Падарожжа па Валожыне…

Культура

Дом кожнага з нас знаходзіцца на пэўнай вуліцы, а, у прыватнасці, у нашым райцэнтры іх 59, калі не лічыць завулкаў. Многія з іх носяць імя пэўнага выдатнага чалавека, а кім быў той ці іншы дзеяч, не ўсім вядома… Як казаў першы касманаўт Юрый Аляксеевіч Гагарын: “Паехалі!” (дарэчы, як вядома, і яго імя мае адна з вуліц райцэнтра і нават помнік касманаўтам стаяў некалі на валожынскай плошчы Свабоды). А вось прамое дачыненне да здзяйснення гэтага палёту належыць першай знакамітай асобе публікацыі.

Вуліца акадэміка Каралёва

Сяргей Паўлавіч Каралёў (1907-1966) – канструктар і арганізатар вытворчасці ракетнай тэхнікі і ракетнай зброі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, кіраўнік савецкай касмічнай праграмы. Яшчэ ў школе праявіў выключныя здольнасці і вялікую цягу да новай у той час авіяцыйнай тэхнікі. Падумаць толькі, з 16 гадоў ён – лектар па ліквідацыі авіянепісьменнасці, а з 17 – аўтар праекта безматорнага самалёта “К-5”, афіцыйна абароненага перад кампетэнтнай камісіяй. Прыродная адоранасць Каралёва атрымала навуковую “агранку” і напаўненне за гады вучобы ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы імя Баўмана. Пазней, пад кіраўніцтвам таленавітага арганізатара і буйнога вучонага былі створаны многія балістычныя і геадэзічныя ракеты, ракеты-носьбіты, пілатуемыя касмічныя караблі “Усход”.

Каралёў – ключавая асоба ў асваенні чалавекам космасу. Дзякуючы яго ідэям, упершыню ў свеце быў здзейснены запуск штучнага спадарожніка Зямлі і першага касманаўта планеты Юрыя Гагарына.

Памяць аб подзвігу ў мінулай вайне ўвекавечана ў назвах валожынскіх вуліц, і гэтыя імёны варта ведаць.

 

Вуліца Букштыновіча

Міхаіл Фаміч Букштыновіч (1892-1950), наш зямляк, вядомы як начальнік штаба 3-й ударнай арміі, генерал-лейтэнант.

 

Вуліца Васіля ШчАрбіны

Васіль Васільевіч у гады Вялікай Айчыннай з’яўляўся камандзірам разведвальна-дыверсійнага партызанскага атрада на тэрыторыі Віцебскай і Мінскай абласцей. За ўзорнае выкананне баявых задач у тыле ворага і заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі маёру В. В. Шчарбіне пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Каля СШ № 1 горада Валожына ўстаноўлены бюст Герою.

 

Калі не называць прозвішча наступнага героя, а толькі коратка апісаць яго подзвіг, упэўнены, усе здагадаюцца.

 

Вуліца Гастэлы

Мікалай Францавіч Гастэла – вядомы савецкі лётчык, браў удзел не толькі ў Вялікай Айчыннай вайне, але і ў баявых дзеяннях на Халхін-Голе, а таксама ў руска-фінскай вайне. Да пачатку Вялікай Айчыннай камандаваў эскадрылляй бамбавікоў. 24 чэрвеня 1941 года Гастэла збіў варожы «Юнкерс-88». Праз два дні, падчас баявога вылету 26 чэрвеня 1941 года, яго самалёт падбілі. Камандзір эскадрыллі Гастэла накіраваў свой падпалены самалёт на нямецкую аўтакалону і пратараніў яе. Званне Героя Савецкага Саюза яму прысвоена пасмяротна.

 

Вуліца Гасціловіча

Антон Іосіфавіч Гасціловіч (1902-1975) – выдатны савецкі военачальнік. Удзельнічаў яшчэ ў грамадзянскай вайне, пасля, атрымаўшы ваенную адукацыю, праходзіў службу на розных пасадах. Талент военачальніка ў гады Айчыннай вайны асабліва праявіў, кіруючы корпусам, а пасля і адной з армій. Узнагароджаны ордэнам Суворава 1-й ступені. Антону Іосіфавічу прысвоена званне генерал-палкоўніка.

 

Вуліца Дзяржынскага

Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі (1877-1926) – актыўны дзеяч рэвалюцыйнага руху, адзін з заснавальнікаў органаў бяспекі і разведкі. Узначальваў Усерасійскі Надзвычайны камітэт (ВЧК) па барацьбе з контррэвалюцыяй. Ён нязменна заставаўся на чале органаў дзяржаўнай бяспекі (ВЧК, з 1922 – ГПУ, ОГПУ) да самай смерці.

 

Вуліца Казінца

Ісай Паўлавіч Казінец – адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага падполля, сакратар падпольнага гаркама. Пад яго кіраўніцтвам мінскія падпольшчыкі арганізоўвалі праслухоўванне радыёперадач і распаўсюджвалі зводкі Савінфармбюро, антыфашысцкія матэрыялы, здзейснілі дыверсійныя акты супраць акупантаў. Ісай Паўлавіч быў схоплены гестапа. Ён сам і 28 яго паплечнікаў былі расстраляны 7 мая 1942 года ў цэнтры Мінска. У 20-ю гадавіну Перамогі І. П. Казінцу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

 

Вуліца Калініна

Міхаіл Іванавіч Калінін (1875-1946) – савецкі дзяржаўны дзеяч, уваходзіў у бліжэйшае акружэнне Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. З 1922 года ўзначаліў орган дзяржаўнай улады – Цэнтральны выканаўчы камітэт. Як выхадзец з сялянскага асяроддзя, ён увасабляў уладу народа. Яго называлі “ўсесаюзны стараста”.

 

Вуліца Карла Маркса

Карл Маркс (1818-1883) – найбольш значны з усіх сацыялістычных мысляроў, стваральнік тэорыі марксізму. Амаль непрызнаныя пры жыцці, асноўныя сацыяльныя і палітычныя ідэі Маркса атрымалі шырокае пашырэнне пасля яго смерці. Над магілай свайго сябра Энгельс па-прарочы сказаў: «І імя яго, і справа перажывуць стагоддзі». Яшчэ ў канцы 1980-х гадоў амаль палова насельніцтва зямнога шара жыло ў краінах, дзе прапагандаваліся марксісцкія ідэі…

 

Вуліца Кірава

Сяргей Міронавіч Кіраў (сапраўднае прозвішча – Кострыкаў) (1886-1934) – савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч. Першы сакратар Ленінградскага абласнога камітэта Усерасійскай Камуністычнай партыі бальшавікоў і член Палітбюро ЦК.

Дзейнасць Кірава непасрэдна тычылася і калектывізацыі, ліквідацыі кулацтва на паўночным захадзе. Пад яго кіраўніцтвам адбывалася будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала.

 

Вуліца Максіма Багдановіча

Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу, паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык. Годнае выхаванне спрыяла таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім спрабаваў пісаць мастацкія творы па-беларуску. Першы значны твор – празаічнае апавяданне “Музыка” – адразу ж было надрукавана ў “Нашай ніве”. Цяжкія выпрабаванні выпалі на маладога Багдановіча, ад цяжкай хваробы памёр яго старэйшы брат, у хуткім часе і сам Максім захварэў на туберкулёз. Тут і з’яўляюцца першыя лірычныя вершы “Над магілай”, “Прыйдзе вясна”, “На чужыне”. Дзеля падтрымкі здароўя з бацькам паехаў у Крым. З 1909 года яго вершы не сыходзілі са старонак “Нашай нівы”. Паэт актыўна займаўся распрацоўкай канцэпцыі развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ стагоддзя. У Вільні ў друкарні Марціна Кухты выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча «Вянок». На вершы Багдановіча запісваліся музычныя творы. Некаторыя з іх сталі народнымі песнямі.

У бягучым, 2011 годзе, дарэчы, адзначаецца 120-я гадавіна з дня нараджэння класіка.

І так, гэта толькі частка таго спісу герояў, таленавітых літаратараў, гістарычных постацей, імёнамі якіх названы вуліцы Валожына. “Але гэта не ўсё!” – справядліва ўсклікнуць жыхары вуліц Максіма Гарэцкага, Горкага, Агінскага, Сахарава, Скарыны і іншых, яшчэ не названых. Дык вось, расказ пра тое, хто гэтыя дзеячы, на вуліцах якіх вы жывяце, у наступнай публікацыі.

Вадзім МІНЦЕЛЬ,

жыхар горада Валожына.

 



Добавить комментарий