцэнічныя касцюмы, грым і іншы тэатральны “антураж” артысты паклапаціліся самі. Нямала часу занялі і вячэрнія рэпетыцыі, якім на працягу паўтара месяца аддавалі самадзейныя артысты свой вольны час пасля заканчэння працоўнага дня. Старанне ўвянчалася заслужаным поспехам. Прэм’ерны паказ зала сустрэла шчырымі апладысментамі. Таму гастрольны тур вырашана прадоўжыць…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий