Соль Валожынскай зямлі

Кругозор Люди и судьбы Общество

…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект пад назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву. Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

 

Міхаіл Рыгоравіч ГРЫКА:

“Я ЎСЁ АДДАВАЎ – НІКОМУ НІЧОГА НЕ ШКАДАВАЎ…”

 

25 сакавіка 85-гадовы юбілей адзначае жыхар Валожына Міхаіл Рыгоравіч Грыка. 20 гадоў ён кіраваў медыцынай Валожыншчыны. Сваё прызначэнне на пасаду і першае ўражанне ад наведвання аб’ектаў медыцыны ў нашым раёне ўрач-хірург, якому на той час было крыху больш за 40 гадоў, ахарактарызаваў так: “Галоўны ўрач голай бальніцы”. Міхаіл Рыгоравіч не перабольшвае: асноўныя бальнічныя корпусы напрыканцы 70-х уяўлялі сабой разваліны. “Хацеў кінуць усё і паехаць назад”, – успамінае ветэран працы. Але… Актыўнасць, настойлівасць і цудоўныя дзелавыя якасці М. Р. Грыкі дапамаглі ўзрадзіць медыцыну ў раёне – істотна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу і вывесці галіну ў тройку лідараў у Мінскай вобласці.

Нарадзіўся герой аповеду ў вёсцы ў сялянскай сям’і. Бацька загінуў на вайне, і траіх дзяцей маці гадавала адна. Міша быў сярэднім паміж старэйшым братам і меншай сястрой. Пра тое, што стане медыкам, марыў з дзяцінства, хаця сам асабліва не хварэў. Пасля службы ў арміі разам з тысячамі камсамольцаў-актывістаў накіраваўся на падняцце цаліны. За харошую работу на асваенні цалінных і абложных земляў узнагароджаны Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Вярнуўшыся ў Беларусь у 1959 годзе, падаў дакументы ў Мінскі медыцынскі інстытут і паступіў з першага разу. “Якім хачу быць урачом – не ведаў. Вучыцца было цяжка, – кажа Міхаіл Рыгоравіч. – На той час у сталіцы непадалёк майго інтэрната жыла сястра – як прыйду да яе, дык хоць уволю наемся… Памятаю, як мы з аднакурснікам, два маладыя ўрачы, прыехалі на работу ў гарпасёлак Свір Мядзельскага раёна: ён – тэрапеўтам, а я – хірургам і  галоўным урачом 2-й раённай бальніцы. Амаль пятнаццаць гадоў аддаў менавіта рабоце са скальпелем.

Неяк раз да нас прыбыў з праверкай Мікалай Ігнацьевіч Уласевіч: яго толькі перавялі ў Мінскі абласны аддзел аховы здароўя, а датуль узначальваў Валожынскую райбальніцу. На яго месца яшчэ нікога не прызначылі, вось і параіў мне сваю былую пасаду. У Валожыне я не быў ні разу, але даў абяцанне, што з’езджу, пагляджу. Праз нейкі час мне паведамляюць, каб прыехаў туды. Як убачыў, куды патрапіў – ажно страшна стала. Не бальніца, а адны разваліны: асноўныя карпусы на вуліцы Беларускай, стаматалогія – на Савецкай, стацыянар – па вуліцы М. Горкага. Увесь бальнічны ўчастак заросшы шыпшынай. У хірургічным аддзяленні размяшчаліся хуткая дапамога, харчаблок і бухгалтэрыя: цесната настолькі, што галоўны бухгалтар Хрысціна Міхайлаўна Маркоўская разам з бухгалтарамі грошы налічвалі на лесвічных пляцоўках. І такая маркота агарнула – хацеў кінуць усё і паехаць назад…”

Але спалохацца і адступаць – не ў яго характары. Работу на новым месцы пачаў з будаўніцтва. Выпрасіў у галоўнага ўрача Пяршайскай участковай  бальніцы Аляксандры Фёдараўны Апацёнак два фінскія домікі, наняў шабашнікаў, і яны хуценька пабудавалі насупраць хірургічнага аддзялення адміністрацыйны будынак, куды перайшлі бухгалтэрыя і каса. Харчаблок быў у страшным стане – дыетсястра Ніна Іванаўна Яфрэмава ледзьве не плакала ад роспачы. Пабудаваў адзін – праўда, не зусім удалы аказаўся, а пасля – комплексны двухпавярховы, дзе зараз знаходзіцца адміністрацыя. Тут адвялі вялікае месца для бальнічнай аптэкі, якая месцілася ў санстанцыі. З цягам часу ўзняўся і пяціпавярховы тэрапеўтычны корпус, дзе размясціліся дзіцячае, два тэрапеўтычныя, фізіятэрапеўтычнае аддзяленні, прыёмны пакой і хуткая дапамога. Пасля яго ўвядзення ў строй пашырыліся плошчы радзільнага, гінекалагічнага, хірургічнага аддзяленняў. Адкрылася аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі на шэсць ложкаў.

 У 1992 годзе па вуліцы Гагарына адчыніла дзверы раённая паліклініка на 357 наведванняў у змену, што ў значнай ступені дазволіла палепшыць умовы знаходжання хворых і работы медыцынскага персаналу. Сюды з вуліцы Савецкай пераехала стаматалагічнае аддзяленне.

Шмат увагі надаваў галоўны ўрач і матэрыяльна-тэхнічнай базе вясковых лячэбна-прафілактычных устаноў: “з каменьчыка” былі пабудаваны Ракаўская ўчастковая бальніца на 40 ложкаў, двухпавярховая Вішнеўская амбулаторыя, капітальна адрамантаваны многія ФАПы, якіх тады налічвалася 32, і ўрачэбныя амбулаторыі.

Безумоўна ж, на такія маштабныя пераўтварэнні і будоўлі патрэбны былі вялікія грошы. І Міхаіл Рыгоравіч стукаўся ва ўсе дзверы – дайшоў да Савета Міністраў БССР, дзе яго пачулі і дапамаглі. Але самую істотную падтрымку аказвалі раённы выканаўчы камітэт на чале са старшынёй Анатоліем Уладзіміравічам Дылеўскім і загадчык фінансавага аддзела Іосіф Сігізмундавіч Савіч.

Працуючы ў камандзе са сваімі намеснікамі і загадчыкамі аддзяленняў, М. Р. Грыку ўдалося ўкараніць немедыкаментозныя метады лячэння: фізіятэрапеўтычнае, лячэбнай фізкультуры, фітатэрапіі, лазаратэрапіі, мануальнай тэрапіі, іголкаўколвання; новыя метады функцыянальных, ультрагукавых і клініка-біяхімічных даследаванняў.

Узначальваючы калектыў валожынскіх медыкаў, Міхаіл Рыгоравіч змог аб’яднаць медыкаў і стварыць сапраўдны калектыў аднадумцаў. Намеснікі галоўнага ўрача з’яўляліся яго моцнай апорай і падтрымкай, некаторыя з іх працавалі сем’ямі. Лявонцій Віктаравіч Антоненка быў намеснікам па медыцынскай часці, Анатолій Фёдаравіч Караленка – па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, яго жонка Хрысціна Міхайлаўна загадвала паліклінікай, Валянціна Фамінічна Шавярда адказвала за дзяцінства і родадапамогу, Анатолій Пятровіч Інфаровіч кіраваў хірургічным аддзяленнем, Аляксандр Анатольевіч Бараноўскі – тэрапеўтычным. У далейшым іх замянялі Фадзей Антонвіч Супрончык, Генрых Іванавіч Скорб, Мікалай Уладзіміравіч Пыжык.

“Быў строгі, патрабавальны, – прыгадвае Міхаіл Рыгоравіч. Рабіў усё магчымае, а часам – і немагчымае для медыцыны раёна, сваіх падначаленых і хворых людзей: усё аддаваў, нікому нічога не шкадаваў. Урачоў забяспечыў жыллём – раздаў пад дамы былыя карпусы па вуліцы Беларускай. Заўсёды стараўся жыць сумленна. Я і зараз так жыву”.

Нягледзячы на пастаянную занятасць, вялікую адказнасць, М. Р. Грыка вельмі любіў прыроду: ён – заўзяты рыбак, паляўнічы, грыбнік. А яшчэ – чалавек-морж. Сезон “маржавання” адкрываў у сакавіку, а заканчваў – у снежні. Водныя працэдуры закалялі, умацоўвалі дух, надавалі энергіі і сіл.

…За знешне сур’ёзным і часам суровым выглядам Міхаіла Рыгоравіча Грыкі хаваецца вялікая душа. Гэта добра ведаюць тыя, хто працаваў з ім побач. Прафесійнымі сцежкамі бацькі пайшлі два сыны – абодва працуюць хірургамі: Валерый – у хірургічным аддзяленні нашай бальніцы, а Сяргей – у Мінскай абласной. Нявестка Ірына – урач-гігіеніст РЦГіЭ. Унучка-выдатніца Наталля таксама зараз вучыцца на ўрача. Калі ты бачыш свой працяг у справе, якой аддаў жыццё, адчуваеш сапраўднае шчасце і гонар.

Шаноўны Міхаіл Рыгоравіч! Калісьці “голая бальніца” дзякуючы Вам стала адной з паспяховых. Закладзены моцны фундамент дае магчымасць ёй і зараз трымацца ў залатой сярэдзіне. Дзякуй Вам за працу, чалавечнасць, мудрасць і прафесіяналізм! Моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, людской павагі і пашаны!

Алена ЗАЛЕСКАЯ