У палях кіпіць работа

Аграрный сектор и промышленность

Амаль тыдзень шчыруе на сяўбе механізатар ААТ “Суднікаўскі” Уладзімір ШКЕЛЬ, чый працоўны стаж у гаспадарцы даўно перавысіў 20-годдзе. Адзін з лепшых прадстаўнікоў сваёй прафесіі на працягу 2019 года ўсміхаўся жыхарам і гасцям Валожына з раённай Дошкі гонару.

Ля вёскі Курдуны, заўзяты працаўнік сеяў авёс. На сёння толькі Уладзімірам Іосіфавічам засеяна больш за 80 гектараў. На палях гаспадаркі працуюць яшчэ 8 адзінак тэхнікі. Механізатары спяшаюцца правесці адказную вясеннюю кампанію хутка і якасна. Дзеля будучага ўраджаю арганізаваны ўвесь комплекс неабходных мерапрыемстваў – ворыва, закрыццё вільгаці, падкормка азімых азотам, унос арганікі, ачыстка палёў ад камянёў. Працаўнікі забяспечаны спецадзеннем, намаганнямі работнікаў сталовай наладжана харчаванне.

На полі, дзе працаваў У. І. Шкель, завіхаліся і прадстаўнікі агранамічнай службы. Галоўны аграном Аляксандр Юдэнка з памочніцай Алесяй Вітошкінай адзначалі разваротныя палосы. Ад гэтай работы таксама залежыць якасць сяўбы. Аляксандр Уладзіміравіч падзяліўся інфармацыяй пра тое, што ў бягучым годзе ў планах сельгаспрадпрыемства значыцца сяўба яравых культур на 510 гектарах. З іх зернебабовых – 60, ячменю – 300, пшаніцы – 50 і аўсу – 100 гектараў. Робіцца стаўка і на будучы ўраджай кукурузы. Пад гэту культуру адведзена 550 гектараў (50 – на насенне, 500 – на вытворчасць зялёнай масы).

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара